Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 здымкаў пра сьмяротнае пакараньне


У Менску ў рамках Тыдня супраць сьмяротнага пакараньня адкрылася фотавыстава «Вышэйшая мера».

Фатаграфіі Сяргея Балая прысьвечаныя маці расстраляных і асуджаных на сьмяротнае пакараньне.

Фатаздымкаў 26, на некаторых зь іх маці трымаюць партрэты сваіх дзяцей. Чатыры жанчыны, сярод якіх Любоў Кавалёва, ужо ніколі ня ўбачаць сыноў жывымі, бо дзяржава прызнала іх злачынцамі і пакарала вышэйшаю мераю. Пятая — маці Аляксандра Грунова — чакае кожнай весткі, якая б пацьвердзіла, што сын усё яшчэ жывы.

«Ідэя гэтага праекту не была спантаннаю, яна зьявілася прыкладна год таму. Па-першае, шмат пытаньняў зьявілася пасьля тэракту ў мэтро. Таксама я перажыў шок пасьля адной прэсавай канфэрэнцыі на пачатку 2013 году. Там былі агучаныя дасьледаваньні расейскіх сацыёлягаў, паводле якіх больш за палову беларусаў упэўненыя, што ў нас мараторый на сьмяротнае пакараньне», — распавёў на адкрыцьці выставы аўтар здымкаў Сяргей Балай.

Сяргей Балай
Сяргей Балай

Кантакты маці асуджаных і расстраляных Сяргей Балай шукаў праз праваабарончы цэнтар «Вясна». Паўгода спатрэбілася фатографу, каб падрыхтаваць выставу. Агулам Сяргей Балай зьвярнуўся да 12 жанчын, але толькі пяць зь іх пагадзіліся ўзяць удзел у праекце.

На саму выставу ніхто з гэтых маці не прыйшоў, апрача Тамары Чыкуновай з Узбэкістану. Пасьля таго як 14 гадоў таму расстралялі ейнага адзінага сына, яна занялася праваабарончаю дзейнасьцю.

Тамара Чыкунова
Тамара Чыкунова

Суд над сынам, паводле Чыкуновай, адбыўся незаконна, а вырак выканалі занадта хутка:

«Мой досьвед кажа, што ў любым выраку можа быць вялікі адсотак памылкі. А таму нават пажыцьцёвае зьняволеньне дае магчымасьць выправіць чалавека, а сьмяротнае пакараньне — незваротнае. З тых спраў, якімі я займалася, са 100 чалавек толькі 12 атрымалі пажыцьцёвае зьняволеньне ў выніку перагляду справы», — выступіла з прамоваю Тамара Чыкунова.

Нягледзячы на гэта, праваабарончая дзейнасьць Тамары Чыкуновай прынесла плён — 1 студзеня 2008 году Ўзбэкістан адмовіўся ад сьмяротнага пакараньня.

Беларусь тым часам застаецца адзінай эўрапейскаю краінаю, дзе расстрэльваюць у імя закону.

Прысутны на адкрыцьці выставы амбасадар Вялікай Брытаніі адзначыў, што для ягонай краіны тэма сьмяротнага пакараньня застаецца дагэтуль актуальнаю.

Сяргей Балай і Брус Бакнэл
Сяргей Балай і Брус Бакнэл

«Толькі 50 гадоў таму адбылося апошняе выкананьне сьмяротнага выраку ў Вялікай Брытаніі. Нягледзячы на гэта, нядаўняе апытаньне ў Вялікай Брытаніі выявіла, што больш за сорак адсоткаў жыхароў краіны падтрымліваюць сьмяротнае пакараньне. І хоць Вялікая Брытанія — цывілізаваная краіна, ідэя помсты, відавочна, жыве дагэтуль», — заўважыў Брус Бакнэл.

Ніводнае кіраўніцтва краіны ня мае права забіваць свайго грамадзяніна. Гэткае меркаваньне выказаў прысутны тут жа Карэл Шварцэнбэрг, экс-міністар замежных спраў Чэхіі:

«Я нарадзіўся ў 1937 годзе. Калі я ўяўляю сабе, колькі людзей было пакарана да таго, калі я скончыў школу, гэта ўжо падстава для мяне, каб змагацца супраць сьмяротнага пакараньня. Я зычу вялікіх посьпехаў у змаганьні за адмену вышэйшай меры і запэўніваю ў сваёй падтрымцы», — дадаў Карэл Шварцэнбэрг.

Карэл Шварцэнберг
Карэл Шварцэнберг

У Менск чэскі палітык завітаў у межах Тыдня сьмяротнага пакараньня. Сёньня ў Галерэі «Ў» адбудзецца публічная лекцыя Карэла Шварцэнбэрга.

Паглядзець сумесны праект фотажурналіста Сяргея Балая і кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» можна ў менскай кнігарні «Галіяфы» (вул. Валгаградзкая 4а, ст. м. «Маскоўская»).

Івайла Іваноў, Часовы Павераны ў справах Рэспублікі Балгарыя ў Беларусі
Івайла Іваноў, Часовы Павераны ў справах Рэспублікі Балгарыя ў Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG