Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія інфэкцыяністы пра вірус Эбола: «Няма падставаў для панікі»


Колькасьць ахвяраў небясьпечнай і пакуль невылечнай ліхаманкі Эбола дасягнула амаль трох з паловай тысяч чалавек. Усясьветная арганізацыя аховы здароўя заявіла пра непазьбежнасьць распаўсюду ліхаманкі Эбола ў Эўропе. Пра гэта сьведчыць заява эўрапейскага рэгіянальнага дырэктара Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя Жужаны Якаб (Zsuzsanna Jakab). Ці пагражае ліхаманка Эбола Беларусі? Што робяць у краіне, каб засьцерагчыся? Ці ёсьць чым лячыць, калі інфэкцыя ўсё ж прыйдзе і сюды?

Паводле заявы рэгіянальнага дырэктара Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя Жужаны Якаб, у дадзены момант рызыка заражэньня вірусам Эбола для эўрапейцаў мінімальная.

«Самае галоўнае, на наш погляд, тое, што рызыка для Эўропы ўсё яшчэ нізкая, і тое, што заходняя частка Эўрапейскага рэгіёну — адна з найбольш падрыхтаваных у сьвеце для адказу на вірусныя гемарагічныя ліхаманкі, уключна зь ліхаманкай Эбола», — адзначыла яна.

Ці ёсьць небясьпека, што ліхаманка дабярэцца да Беларусі? Асыстэнт катэдры інфэкцыйных захворваньняў Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, лекар-інфэкцыяніст з 40-гадовым стажам Мікалай Шаўлоў супакойвае:

Я спадзяюся, што яна да нас не даляціць. Але калі даляціць — сыстэма, што рабіць, як дзейнічаць — адпрацаваная

«Баіцеся, што і да Беларусі дабярэцца? Я спадзяюся, што яна да нас не даляціць. Але калі даляціць — сыстэма, што рабіць, як дзейнічаць — адпрацаваная. Ня трэба палохацца. Няма падставаў для панікі. Я разумею, што ў страху вочы вялікія, але ня трэба перабольшваць».

Міністэрства аховы здароўя запэўнівае, што папераджальныя захады робяцца яшчэ з сакавіка. У нацыянальным аэрапорце ўсталяваныя адмысловыя прылады вымяраць тэмпэратуру на адлегласьці, кшталту цеплавізараў. Цень чалавека з нармальнай тэмпэратурай — чорнага колеру, з павышанай — чырвонага. Усе студэнты, якія прыяжджаюць на вучобу з афрыканскага кантынэнту, праходзяць пільны мэдычны агляд. Пакуль не было ніякіх падазрэньняў на прыкметы небясьпечнага захворваньня. І хоць вакцыны ад ліхаманкі Эбола яшчэ ў сьвеце няма, а антыбіётыкі ў дадзеным выпадку не спрацоўваюць, Беларусь узброеная даступнымі лекамі ня горш за іншыя краіны, сьцьвярджае лекар-інфэкцыяніст Мікалай Шаўлоў:

«Прыедзе да нас такі хворы — будзем лячыць, ізаляваць, рабіць, што трэба. Прынамсі, падставаў нам, лекарам-інфэкцыяністам, чагосьці баяцца я ня бачу ніякіх абсалютна.

Першы важны момант — ізаляцыя, гэта ўсё адпрацавана. А дапамога пацыенту, які, ня дай Божа, будзе ахвярай — у прынцыпе, увесь арсэнал лекавых сродкаў, які ёсьць у сьвеце, ён даступны і ў Беларусі. Мы ў гэтым пляне ўзброеныя».

Вірус Эбола пад мікраскопам. Фота Shutterstock

Вірус Эбола пад мікраскопам. Фота Shutterstock

Дацэнт Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, лекар-інфэкцыяніст Мікола Галабародзька патлумачыў, што гэта за інфэкцыя — ліхаманка Эбола:

«Ліхаманка Эбола адносіцца да групы інфэкцыяў, якія называюцца віруснымі гемарагічнымі ліхаманкамі. Іх даволі шмат, і некаторыя даволі лёгкія. Скажам, ёсьць гемарагічная ліхаманка з ныркавым сындромам, яна сустракаецца ў Беларусі. Але частка гэтых гемарагічных ліхаманак — вельмі небясьпечныя. Яны так і называюцца — „небясьпечныя гемарагічныя ліхаманкі“.

Беларусь у пляне вірусалёгіі, увогуле мікрабіялёгіі — даволі прасунутая краіна

Беларусь у пляне вірусалёгіі, увогуле мікрабіялёгіі — даволі прасунутая краіна і цяпер, і раней. Яшчэ ў часы Савецкага Саюзу ў нас у лябараторыях Інстытуту мікрабіялёгіі захоўваліся якраз вірусы небясьпечных гемарагічных ліхаманак, і гэта было, бадай, адзінае месца ў Савецкім Саюзе, дзе працавалі з гэтымі вірусамі. Так што нейкі досьвед ёсьць. Адзінае — гэты досьвед ня тычыцца тэрапіі і вынікаў лячэньня».

Першы выпадак заражэньня ліхаманкай Эбола ў Эўропе быў зафіксаваны ў Гішпаніі. Небясьпечны вірус знайшлі ў мэдсястры з брыгады, якая лячыла місіянэра Мануэля Гарсія-Віеха, які памёр ад ліхаманкі 26 верасьня. У міжнароднай арганізацыі «Лекары бязь межаў» паведамілі, што ліхаманкай у Сьера-Леонэ заразіўся іх супрацоўнік родам з Нарвэгіі. Дайшоў вірус Эбола і да Нямеччыны. На сёньняшні дзень, паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасьць ахвяраў ліхаманкі Эбола дасягнула 3338, колькасьць інфікаваных складае 7178 чалавек.

XS
SM
MD
LG