Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэля 2014 далі за змаганьне за правы дзяцей і моладзі


Малала Юсуфзай

Малала Юсуфзай

Нобэлеўскую прэмію міру за 2014 год атрымалі Кайлаш Сат’яртхі і Малала Юсафзай «за іх змаганьне супраць уціску дзяцей і моладзі, а таксама за правы маладых людзей і права ўсіх дзяцей на адукацыю».

Кайлаш Сат’яртхі — індыйскі абаронца правоў дзяцей. Ад 1990-х гадоў браў актыўны ўдзел у руху супраць дзіцячай эксплюатацыі. Ягоная арганізацыя вызваліла больш за 80 тысячаў дзяцей ад розных формаў рабства, дапамагла іх пасьпяховай інтэграцыі ў грамадзтва, рэабілітацыі і адукацыі.

Кайлаш Сат’яртхі ўратаваў дзясяткі тысячаў жыцьцяў. Калі яму было 26 гадоў, ён адмовіўся ад выгаднай кар’еры інжынэра-электрыка і прысьвяціў жыцьцё дапамозе мільёнам дзяцей у Індыі, якіх уплывовыя і карумпаваныя бізнэсоўцы і земляўласьнікі змушаюць да рабскай працы. Ягоная першапачатковая ідэя была сьмелая і небясьпечная. Ён вырашыў арганізоўваць рэйды на фабрыкі — часта забясьпечаныя ўзброенымі ахоўнікамі — дзе ў працоўнай няволі ўтрымліваліся дзеці, а часам і цэлыя сем’і.

Пасьпяхова вызваліўшы тысячы дзяцей, ён стварыў глябальны рух супраць працоўнай эксплюатацыі дзяцей. Сёньня Кайлаш узначальвае Глябальны марш супраць дзіцячай працы, які аб’ядноўвае каля 2000 арганізацыяў і прафсаюзаў у 140 краінах.

Малала Юсуфзай — пакістанская дзяўчына, актывістка за права на роўную адукацыю для жанчын. Яна стала сымбалем змаганьня за роўныя правы дзяўчат на адукацыю ў грамадзтвах, у якіх традыцыя вызначае жанчыне другарадную ролю ў публічным жыцьці.

Ад 11 гадоў яна вяла блог для брытанскай мэдыйнай карпарацыі Бі-Бі-Сі, распавядаючы аб становішчы яе аднагодкаў і бацькоў, якія жывуць у пакістанскім рэгіёне Сват.

У 2012 годзе па Малале, якая вярталася са школы, стралялі талібы і сур’ёзна яе паранілі. Жыцьцё дзяўчынцы ўратавалі лекары ў Вялікабрытаніі. Летась яна атрымала прэмію Сахарава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG