Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцекачы з Данбасу. Хацелі ў Расею, а едуць у Беларусь


Жыхары Данбасу хаваюцца ад абстрэлаў

Жыхары Данбасу хаваюцца ад абстрэлаў

Журналістка газэты «Народная воля» Любоў Лунёва дасьледавала настроі ўцекачоў з Данбасу, якія прыехалі ў Менск, хаваючыся ад вайны.

Мы з вамі сталі сьведкамі дрэнна вытлумачальнага парадоксу. З аднаго боку, сытуацыя на Данбасе ў суседняй Украіне стабілізуецца, але зь іншага — чым спакайней становіцца ў гарадах Луганскай і Данецкай абласьцей, тым больш жыхароў гэтага рэгіёну зьяўляецца ў нас. Чаму?

Першая сустрэча

... Практычна адначасова са мной на паркоўку заяжджае машына з украінскімі нумарамі. Зь яе выходзяць дзьве маладыя пары. Разгаварыліся. Жанчына прадставілася Ірынай. Распавядае:

— Мы самі з Данецку. Вось прыехалі сюды, бо там заставацца немагчыма. Хочам уладкавацца ў Беларусі, уладкавацца на працу. Кватэру на чатырох нанялі за 35 даляраў у суткі, таму што не было часу шукаць іншую. Увогуле, першы дзень тут.

— А чаму менавіта цяпер прыехалі? У вас жа ўсё паступова супакойваецца. Да таго ж «асаблівы статус»...

— Ня трэба нам ніякага асаблівага статусу! Мы будзем жыць у Данбасе толькі пры ўмове, што ён увойдзе ў склад Расеі! Расея — тая краіна, у якой мы хочам жыць! Спадзяюся, чакаць прыйдзецца нядоўга. А ва Ўкраіне нідзе нам жыцьця няма. Вось мы з мужам цэлы месяц спрабавалі жыць у Днепрапятроўску. І ўявіце: неяк у курылцы муж сказаў, што нядрэнна было б, калі б тая частка Ўкраіны, дзе Данбас і такія

Мы будзем жыць у Данбасе толькі пры ўмове, што ён увойдзе ў склад Расеі! Расея — тая краіна, у якой мы хочам жыць!

вобласьці, як Запароская, Днепрапятроўская, Харкаўская, Адэская, Мікалаеўская, адышлі да Расеі. Дык яго проста абражаць пачалі! І здраднікам, і прыдуркам абзывалі, а на наступны дзень байкот абвясьцілі — проста перасталі зь ім размаўляць. Увогуле, проста выжылі з працы, і ўсё тут. Хіба можна жыць у такіх умовах? А я ж вучылася ў Днепрапятроўску. Быў нібыта нармальны горад. Мы, большасьць жыхароў Данбасу, выступалі за аддзяленьне з самага пачатку, таму што надакучыла карміць заходнюю частку. Яны ж там жыруюць за наш кошт, а мы «ўколваем». Я працавала мэдсястрой, дык зусім капейкі атрымлівала.

— А ў мэдсястры ў Львове ці ў Адэсе зарплата нашмат вышэйшая за вашу?

— Ну, яна, вядома, не адрозьніваецца, але ў нас жа пыл, экалёгія дрэнная. У нас жа шмат прадпрыемстваў — суцэльная прамзона.

— А ў Расеі, на «Нарыльскнікелі», напрыклад, ці ў іншых прамзонах з экалёгіяй лепш?

— Я разумею, да чаго вы хіліце... Вядома, справа ня толькі ў экалёгіі. Проста Данбас — гэта частка Расеі. Так усё карэнныя жыхары лічаць. Ну, ва ўсякім выпадку, большасьць. Мы — частка Расеі, мы любім Расею і хочам жыць у Расеі.

— Тады мне незразумела: ад Данецку да мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй 120 кілямэтраў. Але вы праехалі ў адваротны бок паўтары тысячы кілямэтраў, каб апынуцца ў Беларусі? Хоць сказалі, што жыць хочаце ў Расеі...

— Ну, нам тут падабаецца. Чыста ўсюды, людзі зычлівыя. Дома нам сказалі, што ў Беларусі ўсіх з Данбасу прымаюць, без праблемаў. Дый тут практычна Расея. Неўзабаве проста ўсё фармальна аформіцца. Ваш прэзыдэнт, як і наш Януковіч, сябруе з Расеяй. У вас тут усе па-расейску гавораць, цэркваў столькі рускіх, шмат бачылі машын з георгіеўскімі стужачкамі. Калі б тут правялі рэфэрэндум, то ніякага б Майдана не было. Зьмянілі б сьцягі спакойна, і ўсё...

— ?!

— А што? Хіба ня так?

— Ня так! Далёка ня ўсюды «зялёныя чалавечкі» могуць бесьперашкодна займаць чужыя тэрыторыі.

— Ну, ня ведаю... Дый якія яшчэ «зялёныя чалавечкі»? Нам проста расейскія ваенныя па-братэрску дапамагалі. Можа, яшчэ ўсё атрымаецца зь цягам часу.

— А чаму вы прыехалі менавіта ў сталіцу, а не ў абласны цэнтар ці нейкі раённы гарадок, там ж лягчэй уладкавацца?

— Дык мы ж са сталіцы Данбасу! Вось і пераехалі з адной сталіцы ў іншую. Хоць плянуем заўтра ў Салігорск зьезьдзіць. Муж па спэцыяльнасьці горны майстар. Паспрабуе там на працу ўладкавацца на ваш «Беларуськалій».

— Кажуць, што ваша калійная шахта пасьля нашай вугальнай — гэта нешта накшталт санаторыя, — падтрымлівае размову, як я разумею, муж Ірыны. — А наагул, нам тут падабаецца. У параўнаньні з Данбасам усё дагледжана, дарогі нармальныя. Так што ў крайнім выпадку магу таксістам уладкавацца.

— Але па вашай спэцыяльнасьці вы маглі б у тым жа Кузбасе ўладкавацца на працу.

— Ды ну!.. Наступаць на тыя ж граблі...

— А на будоўлю, на завод, або вось у нас нестае кадраў на вёсцы?

— Не, туды асаблівай ахвоты ня маем. Трэба агледзецца. Можа, нешта потым прыдумаем.

Другая сустрэча

...У кавярні «Штолле» на плошчы Перамогі сядзяць маладыя людзі з ноўтбукамі. На сподках рэшткі пірага, кубкі з гарбатай недапітыя. Высьвятляецца, што ўся кампанія з Луганску. Хлопец, які прадставіўся Мікалаем Прыходзькам, кажа, што ў Менску ён каля месяца.

— Бацькі вашы таксама тут?

— Не. Мы тут пакуль адны.

— А ці шмат тут моладзі з Луганскай вобласьці?

— Ды хапае. Народ толькі зараз пачаў масава ехаць. Многія спачатку ў Расею падаліся, але там занадта шмат праблемаў. А сюды, у Беларусь, толькі-толькі пачалі масава прыяжджаць. Так што хутка тут нашых будзе парадкам. Беларусы да нас добра ставяцца. Дарэчы, у нашай кампаніі ўсе карэнныя луганчане, і ні ў кога ў Беларусі няма сваякоў. А вось дома ў мяне застаўся адзін, аднаклясьнік Міша — беларус. Ён, напэўна, быў адзіным беларусам на ўсю школу. Яго сям’я мае сваякоў тут, але чамусьці яны нікуды не паехалі, у Луганску засталіся. Тыпу патрыёты... Міша сказаў, што трэба Радзіму абараняць. Дык і мы патрыёты, але там цяпер лавіць няма чаго. Невядома, на колькі ўсё зацягнецца. Пажывём — пабачым.

— Чым думаеце заняцца?

— Вось расьпісваем адну штуку на грант. Хочам грамадзкую арганізацыю зарэгістраваць.

— У сэнсе? Жыць і працаваць плянуеце ў Беларусі?

— Ну, дзе ж яшчэ? Жыць жа трэба за нешта. Вось глядзім у інтэрнэце. Ёсьць пара варыянтаў.

— А ўладкавацца на працу не спрабавалі?

— Трэба будзе, то ўладкуемся. Але пакуль усё ж вырашылі паспрабаваць

вырашылі паспрабаваць стварыць НДА. Будзем маніторыць што-небудзь. Вось гэта і будзе наша праца

стварыць НДА. Будзем маніторыць што-небудзь. Вось гэта і будзе наша праца.

— Як жа вы зьбіраецеся «нешта маніторыць», знаходзячыся тут?

— Дык жа стагодзьдзе тэхналёгіяў. Зусім не абавязкова знаходзіцца там. А можа, паспрабуем стварыць тут арганізацыю з нашых. Калі народу стане дастаткова шмат, то арганізацыю данбаскіх перасяленцаў замуціць будзе самае тое. Нешта тыпу зямляцтва. Тут, праўда, панаехалі і тыя, хто хаваецца ад люстрацыі. А некаторыя бралі ўдзел непасрэдна ў баявых дзеяньнях... Вось і змыліся сюды. Па-рознаму...

Трэцяя сустрэча

Сапраўды, па-рознаму. Некаторыя з тых, хто ўжо ў Беларусі, і з тых, хто яшчэ на подступах да мяжы, проста шукаюць спакойнага жыцьця, стаміўшыся баяцца за сябе і сваіх блізкіх, а хтосьці хаваецца ад адплаты. Сярод іх і «народны мэр» Славянску ва ўцёках — Уладзімір Паўленка. Менавіта яго расейскія дывэрсанты прызначылі «народным мэрам» пасьля адстаўкі «народнага мэра» і крымінальніка Панамарова, які сябе скампрамэтаваў. З Паўленкам расейскія вайсковыя ўлады так званай ДНР абышліся гэтаксама, як у свой час гітлераўцы з здраднікамі — сышлі таемна ноччу, а тых, хто ім «спачуваў», нават не папярэдзілі. Сам Уладзімір Паўленка ўспамінае тыя падзеі:

— Яшчэ вечарам была заява пра тое, што будзем, маўляў, стаяць да апошняга, а раніцай высьветлілася, што «апалчэнцаў» у горадзе няма. А палове чацьвёртай ночы сышлі расейскія вайскоўцы, а зь імі тыя некалькі чалавек, якія былі на блёк-посьце. Раптам раніцай цішыня. Ніхто не страляе. Народ пачаў на вуліцы выходзіць. Я на машыне зьехаў за некалькі гадзін да ўваходу ўкраінскай арміі ў горад. Скарыстаў абходныя дарогі і вось дабраўся сюды. Разумею, што могуць запатрабаваць маёй выдачы, але ўпэўнены, што Беларусь мяне ня выдасьць.

Такім чынам, «народны мэр» таксама ўратаваўся ўцёкамі. Але зноў жа чамусьці паехаў не ў суседнюю Расею, да якой было рукой падаць, а ў Беларусь. Жонка Паўленкі ўжо працаўладкавалася сакратаром у сыстэме сацзабесьпячэньня і аховы працы, а былы «народны мэр» Славянску спадзяецца бліжэйшым часам заняць пасаду чыноўніка ў гэтай жа сфэры. Дарэчы, незадоўга да пачатку ваенных дзеяньняў ён, былы кадравы супрацоўнік КДБ, амаль усё сваё жыцьцё праслужыўшы ў Расеі, а апошнія некалькі гадоў — у СБУ Славянску, раптам заняў пост начальніка ўпраўленьня сацзабесьпячэньня гэтага гораду. Так што ён «шматпрофільны» мэр і, мабыць, упэўнены, што былыя калегі напэўна дапамогуць яму ўладкавацца ў Беларусі.

Мы народ гасьцінны, але...

Як запэўнілі «Народную волю» ў дзьвюх гасьцініцах, якія ёсьць у Салігорску, пастаяльцаў з украінскімі пашпартамі прыкметна паболела. Некаторыя жывуць па некалькі дзён і зьяжджаюць, а некаторыя наймаюць больш таннае жыльлё і застаюцца. Былыя ўкраінскія шахцёры хочуць працаваць на «Беларуськаліі». Вось толькі ўладкавацца на гэтае прадпрыемства сёньня і мясцовым няпроста — зарплаты высокія, нездарма ж па ўзроўні даходаў насельніцтва Салігорску нават Менск абганяе. Пагаворваюць, што ў Салігорску нават хабар носяць, каб на прадпрыемстве хоць за якую працу зачапіцца. За руку пакуль нікога не злавілі, сьцьвярджаць штосьці адназначна ўсё ж нельга. Але калі раптам салігорцаў пачнуць масава звальняць, а браць на працу данецкіх, то ў горадзе можа здарыцца бунт.

Праўда, прыежджыя шахцёры могуць паспрабаваць знайсьці працу пад Петрыкавам на Гомельшчыне, але там калійны камбінат пакуль яшчэ толькі будуецца... Дык чаму ж людзі, якія фактычна падтрымалі бунт у сваёй дзяржаве, вырашыўшы зьвязаць свой лёс з Расеяй, едуць і едуць у Беларусь? Паводле апошніх апублікаваных дадзеных, у Беларусь з Украіны прыехала ўжо звыш 25 тысяч чалавек. Гэта больш, чым, напрыклад, насельніцтва Карэліцкага раёну, або Капыльскага, або Мсьціслаўскага...

Можа, адна з прычын крыецца ў тым, што яшчэ ў ліпені Аляксандар Лукашэнка выказаў гатоўнасьць прыняць і працаўладкаваць грамадзян Украіны, якія едуць у нашу краіну. А празь месяц зьявіўся і адпаведны ўказ «Аб знаходжаньні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь». Указ спрасьціў працэдуру прызначэньня дзяржаўных дапамог грамадзянам Украіны, а таксама забясьпечыў ім права на дашкольную, сярэднюю і спэцыяльную адукацыю нароўні з грамадзянамі Беларусі. Указ таксама вызваляе ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволаў на прыцягненьне ў Беларусь замежнай рабочай сілы і спэцыяльных дазволаў на права займацца працоўнай дзейнасьцю. Пры гэтым тэрмін прыняцьця рашэньня аб выдачы спэцыяльных дазволаў на права на працу ня можа перавышаць пяці працоўных дзён.

Магчыма, менавіта гэтая акалічнасьць паўплывала на нябачаную раней масавасьць патоку перасяленцаў у нашу краіну з Данбасу. Нельга выключыць і той фактар, што ў «любай» і «клапатлівай» Расеі далёка ня ўсе перасяленцы сустрэлі вялікую радасьць з боку мясцовага насельніцтва. У расейскіх і ўкраінскіх СМІ, у сацсетках кожны дзень зьяўляюцца ўсё новыя і новыя прызнаньні перасяленцаў пра невыносныя ўмовы побыту, абыякавасьць мясцовых чыноўнікаў, адсутнасьць грошай, просьбы дапамагчы зьехаць з тых мясьцін. Нават кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Іваноў днямі прызнаў, што ўкраінскія ўцекачы цяпер уцякаюць і з Расеі. Вось толькі пытаньне: ці ўсе яны пажадаюць вярнуцца менавіта ў свае пакінутыя дамы на Данбасе? Шмат хто ж проста баіцца вярнуцца, бо нарабіў нямала спраў. Ва Ўкраіне, вядома, абяцаюць амністыю сэпаратыстам, але наўрад ці яна закране забойцаў або вайскоўцаў, міліцыянтаў, дзяржслужачых, якія давалі прысягу і парушылі яе, падтрымаўшы ўсякія ЛНР і ДНР.

Дык ці трэба нашай краіне прымаць усіх уцекачоў без разбору?

Без камэнтароў

Прывяду яшчэ адзін маналёг уцекача зь Енакіева, пасьля якога мне стала страшна ўжо за нас, беларусаў:

Я ўкраінец, але сам мовы ня ведаю дый ведаць не хачу. Лічу сябе рускім. І тут я спакойна буду адчуваць сябе рускім, ніхто ня скажа мне, што трэба ведаць сваю мову

— У вас тут проста тое, што нам трэба. Даюць блянк на расейскай — і пішаш па-расейску. А то ў нас трэба было запаўняць па-ўкраінску ды яшчэ і пісьменна. Я за сваю пажылую маці дома неяк запаўняў анкету, дык восем блянкаў сапсаваў. Я ўкраінец, але сам мовы ня ведаю дый ведаць не хачу. Лічу сябе рускім. І тут я спакойна буду адчуваць сябе рускім, ніхто ня скажа мне, што трэба ведаць сваю мову. Вы нават самі не разумееце, як вам пашанцавала. Ні разу тут ня чуў, каб хто гаварыў па-беларуску — ні даішнікі, ні чыноўнікі, ні прадаўцы... Я адчуў, што я дома, і зараз нікуды адсюль не паеду.

Любоў Лунёва, «Народная воля».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG