Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За санкцыі расейскім чыноўнікам даплацяць


Акцыя партыі «Яблоко» перад будынкам Дзярждумы

Акцыя партыі «Яблоко» перад будынкам Дзярждумы

Сёньня Дзярждума прыняла ў першым чытаньні законапраект пра кампэнсацыі грамадзянам і кампаніям, маёмасьць якіх была арыштаваная за мяжой.

Праект закону быў падтрыманы толькі дэпутатамі фракцыі «Адзіная Расея». Нягледзячы на супраціў апазыцыі і крытыку міністра эканамічнага разьвіцьця Аляксея Улюкаева, законапраект прайшоў невялікай большасьцю галасоў.

СМІ ўжо ахрысьцілі гэты дакумэнт «законам Ратэнбэрга», паколькі ён быў унесены ў Дзярждуму ў той жа дзень, калі Італія арыштавала нерухомасьць бізнэсмэна, блізкага сябра Ўладзіміра Пуціна Аркадзя Ратэнбэрга, які раней быў уключаны Эўразьвязам у пашыраны санкцыйны сьпіс. Паводле зьвестак Ройтэрс у Ратэнбэрга канфіскавалі маёмасьць, ацэненую на 30 мільёнаў эўра (кватэру і вілу на Сардыніі, яшчэ адну вілу ў камуне Тарквінія і гатэль у Рыме). Як прапаноўваецца ў праекце, памер кампэнсацый будзе вызначацца ў памеры стратаў, якія заяўнік панёс з-за разгледжанага іншай дзяржавай зыску і павінен быць выплачаны ў грашовай форме з фэдэральнага бюджэту.

Законапраект выклікаў у грамадзтве вялікі рэзананс. У сераду актывісты партыі «Яблоко» перад будынкам Дзярждумы зладзілі акцыю «Дапаможам алігархам самі». Сябра партыі Рыгор Сямёнаў стаяў ля ўваходу ў Дзярждуму з плякатам «Адабралі палацы за бугром. Скіньцеся, хто колькі можа. Вашы алігархі». Падобная акцыя прайшла раней у Пецярбургу.

XS
SM
MD
LG