Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка чакае ўсплёску пасьля сустрэчы з Бэрдымухамэдавым


Гурбангулы Бэрдымухамэдаў і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў 2012 годзе

Гурбангулы Бэрдымухамэдаў і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў 2012 годзе

Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў пачаў 8 кастрычніка двухдзённы афіцыйны візыт у Беларусь сустрэчай з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Лукашэнка адзначыў, што яму прыемна сустрэцца з Бэрдымухамэдавым па многіх прычынах:

«Па-першае, едзе свой чалавек, вы сапраўды наш сябар. Па-другое, пасьля нашых сустрэч адбываецца нейкі ўсплёск ў нашых адносінах, у тым ліку гандлёва-эканамічных, палітычных».

Гурбангулы Бэрдымухамэдаў лічыць, што ў Беларусі і Туркмэністану ёсьць добрыя пэрспэктывы супрацоўніцтва, у тым ліку ў машынабудаваньні, мэталюргіі, хімічнай індустрыі, харчовай прамысловасьці, сельскай гаспадарцы. Ён падзякаваў беларускаму боку за падтрымку на міжнароднай арэне, а таксама за супрацоўніцтва ў сфэры адукацыі.

«У нашай моладзі ёсьць жаданьне навучацца ў вас. Калі вы дасьце магчымасьць павялічыць квоту, мы будзем удзячныя», — сказаў прэзыдэнт Туркмэністану.

Падчас сустрэчы ў пашыраным складзе Лукашэнка прапанаваў Бэрдымухамэдаву новыя ўзаемавыгадныя кірункі сумеснай працы.

У тым ліку пастаўкі ў Туркмэністан беларускіх камбайнаў, пасажырскіх аўтобусаў і грузавых вагонаў.

Паводле Лукашэнкі, актыўная праца паміж беларускай кампаніяй «Фідмаш» і туркмэнскімі канцэрнамі нафта-і газаперапрацоўкі адкрывае новыя пэрспэктывы супрацоўніцтва ў горна-хімічнай прамысловасьці.

Таксама Беларусь зацікаўлена ў пастаўках будаўнічых матэрыялаў і ліфтавага абсталяваньня.

Паводле кіраўніка Беларусі, пілётным праектам у лёгкай прамысловасьці можа стаць стварэньне сумеснага прадпрыемства па пашыве абмундзіраваньня для туркмэнскіх сілавых ведамстваў.

«Вядома, ня варта забываць і пра традыцыйна напрацаваныя сувязі — гэта далейшыя пастаўкі беларускіх грузавых аўтамабіляў і трактароў», — адзначыў Лукашэнка.

Для далейшага пашырэньня ўзаемнага гандлю ён прапанаваў распрацаваць адмысловую дарожную карту.

Лукашэнка сказаў, што ключавым у двухбаковых адносінах застаецца праект будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Кіраўнік Беларусі спадзяецца, што прапанаваныя беларускімі навукоўцамі сучасныя распрацоўкі зацікавяць дзяржструктуры Туркмэністану.

«Нацыянальная акадэмія навук Беларусі вядзе перамовы аб магчымасьцях пастаўкі ў Туркмэністан шматфункцыянальных бесьпілётных авіяцыйных комплексаў. Улічваючы нашы сяброўскія адносіны, мы гатовыя ня толькі пастаўляць, але і арганізаваць у пэрспэктыве сумесную вытворчасьць бесьпілётнікаў у Туркмэністане», — цытуе БЕЛТА Лукашэнку.

Гурбангулы Бэрдымухамэдаў таксама прыме ўдзел у чарговым саміце кіраўнікоў дзяржаў СНД у Менску.

«Адносіны Беларусі і Туркмэністану сапсаваць немагчыма, у іх вельмі высокі ўзровень», — заявіў журналістам напярэдадні візыту Лукашэнка. Беларусь бачыць вялікія пэрспэктывы ў пастаўках сваіх тавараў праз Туркмэністан у раён Пэрсыдзкай затокі.

Паводле «РИА Новости», Туркмэністан нарошчвае закупкі беларускай дарожна-будаўнічай і транспартнай тэхнікі. У гэтым сэнсе беларускія грузавікі змаглі «пацясьніць» на туркмэнскім рынку расейскія «КамАЗы», якія займаюць тут вядучыя пазыцыі.

Лукашэнка і Бэрдымухамэдаў падпісалі пагадненьне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне паставак беларускай сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, дарожна-будаўнічай, камунальнай і пасажырскай тэхнікі.

Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь гатовая навучаць большую колькасьць студэнтаў з Туркмэністану і выдзеліць месца пад будаўніцтва інтэрнату для іх.

«Туркмэнскі бок хацеў бы пашырыць прысутнасьць сваіх студэнтаў тут, асабліва ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне. Трэба зрабіць максымальна ўсё магчымае», — сказаў Лукашэнка.

Таксама кіраўнік Беларусі прапанаваў пабудаваць гатэльны комплекс на тэрыторыі Нацыянальнай акадэміі навук з улікам разьвіцьця супрацоўніцтва паміж краінамі ў навуковай сфэры.

«Для Беларусі Туркмэністан зьяўляецца адным са стратэгічных партнэраў у Цэнтральнай Азіі», — заявіў Лукашэнка.

XS
SM
MD
LG