Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзэнтацыя кнігі «Жыцьцё пасьля раку» адбудзецца 20 кастрычніка ў к/з «Менск»


20 кастрычніка 19:00, у малой залі к/з Мінск адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «Жыцьцё пасьля раку» з удзелам гуртоў NAVI, RECHA і RAHIS. Уваход вольны. Кніга выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

«Жыцьцё пасьля раку» — гэта 22 гісторыі анкалягічных пацыентаў, якія ўсьвядомілі, што сьмерць можа быць блізка, але іх жыцьцё ў такой сытуацыі набывае іншы сэнс.

Павал Маісееў

Павал Маісееў

Павал Маісееў, загадчык аддзелу арганізацыі супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі, быў адным зь першых, хто прачытаў гэтыя гісторыі і напісаў пасьляслоўе да кнігі:

«Яшчэ дзесяць, нават пяць гадоў таму такое проста нельга было ўявіць, каб людзі ў нашай краіне публічна, не хаваючыся, распа­вядалі пра сваю хваробу, пра «чуму 21 ста­годзьдзя — рак».

У Беларусі людзі хаваюць, што яны маюць анкалягічныя хваробы і дыягназ рак успрымаецца многімі як прысуд. Мэтай гэтага праекту было зьмяніць гэты стэрэатып і расказаць пра людзей, якія перамаглі хваробу і лічаць, што гэтае выпрабаваньне зьмяніла і ўдасканаліла іх жыцьцё.

Павал Маісееў адзначае пазытыўны эфэкт ад такіх публікацыяў:

«Людзі пачынаюць цікавіцца праблемай ракавых захворваньняў, пазнаюць нешта новае для сябе, кажучы мэдыцынскай мовай, павышаюць сваю «анкалягічную пісьмен­насьць». Тут абсалютна дарэчны прынцып: «Хто інфармаваны — той узброены!»

Сярод герояў «Жыцьця пасьля раку» — музыка, банкір, клоўн, палітычны актывіст, тэатральны крытык, настаўніца ангельскай мовы, сьвятар, пэнсіянэр. Гэта людзі розных ўзростаў, інтарэсаў, перакананьняў, сацыяльных статусаў.

Ганна Соўсь

Ганна Соўсь

«У кнізе сабраныя гісторыі 22 чалавек. Гэтыя людзі падзяліліся рэцэптам перамогі над ракам. І гэта толькі пачатак. Бо такіх людзей у Беларусі значна больш», — распавядае кіраўніца праекту «Жыцьцё пасьля раку» Ганна Соўсь.

Паводле яе словаў, у Беларусі 95% людзей хаваюць тое, што яны хварэюць на рак.

20 кастрычніка адбудзецца ўрачыстая прэзэнтацыя кнігі з удзелам яе аўтараў і герояў, а таксама беларускіх музыкаў. Выступяць беларускія гурты NAVI, RECHA i RAHIS.

Гэтая імпрэза распачне кампанію «Перакможам».

XS
SM
MD
LG