Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратурны нобэль 2014 прысуджаны Патрыку Мадыяно


Патрык Мадыяно

Патрык Мадыяно

Сёньня ў Стакгольме ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры быў абвешчаны францускі пісьменьнік Патрык Мадыяно.

Паводле вэрдыкту швэдзкіх акадэмікаў, Мадыяно быў узнагароджаны за «мастацтва памяці, пры дапамозе якога ён ажывіў найбольш няўлоўныя чалавечыя лёсы і раскрыў жыцьцё ў сьвеце акупацыі».

На беларускую мову перакладзены раман Патрыка Мадыяно «Віла Журба» (pdf-файл поўнага тэксту - тут). Аўтар перакладу — наш рэдакцыйны калега Ян Максімюк.

Патрык Мадыяно — аўтар больш чым 20 раманаў, у якіх цэнтральнай тэмай зьяўляецца пытаньне пра ідэнтычнасьць асобы, якая разглядаецца праз прызму памяці аб мінулым гэтай асобы. Шмат якія зь ягоных кніжак маюць аўтабіяграфічны пачатак і пабудаваныя паводле схемы дэтэктыву, у якой галоўны герой спрабуе знайсьці праўду пра сябе і сваё мінулае.

Яшчэ адной важнай тэмай кніжак Мадыяно зьяўляецца пэрыяд нацысцкай акупацыі Францыі. Мадыяно, які нарадзіўся ў 1945 годзе, ужо пасьля вайны, свае першыя тры кніжкі — «Пляц Зоркі», «Начная варта», «Бульварнае кальцо» — прысьвяціў якраз пэрыяду акупацыі Парыжу. Тэме акупацыі прысьвечаная таксама своеасаблівая і нязвыклая кніга «Дора Брудэр», у якой Патрык Мадыяно дасьледуе лёс адной габрэйскай дзяўчынкі, абвестку пра зьнікненьне якой ён прачытаў у адной з парыскіх газэтаў часоў акупацыі.

Да найбольш вядомых раманаў Патрыка Мадыяно належаць: «Пляц Зоркі» (1968), «Віла Журба» (1975), «Вуліца Цёмных Крамак» (1978), «Зьніклы квартал» (1985), «З глыбіні забыцьця» (1996), «Дора Брудэр» (1997), «Далягляд» (2010).

Даведка

Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў мінулых гадах (1901-2013) атрымалі 110 пісьменьнікаў (у гэтым ліку 13 жанчын). Прэмія не прысуджалася сем разоў (1914, 1918, 1935, 1940, 1941, 1942, 1943). Чатыры разы прэмія прысуджалася дзьвюм асобам адначасова (1904, 1917, 1966, 1974). Сярэдні ўзрост нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры — 65 гадоў.

Больш за ўсе — 27 прэмій — атрымалі пісьменьнікі, якія пісалі па-ангельску; па 13 — пісьменьнікі францускай і нямецкай моваў; 11 — пісьменьнікі гішпанскай мовы; 7 — швэдзкай; 6 — італьянскай; 5 — расейскай; 4 — польскай; па 3 — нарвэскай і дацкай.

XS
SM
MD
LG