Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольным заўзятарам далі арышты і штрафы

абноўлена

Фармальна большасьць заўзятараў судзілі за нецэнзурную лаянку.

12:36 10.10.2014

Некаторых украінскіх фанатаў, затрыманых пасьля ўчорашняга матчу ў Беларусі, пачалі звальняць пасьля ўмяшаньня прэзыдэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку прэс-сакратар украінскага кіраўніка Сьвятаслаў Цаголка.

«Прэзыдэнт Украіны даручыў МЗС тэрмінова забясьпечыць консульскую абарону для неадкладнага вызваленьня і вяртаньня дадому ўсіх затрыманых у Беларусі ўкраінцаў. Па стане на гэты час, па дадзеных МЗС, трое з 15 затрыманых ужо вызвалілі,» — напісаў ён.

12:24 10.10.2014

У Барысаўскім раённым судзе 12 беларускіх фанатаў асудзілі да штрафаў за лаянку ў грамадзкім месцы пад час учорашняга футбольнага матча. Усе беларускія заўзятары атрымалі па 600 тысяч рублёў штрафу. Пры гэтым украінцаў засуджваюць да 5-10 сутак арышту.

Працэсы працягваюцца. Цяпер судзяць хлопца, які запаліў на стадыёне фаер.

11:57 10.10.2014

Адзін з затрыманых украінскіх фанатаў прысуджаны да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Хлопца абвінавацілі ў тым, што на яго вопратцы быў налеплены стыкер з выявай кельцкага крыжа. Украінскі консул заявіў, што амбасада будзе падаваць ноту ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з нагоды масавага арышту грамадзянаў Украіны на тэрыторыі Беларусі.

11:38 10.10.2014

У судзе Барысава цяпер знаходзяцца 13 затрыманых украінскіх заўзятараў. Ужо адбыўся разгляд спраў 6 чалавек, усім далі па 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Фармальна ўкраінцаў судзяць за нецэнзурную лаянку. У суд прыбыў таксама консул Украіны.

Некаторыя з асуджаных за нецэнзурную лаянку на стадыёне, былі затрыманыя перад матчам за тое, што несьлі ўкраінскія сьцягі.

11 затрыманых беларусаў будуць судзіць пасьля абеду.

Супраць аднаго з затрыманых украінцаў завялі адміністрацыйную справу за нібыта нацысцкую сымболіку.

Як паведамілі Радыё Свабода ва ўправе міліцыі Менскага аблвыканкаму, усяго пасьля матча Беларусь – Украіна быў дастаўлены ў Барысаўскі РУУС 41 чалавек. Зь іх 25 затрымалі, астатніх адпусьцілі пасьля высьвятленьня асобы. З 25 затрыманых 14 – грамадзяне Ўкраіны. У дачыненьні да затрыманых склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкулаў 17.1. (дробнае хуліганства), 17.3. (піцьцё алькагольных напояў у грамадзкім месцы), а адзін – паводле артыкула 17.10. (прапаганда або публічнае дэманстраваньне нацысцкай сымболікі) Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Беларусі.

XS
SM
MD
LG