Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — Украіна: Аўтары банэра салідарнасьці — ужо на Акрэсьціна


«Барысаў-арэна»
«Барысаў-арэна»

9 кастрычніка ў Барысаве на адзіным у краіне стадыёне, які атрымаў ад УЭФА высокую 4-ю катэгорыю на правядзеньне міжнародных матчаў, адбудзецца сустрэча паміж нацыянальнымі зборнымі Беларусі і Ўкраіны. Цана пытаньня — выхад у фінальную частку чэмпіянату Эўропы. Абедзьве каманды няўдала стартавалі ў групавым турніры — беларусы згулялі на выезьдзе ўнічыю зь Люксэмбургам, а ўкраінцы саступілі дома Славаччыне — і любая новая памылка можа каштаваць пралёту міма заяўленай мэты. Тым часам стала вядома, што ня ўсе заўзятары змогуць падтрымаць сваіх улюбёнцаў з трыбунаў: міліцыя распачала паляваньне на ультрас, а некаторым ужо прысудзілі адміністрацыйныя арышты нібыта за «нецэнзурную лаянку».

Галоўныя трэнэры, як зазвычай, адвешваюць рэвэрансы на адрас супернікаў, гаворачы пра бясспрэчныя здольнасьці апанэнтаў. Так, настаўнік беларусаў Георгі Кандрацьеў апавёў, што з памочнікамі прагледзеў не адну гадзіну запісаў гульняў украінцаў і бачыць, што сёньня давядзецца мець справу з камандай экстра-клясу:

Георгі Кандрацьеў
Георгі Кандрацьеў

«Што тычыцца матчаў, якія мы перад гульнёй прагледзелі, дык гэта абедзьве сустрэчы ўкраінцаў з Францыяй, гэта іх гульня са Славаччынай, гэта гульня з Малдовай. Так што інфармацыяй пра нашага суперніка валодаем шырокай. Склад украінскай каманды не зьмяняецца, і для зборнай, вядома ж, надзвычай добра, што яна гуляе такім стабільным складам. Дый для нас, шчыра кажучы, прасьцей — вывучыць стыль 12–13 гульцоў ці 16–17. Але, як вядома, проста валодаць інфармацыяй і згуляць годна самім — гэта дзьве зусім розныя рэчы. То бок нам галоўнае — самім добра падрыхтавацца, прадэманстраваць лепшыя свае якасьці. А ўжо потым думаць, што нам дазволіць ці не дазволіць супернік».​

За некалькі гадзін да матчу ў Барысаве адбудзецца яшчэ адно беларуска-ўкраінскае супрацьстаяньне пад лёзунгам «Браты назаўжды!». На адным са штучных палёў за футбольным манэжам на праспэкце Пераможцаў пройдзе таварыскі матч фанатаў камандаў Беларусі і Ўкраіны. І хоць арганізатары загадзя акрэсьлілі фармат сустрэчы як «апалітычны паядынак», сілавікі ўсё ж вырашылі дзейнічаць на апярэджаньне. На сайце belultras.by зьмешчана паведамленьне, што суд Кастрычніцкага раёну асудзіў некалькіх фанатаў зборнай Беларусі, уключна зь вядомай у гэтым асяродзьдзі асобай — Яўгенам Адэрыхам. Інкрымінаваныя артыкулы — нецэнзурная лаянка ў грамадзкім месцы і аказаньне супраціву пры затрыманьні, як вынік — ад 5 да 10 сутак арышту. Цягам сёньняшняга і заўтрашняга дня лік пакараных можа яшчэ вырасьці. Як расказалі актывісты фанацкага руху, сярод затрыманых — аўтары банэра салідарнасьці беларускага і ўкраінскага народаў, які меліся вывесіць падчас матчу. Суразмоўцы запэўнілі, што плякат удалося ўратаваць. Адрозна ад людзей.

Тым часам зьявілася інфармацыя, што некаторыя заўзятары маюць праблемы зь перасячэньнем украінска-беларускай мяжы — некаторых без тлумачэньня прычынаў заварочваюць назад, ставячы ў пашпарце забарону на ўезд на розныя тэрміны. Пры гэтым фанатаў з Украіны чакаецца шмат: квіткі ў два гасьцявыя сэктары, якія зьмяшчаюць 800 гледачоў, выкупленыя цалкам.

У дзень матчу для ўкраінскіх заўзятараў ад 10:00 пачне працаваць гарачая лінія. Па нумары +375 33 352-26-98 можна будзе атрымаць інфармацыю пра транспарт да стадыёну ў Барысаве, варыянты пражываньня, наяўнасьць квіткоў і г. д. Апроч таго, пачаўся дадатковы продаж квіткоў у адзін з сэктараў, які мясцовыя аматары футболу да канца не запоўняць. Праўда, самі фанаты ня хочуць акцэнтавацца на ўласных праблемах, кажучы, што для іх галоўнае — вялікі футбол на «Барысаў Арэне».

Бліжэйшыя хатнія гульні з украінцамі і славакамі нездарма лічацца безь перабольшваньня вырашальнымі для беларусаў. У выпадку, калі выхаванцы Георгія Кандрацьева так нічога і не супрацьпаставяць супернікам, можна будзе ўздымаць пытаньне пра прафпрыдатнасьць трэнэрскага штабу — набраць страчаныя ачкі на выезьдзе надзвычай праблематычна. Зрэшты, сам Кандрацьеў ня раз наракаў, што ставяць задачы чыноўнікі, а адказваць за іх невыкананьне мусіць трэнэрскі штаб.

Алесь Камароўскі
Алесь Камароўскі

Вядомы ў мінулым спартовы тэлекамэнтатар Алесь Камароўскі лічыць, што рабіць заўчасныя высновы і зноў тасаваць настаўнікаў зборнай нельга:

«Ну, магчыма, Георгі Кандрацьеў напалову і мае рацыю, але я ня думаю, што калі яны прайграюць сёньня, яго аўтаматычна здымуць. Усё ж ён каманду робіць, амалоджвае. Прынамсі, я адчуваю ягоны почырк, прычым адчуваю рэальна, бо Кандрацьеў насамрэч лепіць калектыў. Іншая справа — з таго, што ёсьць. Вы паглядзіце, як яны апошнія гульні гулялі, то адчуваецца гульня: пас, падстрахоўка, абарона, удары. Хай яны і памыляліся, недзе не пашанцавала, прайгралі, але адчуваецца ягоны почырк як трэнэра. Таму я думаю, што ні ў якім разе яго чапаць нельга. Трэба даць спэцыялісту гадоў пяць, шэсьць, а можа, нават сем, каб ён зрабіў нармальную, цікавую, жыцьцяздольную каманду. Што тычыцца мяне, то буду перажываць. Падабаецца Калачоў — выдатна гуляе, іншыя маладыя хлопцы».

Паўабаронца і капітан зборнай Беларусі Цімафей Калачоў высока ацэньвае прафэсійнае майстэрства сёньняшніх супернікаў, але спадзяецца, што хатнія сьцены дададуць імпэту — калі думаць пра пэрспэктыву, то прайграваць папросту нельга:

Цімафей Калачоў
Цімафей Калачоў

«Там ёсьць, зразумела, дастаткова гульцоў, якіх трэба асьцерагацца. Два крайнія паўабаронцы, вельмі хуткія і небясьпечныя для нашай задняй лініі. Плюс, вядома ж, форварды, якія пастаянна вядуць барацьбу, прэсінгуюць і шмат могуць нарабіць клопату нашым абаронцам. Зрэшты, у іх уся такая зборная, высокага ўзроўню ў прынцыпе. Асобна кагосьці адзначаць па прозьвішчах сэнсу ня мае, бо каманда моцная перадусім калектыўным падборам гульцоў. І супраць такіх супернікаў гуляць, напэўна, яшчэ больш складана. Таму што тут казаць? Зборная Ўкраіны — моцны апанэнт. У прынцыпе, мы ўжо ня раз гулялі супраць адзін аднаго, ведаем, што каманда моцная фізычна, там хуткія і моцныя гульцы. Але, ва ўсялякім выпадку, мы гуляем дома і разумеем, што на самой справе не слабейшыя. Будзем старацца гуляць так, каб у выніку перамагчы. У нас іншага варыянту проста няма».

Наступны матч зборная Беларусі правядзе ў Барысаве 12 кастрычніка супраць каманды Славаччыны, якая разам з гішпанцамі ўзначальвае групу С. 8 верасьня славакі зь мінімальным лікам 1:0 перагулялі ўкраінцаў, Гішпанія разграміла македонцаў 5:1, а Беларусь і Люксэмбург разышліся мірна — 1:1.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG