Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook рыхтуецца дазволіць ананімнасьць


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Сацыяльная сетка Facebook даўно спрабуе прэзэнтаваць сябе як месца, дзе вы будзеце самім сабой. Неўзабаве Facebook дазволіць вам быць сабой, але пад іншым імем.

Кампанія працуе над аўтаномнай мабільнай праграмай, якая дазваляе карыстальнікам ўзаемадзейнічаць ананімна. Пра гэтыя пляны New York Times паведамілі таксама на ўмовах ананімнасьці.

Праграма, як чакаецца, выйдзе ў найбліжэйшыя тыдні.

«Гэта частка таго, што адрозьнівала Facebook у першую чаргу,» — сказаў прадстаўнік Facebook Крыс Кокс, галоўны прадстаўнік па прадукцыі Facebook, маючы на ўвазе ідэнтыфікацыю ў сацыяльных сетках. У той час як прыдуманыя імёны (нікі) альбо ананімнасьць у астатнім сэгмэнце Інтэрнэту былі нормай.

Гэта застаецца па-ранейшаму так на галоўным сайце Facebook, які мае больш за мільярд рахункаў. Але новая праграма зьяўляецца доказам таго, што кампанія гатова разгледзець альтэрнатыўныя варыянты.

Гаворка ідзе пра праграму, якая дазволіць карыстальнікам Facebook выкарыстоўваць некалькі псэўданімаў, каб адкрыта абмяркоўваць розныя тэмы, якія яны не жадаюць закранаць пад сваімі сапраўднымі імёнамі.

Прадстаўнік Facebook заявіў, што кампанія не камэнтуе чутак.

Пакуль што невядома, як новая праграма будзе ўзаемадзейнічаць з асноўным сайтам Facebook. Няясна, якім чынам праграма будзе дазволяць ананімны абмен фатаграфіямі.

Ананімныя онлайн-размовы ўжо даўно зрабіліся асаблівасьцю сайтаў ва ўсім Інтэрнэце. Reddit, велізарная інтэрнэт-супольнасьць, дазваляе ўсім карыстальнікам зарэгістравацца пад псэўданімам. Іншыя рэсурсы таксама дазваляюць карыстальнікам выкарыстоўваць любое імя, якое яны хочуць.

Facebook — і, у прыватнасьці, Марк Цукэрбэрг, выканаўчы дырэктар кампаніі — прызнаў карыснай ананімнасьць карыстальнікаў. Сёлета Цукэрбэрг сказаў, што гэта дазволіць распрацоўшчыкам ўключыць магчымасьць ананімнасьці ў іншыя праграмы.

Нядаўнія падзеі выявілі рознагалосьсі ў Facebook у пытаньні ідэнтыфікацыі асобы ў сетцы. Пасьля некалькіх тыдняў пратэстаў, Facebook на мінулым тыдні заявіў, што дазволіць лесьбіянкам, геям, бісэксуалам і трансгендэрным асобам выкарыстоўваць імёны, якія яны прынялі, але якія не супадаюць зь іх юрыдычнымі імёнамі. На сваёй старонцы ў Facebook спадар Кокс заявіў, што кампанія ўнясе зьмены ў сваю палітыку ў будучыні, хаця пакуль незразумела, якім чынам гэта адбудзецца.

Магчыма, што гэтая новая праграма будзе выкарыстоўвацца ў супольнасьцях, дзе абмяркоўваюцца мэдычныя тэмы, паведаміла агенцтва Reuters.

Незразумела, як Facebook абароніць карыстальнікаў ад спамэраў або троляў, а таксама — хто атрымае магчымасьць скарыстацца гэтай новай паслугай. «Тролінг, хатні гвалт, і больш высокі ўзровень зьдзекаў і нецярпімасьці часта ідуць ад асобаў, якія хаваюцца пад фальшывымі імёнамі, і гэта страшнае і сумна», — напісаў спадар Кокс на сваёй старонцы ў Facebook.

XS
SM
MD
LG