Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі рубель абясцэньваецца. Ці заўважна гэта ў беларускіх крамах?


У Расеі працягваецца дэвальвацыя нацыянальнай валюты: расейскі рубель за тры апошнія месяцы абясцэніўся адносна амэрыканскага даляра на 19 працэнтаў. Ці адбілася гэта на беларускіх спажыўцах?

Расейскія прадукты ў беларускіх крамах — зьява звыклая. Як часта іх набываюць пакупнікі і ці заўважылі яны зьмены коштаў — цікаўлюся ў наведнікаў аднаго зь менскіх унівэрсамаў:

Карэспандэнтка: «Якія тавары вы набываеце часьцей — беларускія ці расейскія?»

Пакупніца: «Беларускія, бо паводле якасьці і коштаў — цалкам задавальняюць».

Карэспандэнтка: «А расейскія калі-небудзь набываеце?»

Пакупніца: «Так, бывае, але значна радзей».

Карэспандэнтка: «Ці заўважылі якія зьмены коштаў?»

Пакупніца: «Што да расейскіх, то ня ведаю, а на беларускія тавары ўвесь час павышаюцца».

Іншая пакупніца: «У мяне юбілей — вось лікёр, віно выбіраю».

Карэспандэнтка: «Беларускія ці замежныя?»

Пакупніца: «Не, беларускія, — пэўна, лепшыя».

Карэспандэнтка: «А кошты мяняюцца?»

Пакупніца: «На расейскія тавары — ня ведаю, а беларускія растуць».

Вось стаю каля паліцы „Зроблена ў Беларусі“ — беларускія тавары набываю. Ці набывала калі расейскія — нават і ўзгадаць не магу

Пакупніца: «Вось стаю каля паліцы „Зроблена ў Беларусі“ — беларускія тавары набываю. Ці набывала калі расейскія — нават і ўзгадаць не магу. Магчыма, што нейкія малочныя. Пра расейскія тавары нічога ня ведаю, а на беларускія кошты растуць. Так, усё разумеем, але каб і заробкі расьлі таксама, то ўсё б цудоўна было».

Таваравед менскай крамы Алена кажа, што ў сапраўднасьці колькасьць расейскага тавару на паліцах крамы мізэрная, а зьмены коштаў пакуль не адбылося:

Таваравед: «У асноўным у нас усё беларускае, пачынаючы ад піва і да прадуктаў з тэрмінам прыдатнасьці. А расейскія — гэта тавары, якіх няма ў нас. Да прыкладу, гэта рыба, якую вязуць з Сахаліна, рыбныя кансэрвы, некаторыя малочныя тавары — ёгурты і сыры. Але гэтыя тавары складаюць каля 30% ад усіх тавараў. Бо нас кантралююць, правяраюць працэнтныя суадносіны да беларускіх тавараў — вы ж ведаеце — з гэтым усё вельмі строга. Мы гэтага вельмі пільнуемся, і гэткія правілы — для ўсёй гандлёвай сеткі, а ня толькі для нашай крамы».

Карэспандэнтка: «Курс расейскага рубля падае. Ці паўплывае гэта на цэны?»

Таваравед: «На сёньня ніякіх праблемаў з расейскімі таварамі няма. Магчыма, нешта можа быць у будучыні, бо ёсьць такія чуткі, што кошты будуць расьці. А зь іншага боку — таксама шмат казалі, што нашы ўсе тавары паедуць у Расею: і мяса, і малако. Аж не — нічога такога не адбылося. Правільна сказаў наш Аляксандар Рыгоравіч — усё будзе добра, не перажывайце».

Леў Марголін
Леў Марголін

Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што падвышэньне цэнаў на расейскія тавары яшчэ наперадзе:

«Тыя тавары, якія будуць завозіцца — цэны на іх будуць вышэйшыя. Бо заўсёды інфляцыя залежыць ад дэвальвацыі. Паколькі дэвальвацыя ідзе, то будзе і інфляцыя. Перадусім гэта адаб’ецца на дабрабыце расейцаў, бо ў іх рэальныя заробкі зьменшацца. Ну, і тыя тавары, якія мы, скажам, не пасьпелі набыць па нізкіх коштах, заўтра-пасьлязаўтра мы будзем набываць па новых коштах паводле валютнага пераразьліку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG