Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуціна пад Ілавайскам спыніў паток расейскіх трупаў – Гелэтэй


Прэс-канфэрэнцыя Валерыя Гелэтэя (у цэнтры)

Прэс-канфэрэнцыя Валерыя Гелэтэя (у цэнтры)

Той супраціў, які ўкраінскія войскі аказвалі рэгулярным расейскім войскам пад Ілавайскам, у раёне Савур-Магілы, пад Луганскам, спыніў імавернае далейшае наступленьне на ўкраінскія тэрыторыі з боку Расейскай Фэдэрацыі, а пад самім Ілавайскам «сур'ёзных памылак» украінскае камандаваньне не дапусьціла. Пра гэта заявіў міністар абароны Ўкраіны Валеры Гелэтэй у сераду на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве.

Ён таксама сказаў, што ўсе выпадкі абстрэлаў мірных жыхароў у Данецку, віну за якія міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International ускладае на абодва бакі канфлікту, павінны быць расьсьледаваныя.

Дагэтуль дакладна не вядомая колькасьць украінскіх вайскоўцаў, якія загінулі пад Ілавайскам у канцы жніўня. Міністар абароны Ўкраіны назваў лічбу 108 вайскоўцаў Узброеных сілаў Украіны, аднак ён ня мае зьвестак аб загінулых у шэрагах МУС і Нацыянальнай гвардыі.

Таксама дагэтуль ня вызваленыя ўсе палонныя, захопленыя сэпаратыстамі і рэгулярнымі расейскімі войскамі.

Валеры Гелэтэй, аднак, заявіў, што баі пад Ілавайскам не былі паразай для Ўкраіны. Яны, паводле яго, спынілі прасоўваньне Расейскай Фэдэрацыі ўглыб Украіны.

«Пасьля кожнага бою трэба ацэньваць сытуацыю ня толькі ў сябе, але і ў праціўніка. Калі б не было Савур-Магілы, Луганску, іншых гарадоў, у прыватнасьці Ілавайску, магчыма, мы б не сядзелі тут. І менавіта той паток забітых расейскіх вайскоўцаў спыніў Пуціна. Ці хто лічыць, што Пуцін пашкадаваў Украіну, не захацеў ісьці далей?» – сказаў украінскі міністар.

Валеры Гелэтэй таксама адзначыў, што ўкраінскія сілавікі спынілі танкавыя атакі пад Луганскам, пад Савур-Магілай і пад Ілавайскам. Ён нагадаў, што сёньня праводзіцца дзьве праверкі трагедыі пад Ілавайскам: адна – Генэральнай пракуратурай Украіны, другая – часовай сьледчай камісіяй Вярхоўнай Рады.

«Я падаў усе матэрыялы. Па кожным пытаньні даў адказ на тое, што гучала ў запыце. Пачуйце мяне і ўспомніце мае словы, калі пройдзе час і вы пачуеце: там не было ніводнай сур'ёзнай памылкі. Так, нейкія пралікі былі, але сур'ёзных памылак не было», – заявіў міністар.


Супраць арміі вядзецца інфармацыйная вайна, каб народ нам не давяраў – Гелэтэй


Міністар абароны паскардзіўся на магутную інфармацыйную вайну, якая, паводле яго, вядзецца супраць Узброеных сіл Украіны: «Гэтая інфармацыйная вайна, якая навалілася на Ўзброеныя сілы Ўкраіны, на камандзіраў, перш за ўсё на кіраўніцтва Генэральнага штабу і Міністэрства абароны, якраз і была накіраваная на тое, каб украінскі народ страціў давер да сваіх Узброеных сіл. Так, на вайне не бывае добра, на вайне ёсьць памылкі, але ня тыя, якім даюць цяпер «добрыя ацэнкі».

Як паведамілі палкоўнік апэратыўнага камандаваньня «Поўнач» Аляксандр Кірыленка і палкоўнік Юрый Блішун, іх васйсковыя падразьдзяленьні ўпершыню зафіксавалі прысутнасьць вайскоўцаў рэгулярнай арміі Расеі на тэрыторыі Луганшчыны яшчэ 7 жніўня. 15 жніўня адбылося першае баявое сутыкненьне з 76-й Пскоўскай дэсантнай дывізіяй Расейскай Фэдэрацыі. 20 жніўня адбылося сутыкненьне паміж расейскімі вайскоўцамі і ўкраінскай 24-й мэханізаванай брыгадай і батальёнам «Шторм» у раёне вёскі Георгіеўка. Паводле Валерыя Гелэтэя, дэ-факта ўкраінская армія супрацьстаяла расейскай, пачынаючы ад 1 жніўня.


І Турчынаў, і Парашэнка раней убачылі «сур'ёзныя памылкі» пад Ілавайскам

Раней старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заявіў, што за трагедыю пад Ілавайскам павінна адказаць вышэйшае вайсковае кіраўніцтва. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію «Лігабізнэсінформ». Ён адзначыў, што прафэсіяналізм вайсковага кіраўніцтва ёсьць менавіта ў тым, каб не дапускаць акружэньня і катлоў, назваўшы Ілавайскі кацёл «наступствам панічнага адступленьня на стратэгічным напрамку, адсутнасьці каардынацыі дзеяньняў і адсутнасьці своечасовых рашэньняў».

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў у інтэрвію ўкраінскім тэлеканалам, што да трагедыі пад Ілавайскам прывяла затрымка прыбыцьця падмацаваньняў на тры дні, а таксама ўцёкі некаторых падразьдзяленьняў.


У адказ на папрокі Amnesty International павінны быць расьсьледаваньні – міністар

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра тое, ці будзе рэагаваць украінская армія на заяву праваабарончай арганізацыі Amnesty International аб тым, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны таксама нясуць адказнасьць за абстрэлы асобных раёнаў Данецка, у выніку чаго 1 кастрычніка ў горадзе загінулі 9 мірных жыхароў, Валеры Гелэтэй сказаў: «Калі быў абстрэл, трэба зафіксаваць, адкуль ён быў. Калі былі страты, то іх трэба зафіксаваць, каб рана ці позна прыцягнуць да адказнасьці канкрэтных людзей, якія давалі ўказаньні, якія арганізоўвалі расстрэлы людзей, мірных кварталаў. І гэта будзе справядліва. На хлусьню трэба адказваць праўдай».

Ён дадаў, што яму вядомыя выпадкі, калі танк сэпаратыстаў пад эмблемай украінскіх Узброеных сіл расстрэльваў мірныя кварталы Данецка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG