Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ратыфікавалі дамову аб Эўразійскім саюзе. Але зь нюансамі


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 9 кастрычніка аднагалосна ратыфікавалі дамову аб Эўразійскім эканамічным саюзе. У дакумэнты аб ратыфікацыі ўключаная заява беларускага боку.

Частку яе агучыў сёньня, выступаючы перад дэпутатамі, старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка:

«Беларусь ратыфікуе дамову па ЭАЭС і бярэ на сябе абавязаньні добрасумленна яе выконваць пры ўмове, што да гэтага моманту на трох- альбо двухбаковай аснове будуць дасягнутыя канкрэтныя дамоўленасьці пра зьняцьце бар’ераў, абмежаваньняў і выняткаў у гандлі асобнымі відамі тавараў і аказаньні асобных відаў паслуг».

На пытаньне журналістаў, ці можна ў сувязі з гэтай заявай пісаць, што беларускі парлямэнт ратыфікаваў дамову з агаворкамі, Мікалай Самасейка сказаў, што так рабіць нельга, бо гэта не агаворкі, а заява беларускага боку.

Сябра прэзыдыюму Савету міністраў Сяргей Румас, які прадстаўляў дэпутатам асноўныя палажэньні дамовы, пералічыў шмат момантаў у ёй, якія павінны, на яго думку, пасьля ратыфікацыі паспрыяць разьвіцьцю беларускай эканомікі. Разам з тым спадар Румас прызнаў:

«Выняткі, абмежаваньні і выключэньні ахопліваюць 9 таварных пазыцыяў, каля 30 працэнтаў усяго рынку. Такі рынак нельга назваць паўнавартасным».

Сяргей Румас сказаў, што па некаторых пытаньнях бакі пры падрыхтоўцы дамовы адышлі назад. Напрыклад, гарманізацыя фінансавых рынкаў перанесеная з 2020 году на 2025-ты. Раней меркавалася, што спрэчкі паміж сябрамі дамовы, можа, будзе вырашаць суд або Эўразійская камісія. Цяпер такое права застаецца толькі за судом.

Не ўдалося дасягнуць кансэнсусу па адзінай эканамічнай палітыцы.

«Кожная краіна праводзіць сваю эканамічную палітыку, і разгляд гэтага пытаньня не перададзены ў кампэтэнцыю наднацыянальных органаў. Гэта адбываецца таму, — падкрэсьліў Сяргей Румас, — што бізнэс у адной краіне бачыць канкурэнтаў у іншых краінах — удзельніках дамовы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG