Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грані.ру працягнуць працу ў партызанскіх умовах


Ад сакавіка незалежны партал Grani. ru унесены ў Расеі ў сьпіс забароненых рэсурсаў. Юлія Беразоўская, дырэктар заблякаванага выданьня, запэўнівае ў публічным звароце, што галасы свабоднай Расеі будуць пачутыя.

Сайт Граняў (як і сайт Каспаров.ру ды блог Аляксея Навальнага ў ЖЖ) былі закрытыя нібыта за заклікі да масавых непарадкаў. На загад Раскамнагляду правайдэры па ўсёй Расеі заблякавалі доступ да рэсурсаў.

«У Расеі даводзіцца дорага, вельмі дорага плаціць за словы, піша Беразоўская, — царскай катаргай за распаўсюд крамольнага тэксту, гадамі савецкіх лягераў і „псыхушак“ за самвыдат ці палітычны анэкдот.

Цяпер ва ўладзе ў краіне людзі, якія зрабілі кар’еру ў КДБ на жорсткім здушэньні свабоднай думкі і слова. На фоне ўкраінскага крызысу яны дзейнічаюць яшчэ больш бессаромна і жорстка.

Сёньня за крытыку Крамля і падтрымку Украіны зьбіваюць, забіваюць, цягнуць у аўтазак, прысуджаюць адміністрацыйныя арышты і крымінальныя тэрміны. Мы бачым жорсткія расправы з журналістамі, блякіроўкі сайтаў, спробы ўсталяваць татальны кантроль у сацсетках.

Разыгрываючы сэпаратысцкую карту ў Данбасе, Крэмль вельмі нэрвова рэагуе на любыя спробы абмеркаваньня правоў расейскіх рэгіёнаў. За артыкулы ў інтэрнэце з крытыкай імперскай палітыкі Пуціна публіцыст Барыс Стамахін адбывае другі лягерны тэрмін — яго абвінавацілі ў закліках да тэрарызму. Уведзена крымінальнае пакараньне за адхіленьне ад афіцыйнай трактоўкі гісторыі Другой сусьветнай вайны».

Юлія Беразоўская адзначае, што цяпер незалежныя журналісцкія праекты перамяшчаюцца з Расеі за мяжу (звольнены рэдактар Ленты.Ру адкрывае ў Рызе грамадска-палітычны сайт для расейскай аўдыторыі), карыстальнікі навучаюцца метадам аднаўленьня доступу да заблякаванага кантэнту. Грані разьмяшчаюць на Youtube відэа яркіх арт-пратэстаў.

Паводле Беразоўскай, матэрыялы друкуюцца ў ранейшым аб’ёме, для расейскіх чытачоў пастаянна запускаюцца новыя люстраныя копіі сайта, пашыраецца прысутнасьць у сацсетках.

«Мы прайгралі ў Расеі ўсё суды супраць блякаваньня, але ня страцілі сваю аўдыторыю. Мы працягваем працу ў партызанскіх умовах. Нам важна захаваць Грані як свабодную дыскусійную пляцоўку і сымбаль грамадзянскага супраціву. Наш вопыт „падпольнага вяшчаньня“ спатрэбіцца і іншым інтэрнэт-праектам. Галасы свабоднай Расіі абавязкова будуць пачутыя», заключае Беразоўская.

XS
SM
MD
LG