Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі няма іншых рэсурсаў для інтэграцыі, акрамя субсыдыяў партнэрам — экспэрт


Расея і Беларусь дамовіліся пра кампэнсацыі беларускаму боку стратаў ад падатковага манэўру ў нафтавай галіне. Масква пайшла на саступкі Менску пасьля перамоваў прэм’ераў дзьвюх краінаў, якія скончыліся ўвечары 7 кастрычніка ў Сочы.

Пра мэханізм кампэнсацыі стратаў Беларусі ад «вялікага падатковага манэўру» ў нафтавай галіне Расеі распавёў расейскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч. Ён падкрэсьліў дзьве акалічнасьці. Па-першае, Расея ня будзе зьмяншаць аб’ёмы паставак нафты ў Беларусь. Па-другое, яна ўлічыць і разьліковыя страты беларускага бюджэту. У выніку прэфэрэнцыі для Беларусі складуць прыкладна паўтара мільярда даляраў на 2015 год.

Сёньня віцэ-прэм’ер Дварковіч патлумачыў: пошліны ад экспарту нафтапрадуктаў з расейскай нафты ў 2015 годзе будуць цалкам залічвацца ў бюджэт Беларусі.

«Была дамоўленасьць, што 1,5 мільярда [даляраў] залічваецца ў беларускі бюджэт, астатняе — у расейскі, а цяпер усё [у беларускі бюджэт]», — сказаў Дварковіч. Ён удакладніў, што такая дамоўленасьць пакуль распаўсюджваецца на 2015 год.

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Нядрэнным вынікам для Беларусі» называе такое рашэньне эканаміст Сяргей Чалы. Але ён зьвяртае ўвагу на тое, што з кожным годам гэты бонус будзе непазьбежна зьмяншацца:

«Павялічваецца сума нафтавых экспартных пошлін, якія застаюцца ў беларускім бюджэце. Але ж зразумела, што больш грошай, чым гэтыя пошліны складаюць, атрымаць немагчыма. А тры наступныя гады велічыня пошлін будзе пасьлядоўна зьніжацца. Таму гэтаксама пасьлядоўна будзе зьмяншацца і велічыня гэтых выгадаў. А пры жаданьні Расея можа зьвесьці ўсе гэтыя прэфэрэнцыі для нас да нуля.

Цяпер мы маем з Расеяй дамову аб падзеле экспартных пошлін. Але нафтавы манэўр прадугледжвае зьніжэньне пошлін і адначасовае павелічэньне падатку на карысныя выкапні. Гэта паступовы рух. У 2016 годзе велічыня пошлін будзе меншая, а ў 2017 — яшчэ меншая».

Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году Віктар Цярэшчанка сказаў Свабодзе, што ёсьць сама меней тры прычыны, чаму Крэмль пайшоў на саступкі беларускім уладам. Што здарылася б, калі б ён гэтага не зрабіў?:

Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

«Па-першае, Расея б засталася адна. Таму што і Казахстан, і Армэнія, і іншыя „цёплыя“ для Расеі краіны праводзяць уласную палітыку. Таму страціць Беларусь на сваім заходнім вэктары Расея тым больш ня хоча.

Другі важны момант — асноўныя фонды. Расея робіць усё магчымае, каб купіць тыя беларускія прадпрыемствы, якія працуюць эфэктыўна. Альбо праз крэдыты і заклад, і пасьля прыватызацыя са зьменаю ўласьніка. Альбо іншымі шляхамі, напрыклад, празь непасрэдную куплю ці акцыянаваньне.

І трэці момант — гэта складнік „саюзнай дзяржавы“. Эфэктыўнасьць ад яе невялікая. Але палітычны складнік і прыклад для іншых важны».

Два галоўныя фактары, якія паўплывалі на рашэньне Масквы, называе дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«Фундамэнтальны фактар — гэта тое, што ў Расеі фактычна няма ніякіх іншых рэсурсаў дзеля інтэграцыі, каб трымаць сваіх партнэраў у інтэграцыйнай арбіце і прасоўваць інтэграцыю далей, акрамя грошай. А грошы могуць вымярацца як банкнотамі, так і субсыдыямі, як гэтым разам.

І па-другое, ёсьць яшчэ лякальны фактар. Тая геапалітычная сытуацыя, у якой апынулася цяпер Масква, не спрыяе таму, каб ісьці на нейкія новыя скандалы, канфлікты. Наадварот, трэба паказваць, асабліва ўнутры Расеі, што інтэграцыя разьвіваецца нармальна, так, як і плянавалася. І ў нашай сытуацыі гэтыя два фактары сышліся».

Беларусь штогод пералічвае ў расейскі бюджэт каля чатырох мільярдаў даляраў мыта ад экспарту нафтапрадуктаў, выпрацаваных зь бязмытнай расейскай нафты. Краіна дамаглася права пакінуць у 2015 годзе ў сваім бюджэце 1,5 мільярда даляраў вывазнога экспартнага мыта на нафтапрадукты з расейскай нафты. Гэтыя сродкі плянавалася накіраваць на пагашэньне зьнешняга дзярждоўгу.

Для кампэнсацыі стратаў беларускі бок хоча цалкам пакідаць да канца 2017 году ў сваім бюджэце экспартнае мыта на нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай нафты. 29 верасьня намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў заявіў, што Беларусі дастаткова 1,5 мільярда даляраў ад вывазнога мыта на нафтапрадукты, якія будуць заставацца ў бюджэце Беларусі з 2015 году, каб пакрыць страты бюджэту.

XS
SM
MD
LG