Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава можа быць крышку лепшай за забойцу, — дыскусія пра сьмяротную кару ў Менску


У Беларускім ПЭН-цэнтры абмеркавалі магчымасьць адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. У дыскусіі з удзелам вядомых пісьменьнікаў бралі ўдзел амбасадары Чэхіі, Вялікабрытаніі і Баўгарыі, а таксама былы міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг.

У Беларускім ПЭН-цэнтры абмеркавалі магчымасьць адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. У дыскусіі з удзелам вядомых пісьменьнікаў бралі ўдзел амбасадары Чэхіі, Вялікабрытаніі і Баўгарыі, а таксама былы міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг.

Паводле літаратуразнаўцы і праваабаронцы Алеся Бяляцкага, асноўнай тэмай беларускай літаратуры «заўсёды было змаганьне за чалавека». Чаму ж тады беларускае грамадзтва збольшага згоднае са сьмяротнай карай? Адзін з адказаў — гэтак беларусаў «перавыхавалі» сталінскія рэпрэсіі. Пісьменьнік Адам Глёбус падзяліўся думкай: у шокавых абставінах, прыкладам, калі ў чалавека забіваюць блізкага, ён можа хутка ператварыцца ў жорсткую помсьлівую жывёлу. Іншая рэч — ці дапушчальна для дзяржавы тое, што можа дазволіць сабе чалавек?

«Дзяржава можа быць крышку лепшай за такога чалавека і забараніць сабе забіваць. І ўласным прыкладам паказваць, што забіваць нельга. Больш за тое, яна павінна стрымліваць тую жывёлу, якая знаходзіцца ў нас. Таму я буду апэляваць да гэтай дзяржавы, да гэтых кіраўнікоў — ня быць жывёламі, быць крыху лепшымі за аднаго асобнага чалавека».

Алесь Бяляцкі і пасол Вялікабрытаніі Брус Бэкнэл

Алесь Бяляцкі і пасол Вялікабрытаніі Брус Бэкнэл

Былы міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг на гэта заўважыў, што бачыў за сваё доўгае жыцьцё людзей, якія ня толькі ў надзвычайных абставінах станавіліся на шлях забойства сабе падобных. Гэтак было ў нацысцкіх лягерах падчас Другой усясьветнай вайны, а потым паўтарылася ў камуністычныя часы ў дзяржаўных турмах, дзе забівалі праціўнікаў рэжыму. «Гэта ёсьць ва ўсіх нас, і часам гэта прачынаецца, калі гэтаму даць шанец».

Карэл Шварцэнбэрг

Карэл Шварцэнбэрг

Паводле амбасадара Чэхіі ў Беларусі Мілана Экерта, апошні раз за палітычнае злачынства ў ягонай краіне пакаралі сьмерцю ў 1960 годзе, а самы апошні сьмяротны прысуд быў выкананы дакладна 25 гадоў таму:

«Пасьля „Аксамітнай рэвалюцыі“ сьмяротнае пакараньне было адмененае, і гэта замацавалі ў Канстытуцыі. Але гэта не адбылося праз усенародны рэфэрэндум, а стала заслугай асобных палітыкаў з гуманістычнымі поглядамі, такіх, як Вацлаў Гавэл», — сказаў амбасадар Чэхіі спадар Экерт.

Мілан Экерт

Мілан Экерт

У Беларусі кампанія за адмену сьмяротнага пакараньня ўскладняецца вынікамі рэфэрэндуму 1996 году, на якім большасьць выказалася за захаваньне гэтай меры пакараньня. Шмат хто лічыць, што і адмены сьмяротнага пакараньня можна дасягнуць толькі праз рэфэрэндум. Андрэй Палуда, адзін з арганізатараў «Тыдня супроць сьмяротнага пакараньня», гэта аспрэчвае. Праваабаронца зь «Вясны» даводзіць, што амаль 20 год таму ў Крымінальным кодэксе не было такога пакараньня, як пажыцьцёвае зьняволеньне, якое цяпер можа разглядацца як альтэрнатыва сьмяротнай кары. Андрэй Палуда мяркуе, што пэўным рашэньнем заканадаўцаў можна прыпыніць выкананьне такога пакараньня, а таксама разьлічвае на зьмену грамадзкай думкі праз агітацыю.

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

Ці пойдзе гэтым шляхам беларуская дзяржава? Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які сам з Полацку Віцебскай вобласьці, добра памятае 70-я гады мінулага стагодзьдзя, калі ў вобласьці забіваў жанчын маньяк Міхасевіч. Пакуль міліцыянты лавілі забойцу, некалькі чалавек былі бязьвінна пакараныя, у тым ліку адзін — сьмерцю:

«Таксама існаваньне сьмяротнага пакараньня дазваляе ўладам у літаральным сэнсе схаваць у зямлю злачынны непрафэсіяналізм сьледчых і судзьдзяў. Маю на ўвазе, што сьледчыя дагэтуль выбіваюць паказаньні на загад зьверху, а судзьдзі хутка выносяць прысуды, як гэта было ў нядаўняй гісторыі са справай аб тэракце ў мэтро, калі праз 3,5 месяца Ўладзіслава Кавалёва ўжо расстралялі».

Уладзімер Арлоў ня верыць, што пры цяперашнім рэжыме сьмяротнае пакараньне ў Беларусі будзе адмененае. Пісьменьнік нагадаў словы індыйскага палітыка Махатмы Гандзі: «Калі людзі будуць кіравацца прынцыпам „вока за вока“, дык сьвет зробіцца сьляпым».

Ці сапраўды ў Эўропе ідэя неўжываньня сьмяротнага пакараньня канчаткова перамагла? У Вялікабрытаніі, дзе сьмяротнае пакараньне даўно адмененае, 45% жыхароў усё ж дагэтуль за такое пакараньне. Праўда, сярод моладзі прыхільнікаў сьмяротнага пакараньня ня больш за траціну. Гэтыя дадзеныя паведаміў амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Брус Бэкнэл. Эўрапейцы пераканаліся, што сьмяротнае пакараньне не зьмяншае колькасьць цяжкіх злачынстваў, і гэтае меркаваньне, як спадзяецца амбасадар, пераможа і ў Беларусі.

Папскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроці мяркуе, што трэба весьці больш шырокую і настойлівую адукацыйную працу з простымі людзьмі за скасаваньне сьмяротнага пакараньня. А ці варта чакаць, што і кіраўніцтва Беларусі, яе кіроўная эліта таксама зьменяць стаўленьне да праблемы?

Кляўдыё Гуджэроцьці

Кляўдыё Гуджэроцьці

Намесьнік кіраўніка амбасады Баўгарыі ў Беларусі Івайла Іванаў гэтага не выключае пры ўмове далікатнай, «канфідэнцыйнай» працы з вышэйшымі чыноўнікамі, якія не ўспрымаюць «крытыку наўпрост».

Былы міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг заявіў наступную пазыцыю: «Калі гаворка пра захаваньне жыцьцяў, то тут я гатовы працаваць з самымі дзіўнымі рэжымамі, хай для іх гэта толькі пытаньне захаваньня іміджу», — лічыць спадар Шварцэнбэрг.

Алесь Бяляцкі і Карэл Шварцэнбэрг

Алесь Бяляцкі і Карэл Шварцэнбэрг

XS
SM
MD
LG