Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусы крычалі «Слава Ўкраіне!», украінцы — «Жыве Беларусь!»


Пра незвычайную сяброўскую атмасфэру на ўчарашнім футбольным матчы «Беларусь—Украіна» для Свабоды піша адзін з гледачоў дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус.

"На матч патрапіў выпадкова: убачыў у Фэйсбуку, што кампанія «Гавары праўду» арганізуе аўтобус у Барысаў. Квіток набыў ужо на месцы на сэктар D, дзе разьмясьціўся беларускі фан-сэктар «B12», каштаваў квіток 45 тысяч.

На першыя 10 хвілінаў матчу не пасьпеў, хоць і прыехалі заранёў, не ведаю як на астатнія сэктары, але на гэты прапускалі вельмі марудна і дасканала ўсіх правяралі. Таму што адбываецца на стадыёне спачатку давялося слухаць, а не бачыць.

Камэнтатарам на стадыёне быў Навіцкі, які камэнтаваў выключна па-беларуску, ён жа і паведаміў, што на стадыёне прысутнічала больш за 10 тысяч чалавек.

З першых хвілінаў беларускі і ўкраінскі фан-сэктары, якія знаходзіліся насупраць адзін аднаго за варотамі з двух бакоў стадыёну,зацягнулі разам ляпісаўскую песьню «Воіны Сьвету», украінскія заўзятары заводзілі «Жыве Беларусь!», беларускія — «Слава Украіне!», на што ўкраінцы адгукаліся «Героям слава!», разам сьпявалі «Пуцін х..ло», «Хто не скача — той маскаль».

Ну і зразумела, што кожны фан-сэктар выконваў і свае крычалкі і песьні, беларусы, пераважна, па-беларуску.

Ня гледзячы на даволі сур’ёзную праверку на ўваходзе, на сэктары было прыемна заўважыць шмат людзей з нацыянальнай сымболікай, у другім тайме беларусы нават разгарнулі разам блакітна-жоўты і бел-чырвона-белы сьцягі.

Такім яднаньнем на стадыёне, а не супрацьстаяньнем, гэтым вечарам беларусы і ўкраінцы паказалі сапраўдныя братэрскія адносіны, салідарнасьць і павагу.

Упершыню і для мяне не быў важны вынік гульні, бо гэты матч, дзякуючы сяброўскай атмасфэры, стаў сапраўдным сьвятам, якое разам зрабілі заўзятары Беларусі ды Украіны".

XS
SM
MD
LG