Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі футбаліст: Банэр салідарнасьці стварыў бы ўзьнёслую атмасфэру


Паўабаронца жодзінцаў Сяргей Дацэнка
Паўабаронца жодзінцаў Сяргей Дацэнка

Эканамічныя праблемы ва Ўкраіне, справакаваныя расейскай агрэсіяй у Крыме і ўсходніх абласьцях, спрычыніліся і да міграцыі спартоўцаў. Так, беларускія футбольныя клюбы сёлета ўмацаваліся вялікім украінскім дэсантам — з-за фінансавых праблемаў шэраг камандаў зьняліся зь першынства Ўкраіны і сотні гульцоў апынуліся на правах вольных агентаў. Адзін з украінскіх легіянэраў — 27-гадовы Сяргей Дацэнка — на пазыцыі абаронцы выступае за жодзінскае «Тарпэда-БелАЗ». Апроч яго, у складзе жодзінцаў яшчэ два ягоныя землякі — Руслан Івашка і Сяргей Мельнік.

— Сяргей, найперш, ці плянуеце быць на трыбунах «Барысаў Арэны»?

— Так, канечне, плянуем, квіткі ўжо ўзялі. Паедзем падтрымаць, напэўна, абедзьве каманды — і сваёй краіны, і краіны, у якой цяпер гуляем. Ну, і ў прынцыпе за добры футбол будзем заўзець. Проста цікава нават для агульнага разьвіцьця ў пляне футболу паглядзець, што на сёньняшні дзень уяўляюць гэтыя каманды. Не скажу, што я адданы заўзятар, хаджу на стадыён і ўдзельнічаю ў фанацкіх групоўках. Мне хапае свайго футболу, гульняў, трэніровак, на якіх я аддаю ўсе свае эмоцыі. А гэта хіба што для агульнага ўяўленьня пра стан цяперашняга футболу, можна так сказаць.

— Усе ведаюць, чым зачастую сканчаецца пасьляматчавае высьвятленьне адносін паміж фанатамі. Але гэтым разам заўзятарскія суполкі вырашылі аб’яднацца і выказаць салідарнасьць народу Ўкраіны. Штосьці чулі на гэты конт?

— Увогуле я супраць вайны паміж фанатамі. Ваюйце на трыбунах, крычыце лёзунгі, падтрымлівайце сваіх, але ня варта даходзіць да рукапрыкладзтва, мардабою. Таму я толькі за тое, што гэтым разам плянуецца. Так, я чуў, што зьбіраюць супольны марш аб’яднаньняў, будуць на трыбунах банэры. Паўтаруся, я толькі за. Цяжкая цяпер сытуацыя ва Ўкраіне, і, думаю, было б прыемна ўсім украінскім заўзятарам, калі беларусы іх падтрымаюць. А футбалісты, адпаведна, пакажуць добрую гульню і такім чынам узнагародзяць сваіх прыхільнікаў. Быў бы ідэальны варыянт.

Вылазка да «варожых» варотаў
Вылазка да «варожых» варотаў

— На жаль, стала вядома, што ініцыятары гэтай высакароднай акцыі ўжо за кратамі і на сёньняшні футбол ня трапяць фізычна. Хоць банэр ад арышту нібыта і ўратавалі...

— На маю думку, усё гэта няправільна. Тут жа няма ніякага злога намеру, няма ў тых банэрах ніякай крамолы. Проста людзі выражаюць свае эмоцыі, сваё бачаньне сытуацыі. Лічу, што нічога дрэннага ў гэтым няма. Ёсьць, вядома, нейкая сымболіка, якая забароненая ўсімі рэглямэнтамі УЭФА і ФІФА. Пракантралявалі б гэта, і калі б не дапускалася інструкцыямі — калі ласка, прыбірайце. А так, наадварот, упрыгожыла б стадыён, стварыла б узьнёслую атмасфэру і, адпаведна, дадало б відовішчнасьці ўсяму матчу.

— Зь іншага боку, некаторыя ўкраінскія заўзятары скардзяцца, што іх завярнулі на беларускай мяжы і нават паставілі ў пашпарт штамп «уезд забаронены». Сілавікі перастрахоўваюцца ў чаканьні эксцэсаў?

— Шчыра кажучы, нават складана адказаць на гэтае пытаньне, бо я якраз учора прыехаў з Кіева, усё прайшло нармальна, пусьцілі, як бачыце. Былі выходныя, зьезьдзіў дадому, нібыта нічога не паказвала, што могуць узьнікнуць праблемы...

На «Барысаў Арэне» ў якасьці гульца
На «Барысаў Арэне» ў якасьці гульца

— Як атмасфэра ў Кіеве, ці шмат знаёмых, якія таксама б хацелі прыехаць у Барысаў падтрымаць зборную?

— Ёсьць сябры, якія хочуць прыехаць, але з асабістых прычынаў гэта да апошняга пад знакам пытаньня. Шчыра кажучы, не магу сьцьвярджаць, што Ўкраіна жыве матчам зборнай. Бо, з аднаго боку, хапае іншых праблемаў. Зь іншага, відаць, яшчэ не астылі эмоцыі пасьля, скажам так, украінскага «эль-клясыка» паміж кіеўскім «Дынама» і данецкім «Шахтаром». Вельмі прынцыповае супрацьстаяньне, і гэтыя дні многія жылі якраз тым матчам. Але паступова, вядома ж, павінны пераключыцца і на гульню зборнай.

— Сяргей, а ўвогуле ці да футболу цяпер украінцам?

— Разумееце, колькі людзей, столькі і думак. Адны кажуць, што краіне сапраўды не да футболу і варта было б спыніць чэмпіянат. Іншыя, наадварот, падтрымліваюць думку, што футбол у гэтай сытуацыі аб’ядноўвае нават апанэнтаў. Цяжка меркаваць, бо на кожным баку ёсьць свая доля ісьціны, і як тут правільна паступіць — ня ведаю. Ёсьць спартовыя чыноўнікі, няхай яны шукаюць нейкае рашэньне. Але як на маё вока, то больш, мабыць, усё ж аб’ядноўвае, чым шкодзіць. Людзі хоць неяк адцягваюцца ад сваіх праблемаў, бо пастаянныя навіны дзень пры дні пра нэгатыў добрага настрою не прыбаўляюць. А калі ёсьць магчымасьць паглядзець нейкі матч, то гэта для знаўцаў як спэктакль. Будзе што абмеркаваць, зьмяніць тэму размовы і пакантактаваць на нашмат больш прыемныя тэмы.

— Слынны ўкраінскі футбаліст Алег Кузьняцоў днямі казаў, што перажывае надзвычайнае ўзрушэньне, калі трыбуны пачынаюць сьпяваць гімн Украіны...

— Ёсьць такое, так. Гэта, канечне, магутны фактар яднаньня. Раней у нас не было, але з гэтага году ўвялі перад кожным матчам выкананьне дзяржаўнага гімну. Тым самым выказваецца падтрымка краіне як адзінаму цэламу. Таму ў гэтым сэнсе футбол сапраўды яднае, і гэта вельмі добра.

— Як ні круці, Беларусь застаецца ў прыцэле інфармацыйнага ўплыву Расеі. Якімі рэсурсамі карыстаецеся, сочачы за падзеямі на радзіме?

— Я карыстаюся перадусім украінскімі інфармацыйнымі рэсурсамі, але для балянсу праглядаю і расейскія. Шчыра скажу, для нас усіх гэта ў першую чаргу, хутчэй, інфармацыйная вайна. Таму тут можна адказваць толькі за сябе, бо кожны будзе гнуць сваю лінію, казаць, што зь яго гледзішча хтосьці мае рацыю, а іншыя вінаватыя. Гэта тычыцца і нашага, украінскага боку, і расейскага, усе абвінавачваюць астатніх, толькі не сябе. Нічога ня зробіш — вялікая палітыка, у якую гуляюць вялікія гульцы. Шмат чаго мы проста ня ведаем, таму аб’ектыўна меркаваць складана. Хоць я выключна за мір, як, мабыць, і ўсе жыхары нашай краіны. Каб хутчэй гэта ўсё вырашылася і мы зноў жылі ў міры.

Футбол можа быць і «крывавы»
Футбол можа быць і «крывавы»

— Сяргей, у футбольных клюбах Беларусі асноўныя легіянэры — якраз украінцы. Гэта наўпрост выклікана цяперашняй сытуацыяй?

— У нас з-за ўсіх гэтых падзеяў, скажам так, эканамічна нестабільная стала краіна. Шмат клюбаў паздымаліся з чэмпіянатаў, прадпрыемствы не зарабляюць дастаткова, каб фінансаваць каманды. Хтосьці са спонсараў проста адмаўляецца цягнуць дадатковую ношу. Таму кожны і шукае там, дзе лепш. І на дадзены момант многіх Беларусь цалкам задавальняе. Я прыехаў і вельмі задаволены, што трапіў у такі калектыў, дзе можна атрымаць асалоду ад футболу. Асабіста мяне тут усё задавальняе.

— Дарэчы, а ці ёсьць адток футбалістаў у Расею?

— Таксама складана меркаваць адназначна, многае ж залежыць ня проста ад жаданьня футбаліста гуляць там ці там. Футбаліст гуляе там, куды яго запрашаюць, ці дзе на яго ёсьць попыт асабіста, альбо ў каманды існуе нейкая праблемная пазыцыя. Тады клюбы шукаюць, прапануюць свае паслугі. Ад жаданьня футбаліста якраз мала што залежыць. Усе б хацелі, напэўна, гуляць у «Рэале» і «Барсэлёне», але ж так быць ня можа, правільна? Таму, яшчэ раз кажу, ад прыхамаці спартоўца залежыць надзвычай мала.

— Вы самі — сямейны чалавек? Жонка, дзеці?

— Так, жонка, дзяцей пакуль няма. Была са мной, пакуль што ад’ехала дадому, але хутка зноў павінна вярнуцца. У нас ёсьць магчымасьць жыць тут разам.

Сяргей Дацэнка нарадзіўся 6 верасьня 1987 году ў Кіеве, грамадзянін Украіны. Па ходу футбольнай кар’еры гуляў за каманды «Дынама-2» (Кіеў), ЦСКА (Кіеў), «Зімбру» (Кішынэў, Малдова), «Княжа», «Фэнікс-Ільічовец», «Геліяс», «Палтава» (усе — Украіна), «Дынама» (Самарканд, Узбэкістан), «Андыжан» (Узбэкістан).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG