Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перажывем і гэты рэжым», — Хадаркоўскі


Міхаіл Хадаркоўскі ў інтэрвію «Голасу Амэрыкі» ацаніў сытуацыю ў Расеі, канфлікт ва Ўкраіне і распавёў пра палітычныя пляны.

Голас Амэрыкі: Выйшаўшы з-за кратаў, вы сказалі, што не зацікаўлены ў тым, каб займацца палітычнай дзейнасьцю. Нядаўна вы сказалі, што праблемаў так шмат, што, калі спатрэбіцца, калі вас паклічуць, вы гатовы паўдзельнічаць у вырашэньні расейскіх праблемаў. З чым зьвязанае зьмяненьне гэтай пазыцыі або карэкціроўка яе, што на вас паўплывала? Ці атрымалі вы нейкую «зваротную сувязь» з Расеі?

Я па-ранейшаму не хачу атрымаць уладу над бюракратыяй, але я цалкам не зьбіраюся ўхіляцца ад адказнасьці за свае словы, што на нашу сёньняшнюю расейскую рэчаіснасьць неабходна ўплываць, уплываць палітычнымі мэтадамі

Хадаркоўскі: Я па-ранейшаму магу сказаць, што не зацікаўлены ў палітычнай дзейнасьці ў тым сэнсе, у якім у нас часта яе разумеюць. Я па-ранейшаму не хачу атрымаць, не зацікаўлены атрымаць уладу над бюракратыяй, але я цалкам не зьбіраюся ўхіляцца ад адказнасьці за свае словы, у тым ліку за словы пра тое, што на нашу сёньняшнюю расейскую рэчаіснасьць неабходна ўплываць, уплываць сур’ёзна, палітычнымі мэтадамі. І больш за тое, калі ў мяне пытаюцца, а ці гатовы я ўзяць у гэтым непасрэдны ўдзел — так, вядома, гатовы. Я ніколі ад падобнай адказнасьці не ўхіляўся. Іншае пытаньне — ці падабаецца мне гэта? Ці няма ў мяне ў жыцьці іншых інтарэсаў? Не падабаецца, і інтарэсы ёсьць. Але сёньня я лічыў бы няправільным адысьці ўбок.

Голас Амэрыкі: Сытуацыя вакол Украіны, Крым... Не пазьбегнуць адвечных расейскіх пытаньняў да вас як да грамадзкага дзеяча, чалавека, які толькі што пацьвердзіў, што гатовы ўдзельнічаць у вырашэньні праблемаў Расеі: хто вінаваты і што рабіць?

Хадаркоўскі: Я лічыў, лічу — і ў гэтым мая пазыцыя нязьменная: тое, што зрабіў Пуцін ва Ўкраіне — вялікая палітычная памылка. Безумоўна, пытаньне Крыму не такое простае. І для расейскага грамадзтва Крым мае нейкае сакральнае значэньне. Я пра гэта казаў, і казаў, у тым ліку,

Я лічыў, лічу — і ў гэтым мая пазыцыя нязьменная: тое, што зрабіў Пуцін ва Ўкраіне — вялікая палітычная памылка

украінскім калегам. Іншая справа, што, робячы выбар паміж тэрыторыяй і 45-мільённым брацкім народам, я б, вядома, лічыў правільным выбар на карысьць дружбы з суседам, таму што ў Расеі ня так шмат відавочных саюзьнікаў. Ня так шмат тых людзей, тых народаў, зь якімі ў нас агульныя гістарычныя карані. І ўкраінскі народ — самы вялікі з гэтых народаў. Цяпер мы пасварыліся, пасварыліся на дзесяцігодзьдзі, пасварыліся з-за мяжы, якая ўвогуле, як мы разумеем, у Эўропе, якая аб’ядноўваецца, і ў сьвеце, які глябалізуецца, вялікага значэньня ня мае. Я наагул праціўнік межаў у Эўропе. Я лічу, што людзі павінны перамяшчацца цалкам спакойна... Сёньня выйграе тая краіна, якая дае людзям вялікія магчымасьці па перамяшчэньня ў параўнаньні з тымі краінамі, якія абстаўляюць гэта рознымі ўмовамі і абмежаваньнямі.

Голас Амэрыкі: Людзі непазьбежна параўноўваюць час Пуціна з часам Ельцына, кажуць пра вынікі прыватызацыі, пра тое, што вы і алігархі першай хвалі выкарыстоўвалі агульнанародныя прыродныя рэсурсы. Прычым ёсьць крытыка ад тых людзей, якія лічаць, што трэба «ўсё адабраць і падзяліць». І ад тых людзей, якія кажуць, што ў той жа Нарвэгіі даходы ад продажу нафты ідуць у Фонд будучых пакаленьняў, ідуць на сацыяльныя праграмы. Гэта справа мінулая, столькі часу прайшло — як вы лічыце: на пачатку 90-х ці можна было нейкім іншым шляхам абысьціся з самай даходнай, самай прыбытковай галіной расейскай дзяржавы — здабычай і продажам энэргарэсурсаў?

Хадаркоўскі: Без усялякіх сумневаў, той спосаб, якім была праведзена прыватызацыя, прывёў да вельмі цяжкіх сацыяльных наступстваў, і, безумоўна, «чэскі шлях», гэта значыць шлях стварэньня закрытых фондаў, які мог бы прывесьці да меншага адчужэньня людзей ад прыватнай уласнасьці, быў бы слушнейшы. Уласна, з гэтай прапановай мы выходзілі ва ўрад Расейскай Фэдэрацыі ў 2003 годзе. На вялікі жаль, тады ўжо, па ўсім відаць было, ва Ўладзімера Пуціна насьпела думка аб перадачы даходных кавалкаў уласнасьці свайму атачэньню, і таму ідэя пераразьмеркаваньня гэтай уласнасьці на карысьць усяго грамадзтва не сустрэла ў яго разуменьня. Мы бачым цяпер: дэ-факта пад лёзунгамі нацыяналізацыі адбываецца фактычнае пераразьмеркаваньне гэтай уласнасьці ў кішэню бліжэйшага пуцінскага атачэньня. І як вынік мы бачым, што выдаткі нафтавай галіны растуць, а паступленьні ў бюджэт адтуль, супастаўныя пры новых коштах, падаюць. Дайшло да таго, што кіраўнік «Раснафты», згодна з паведамленьнямі сродкаў масавай інфармацыі, які атрымлівае 50 мільёнаў даляраў заработнай платы, запатрабаваў амаль трыльён з фонду нацыянальнага дабрабыту або з рэзэрвовага фонду, ва ўсякім выпадку з таго фонду, адкуль плянавалася дапоўніць пэнсійны фонд Расеі.

Голас Амэрыкі: Ці гэта ўплыў санкцыяў? Дарэчы, як вы ставіцеся да санкцыяў?

Дайшло да таго, што кіраўнік «Раснафты», згодна з паведамленьнямі сродкаў масавай інфармацыі, які атрымлівае 50 мільёнаў даляраў заработнай платы, запатрабаваў амаль трыльён з фонду нацыянальнага дабрабыту або з рэзэрвовага фонду, ва ўсякім выпадку з таго фонду, адкуль плянавалася дапоўніць пэнсійны фонд Расеі

Хадаркоўскі: Мне складана пагадзіцца, што менавіта санкцыі, а не неэфэктыўнае кіраваньне галіной прывяло да неабходнасьці прасіць і аб зьніжэньні падатковай нагрузкі, і адначасова аб атрыманьні датацыяў з рэзэрвовых фондаў бюджэту, бо нафтавая галіна — прыбытковая, і вельмі незразумела, якім чынам трэба было гаспадарыць, каб спатрэбілася пры санкцыях ці бяз санкцыяў, але датаваць яе са сродкаў фэдэральнага бюджэту.

Голас Амэрыкі: Скажыце, напэўна, вам задавалі такое пытаньне: у чым, на ваш погляд, прынцыповая розьніца паміж так званай «сямібанкіршчынай» часоў прэзыдэнта Ельцына і цяперашнімі новымі алігархамі з так званага каапэратыву «Возера»? Ці ёсьць прынцыповая розьніца?

Хадаркоўскі: Я параўноўваю той уплыў, які быў у буйных прадпрымальнікаў у часы Ельцына, з тым, што я бачу сёньня ў часы Пуціна, і прыходжу да высновы, што мне цяжка сабе ўявіць, каб Барыс Мікалаевіч Ельцын — пры ўсім яго спрэчным характары — наўпрост з фэдэральнага бюджэту перадаваў бы нямераныя мільярды, а рэальна — трыльёны рублёў свайму атачэньню, нават зь ліку ягонай «сям’і». Дый само гэтае атачэньне было меншае, таму апэтыты ў яго былі нашмат сьціплейшыя.

Голас Амэрыкі: Магчыма, яшчэ адно пытаньне, над якім вы думалі. Ці магчымае ваша вяртаньне ў Расею, дзе складаныя эканамічныя праблемы? Раптам вас прэзыдэнт Пуцін пакліча на ролю эканамічнага дарадцы, а можа, і прэм’ер-міністра? Але пры гэтым застанецца кіраўнік «Раснафты» Сечын, нічога ня зьменіцца ў блізкім асяродзьдзі, а вось Хадаркоўскага паклічуць. Ці думалі пра гэта?

Хадаркоўскі: Мне досыць складана сабе ўявіць сытуацыю, у якой чалавек, заклапочаны, па-першае, сваёй уладай, тым, каб назаўжды заставацца на пасадзе кіраўніка краіны, зрабіў бы хоць нейкі крок, як заўгодна выгадны для краіны, але накіраваны на тое, каб гэтая ўлада рана ці позна зьмянілася, каб у краіне аднавіліся рэальныя выбары, каб у краіне ўлада зьмянялася рэгулярна па выніках гэтых справядлівых выбараў. А для мяне вось такі падыход — адзіна магчымы.

Голас Амэрыкі: І апошняе пытаньне, пабудзьце крыху ў ролі Вангі. Бліжэйшая будучыня Расеі: ваш прагноз — аптымістычны, пэсымістычны, рэалістычны?

Хадаркоўскі: У Расеі больш чым тысячагадовая гісторыя, і я перакананы: што б ні тварыў цяперашні рэжым, Расея будзе працягваць існаваць. Былі ў нашай гісторыі і больш непрыемныя рэжымы. Але мы неяк іх перажывалі. Перажывем і гэтым разам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG