Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плятформу» пусьцілі ў турмы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі дазволіў актывістам «Плятформы» наведваць установы крымінальна-выканаўчай сыстэмы МУС.

Цягам трох гадоў «Плятформа» займаецца абаронай правоў асобаў, якія адбываюць пакараньне ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы. За гэты час праваабаронцы ня раз зьвярталіся ў дэпартамэнт з просьбай даць доступ да гэтых установаў.

На апошнюю такую просьбу дэпартамэнт адказаў станоўча.

Цяпер «Плятформа» — адзіная праваабарончая арганізацыя, якая атрымала такую магчымасьць.

Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Чаму ўсё ж «Плятформу» пусьцілі ў турмы? Яе дырэктар Алёна Красоўская-Касьпяровіч сказала карэспандэнту Свабоды:

«Я думаю, наша праца цягам трох гадоў не прайшла дарма. Мы заўсёды імкнуліся быць аб’ектыўнымі. Нават ускрываючы нейкія праблемы ў пэнітэнцыярнай сыстэме, мы не зрываліся на звычайную гістэрыку, стараліся з усіх бакоў паказаць праблему і зразумець, чаму так адбываецца. Магчыма, такая наша праца прынесла плён».

— Як вы мяркуеце скарыстацца гэтым правам у бліжэйшы час?

— Мы плянуем ехаць у месцы пазбаўленьня волі і скарыстацца гэтым правам як мага хутчэй. Куды мы паедзем, мы ўжо для сябе вырашылі, але называць гэтую ўстанову пакуль ня будзем са зразумелых прычын. Гэта будзе калёнія, пра якую нам паступае менш за ўсё інфармацыі. Таму найперш нас цікавіць сытуацыя там. Усе пэнітэнцыярныя ўстановы мы пастараемся наведаць цягам году, і разумеем, што аб’ём працы вельмі вялікі. Мы будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб прадставіць поўную карціну таго, што адбываецца ў месцах пазбаўленьня волі. Я думаю, што нам дазволяць любыя сустрэчы. Мы ўжо гутарылі з супрацоўнікамі дэпартамэнту, яны вельмі добразычліва настроеныя, і пакуль ні пра якія абмежаваньні гаворка не ішла.

Усе пэнітэнцыярныя ўстановы мы пастараемся наведаць цягам году

— Ці ўдасца вам наведаць палітвязьняў?

— Я думаю, што гэтак жа, як і ўсіх астатніх зьняволеных. Ва ўсякім разе, пакуль ніякіх перашкодаў.

— Наведваньне ўстаноў дапаможа вам абараняць правы асуджаных?

— Найперш гэта дапаможа аб’ектыўнаму ўяўленьню пра тое, што ў нас адбываецца ў месцах пазбаўленьня волі, бо пакуль мы кіраваліся расповедамі былых вязьняў, скупой інфармацыяй, якую іншы раз давала МУС. І не заўсёды гэтая карціна адпавядала таму, што там ёсьць насамрэч. Цяпер мы пастараемся выявіць найбольш адчувальныя пункты, якія патрабуюць дапамогі і ўмяшаньня. І будзем думаць, што зрабіць для вырашэньня гэтых праблемаў.

— Ці зможаце вы наведваць асуджаных на сьмяротнае пакараньне?

— Думаю, што будзе такая магчымасьць, бо ўстанова, дзе яны знаходзяцца, не спэцыялізаваная. І паколькі нам дазволены доступ у калёніі, сьледчыя ізалятары і турмы, то ніякіх перашкод для гэтага я пакуль ня бачу.

— Дагэтуль пэнітэнцыярная сыстэма была закрытая ад грамадзкасьці?

— Абсалютна. І таму мы вельмі шчасьлівыя і вельмі зьдзіўленыя, што нас нарэшце пачулі і ў нас зьявілася магчымасьць усё ўбачыць на свае вочы.

Былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка асуджаны на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ва ўчыненьні хуліганскіх дзеяньняў, спалучаных з ужываньнем фізычнай сілы. Грамадзкія актывісты і праваабаронцы абмяркоўваюць, ці лічыць Андрэя Бандарэнку палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG