Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў абвінаваціў Нуланд у «шкоднай ролі ва Ўкраіне»


Сяргей Лаўроў

Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў у Менску, што, на ягоную думку, Украіне патрэбная канстытуцыйная рэформа і дыялёг з самаабвешчанымі ЛНР і ДНР.

Кіраўнік замежнага ведамства Расеі лічыць, што Вікторыя Нуланд адыграла «шкодную» ролю ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызысу.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, міністар Лаўроў заявіў, што ўкраінскай тэмы не было ў парадку дня сёньняшняга пасяджэньня Рады міністраў замежных спраў СНД:

«Украінская сытуацыя ў парадку дня не была, але ў нашых кулюарных размовах мы, вядома, закранаем гэтую тэму і тэму таго, што адбываецца на Бліжнім Усходзе ў сувязі з актывізацыяй тэрарыстычных груповак. Агульнае разуменьне, што тычыцца Ўкраіны: усе вітаюць тую ролю, якую адыгралі менскія дамоўленасьці 5 верасьня і 19 верасьня. І працягваецца працэс кантактнай групы на базе гэтых дамоўленасьцяў, працягваецца працэс па забесьпячэньні ўстойлівага спыненьня агню, адводу цяжкай тэхнікі і іншых відаў узбраеньняў, каб стварыць умовы для палітычнага працэсу. Гэта самае галоўнае — пачаць дыялёг, які ўжо завязваецца паміж кіеўскімі ўладамі і прадстаўнікамі ЛНР і ДНР. Гэта першы крок. Наступны крок — гэта ўсеагульны палітычны дыялёг з удзелам усіх палітычных сілаў, канстытуцыйная рэформа. Усё гэта будзе спрыяць доўгатэрміноваму вырашэньню ўкраінскага крызісу».

Адказваючы на пытаньне журналіста наконт прапановы Вікторыі Нуланд па важнасьць перакрыцьця расейска-ўкраінскай мяжы дзеля ўрэгуляваньня крызісу ва Ўкраіне, Лаўроў заявіў:

«Я не хачу камэнтаваць тое, што кажа Вікторыя Нуланд. Гэтая дзяячка адыграла вельмі шкодную ролю ва ўрэгуляваньні крызісу. Ня думаю, што яе актыўная ўцягненасьць у гэты працэс, які быў завязаны паміж кіеўскімі ўладамі і апалчэнцамі, будзе карысны для дасягненьня шуканага выніку і ўстойлівага міру і палітычнага дыялёгу.

Працэс выкананьня менскіх дамоўленасьцяў ідзе не бяз збояў, але тэндэнцыя адназначна пазытыўная. Гэта адзначаюць усе, і мае сёньняшнія суразмоўцы, і міжнародныя арганізацыі, прадстаўнікі АБСЭ, Рады Эўропы».

Кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства Ўладзімер Макей, адкрываючы паседжаньне, сярод іншага заявіў, што нельга дапусьціць, каб на тэрыторыі краін СНД вяліся баявыя дзеяньні і гінулі людзі. Макей заклікаў зрабіць усе захады дзеля ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне.

Украіну на гэтым паседжаньні прадстаўляе амбасадар у Менску Міхаіл Ежэль.

Украінскія ўлады прызналі самаабвешчаныя ЛНР і ДНР тэрарыстычнымі арганізацыямі.

XS
SM
MD
LG