Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка падпісаў закон пра Эўразійскі саюз


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 9 кастрычніка падпісаў закон аб ратыфікацыі дамовы пра Эўразійскі эканамічны саюз.

З 3,3 млрд $ вывазнога мыта ад экспарту нафтапрадуктаў 1,5 млрд $ будзе паступаць у беларускі бюджэт, а астатнія — у расейскі.

Пра гэта паведаміў журналістам кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Андрэй Кабякоў.

Ён адзначыў, што ў законе цалкам адлюстравана заява кіраўніка краіны, зробленая 29 траўня гэтага году ў Астане, калі падпісвалася дамова пра ЭАЭС. Тады Лукашэнка сказаў, што Беларусь добрасумленна выканае свае абавязацельствы ў рамках дамовы, калі бакі канкрэтна дамовяцца пра зняцьцё бар’ераў, абмежаваньняў і выключэньняў у гандлі. Найперш гэта тычыцца энэрганосьбітаў, прадукцыі зборачных вытворчасьцяў, лібэралізацыі аўтаперавозак і іншых адчувальных пазыцый. Гэтую заяву Беларусь паўтарыла пры ратыфікацыі.

Паводле Андрэя Кабякова, адной з адчувальных пазыцый для Беларусі зьяўляюцца выключэньні па вуглевадародах. Іх памер у 2014 годзе складае каля 3,3 млрд даляраў.

«Гэта аб’ём вывазнога мыта на прадаваныя нафтапрадукты, якія выпрацоўваюцца беларускімі нафтаперапрацоўчымі заводамі і рэалізуюцца на экспарт. Такой было ўмова, калі яшчэ ў 2010 годзе Беларусь, Расея і Казахстан падпісвалі адпаведнае пагадненьне па Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы. Тады дамовіліся, што на этапе Мытнага саюзу і АЭП усе вывазныя мытныя пошліны ад экспарту нафтапрадуктаў, выпрацаваных з нафты, якая паступіла на беларускія НПЗ з Расеі, будуць пералічвацца ў расейскі бюджэт», — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле Кабякова, з 1 студзеня 2015 году пачынаецца зусім новы этап інтэграцыі — Эўразійскі эканамічны саюз.

«Адпаведна і беларускі бок ставіў пытаньне перад нашымі партнэрамі, што гэтых выключэньняў не павінна быць наогул. Але бакі ўсё ж прыйшлі да таго, што гэтыя і іншыя адчувальныя выключэньні будуць захоўвацца ў той ці іншай ступені па глыбіні і памерах да 2025 году.

Але паколькі тэма была вельмі адчувальная, то бакі правялі спэцыяльныя перамовы, каб неяк урэгуляваць гэтую сытуацыю на момант падпісаньня дамовы ў Астане. У выніку перамоваў было прынятае рашэньне, што з гэтых 3,3 млрд даляраў вывазнога мыта 1,5 млрд даляраў будзе паступаць у беларускі бюджэт, а астатнія — у расейскі», -цытуе БелТА Каябкова.

XS
SM
MD
LG