Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная Рада ўхваліла ўчора пакет антыкарупцыйных законапраектаў. Канчатковага прыняцьця гэтых законаў, накіраваных на барацьбу з карупцыяй, чакаюць 14 кастрычніка.

Учора з усяго антыкарупцыйнага пакета ў цэлым прынялі толькі адзін закон, але вельмі важны. Ён датычыць магчымасьці пакараньня Віктара Януковіча і ягоных паплечнікаў, якія ўцяклі з Украіны.

Вярхоўная Рада дазволіла завочнае асуджэньне і канфіскацыю маёмасьці асобаў, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку за злачынствы супраць Украіны.

Гэты закон дазволіць прыцягнуць Віктара Януковіча і яго паплечнікаў да адказнасьці, а таксама канфіскаваць маёмасьць асобаў, якія падтрымліваюць тэрарызм, адзначае старшыня кіраўніцтва грамадзкай арганізацыі «Цэнтар процідзеяньня карупцыі» Віталь Шабунін.

«Гэта прамежкавая перамога. Гэта значыць, з ключавых антыкарупцыйных зьменаў у цэлым прынялі адну. Стварэньне Антыкарупцыйнага бюро, незаконнае ўзбагачэньне, адкрыцьцё рэестра нерухомай маёмасьці, стварэньне рэестра бэнэфіцыярных уладальнікаў юрыдычных асобаў прынялі ў першым чытаньні. У другім чытаньні іх будуць разглядаць у аўторак. Тут што важна? Каб у аўторак былі ўсе галасы. Другое, каб падчас падрыхтоўкі да аўторка ключавыя нормы з законаў ня зьніклі », — адзначыў Шабунін.

За прэзыдэнцкі і ўрадавыя антыкарупцыйныя законапраекты галасавалі і сябры фракцыі Партыі рэгіёнаў. Каб паглядзець, што будзе далей, заяўляе адзін з іх — Нестар Шуфрыч.

«Ёсьць пазыцыя асобных юрыстаў аб недасканаласьці і непрацаздольнасьці гэтых законаў. Але сёньня мы падтрымліваем гэты закон і хочам паглядзець, як сапраўды будзе весьціся барацьба з карупцыяй. Мы ня будзем вам перашкаджаць і дапаможам у гэтым працэсе. Але цікава, чаму гэта робіцца цяпер — за тры тыдні да выбараў, а не зрабілі гэта ў першы дзень прыходу да ўлады? » — зазначыў Шуфрыч.

Карумпаваным краінам грошы не даюць — Яцанюк

Паводле іншага прынятага ў першым чытаньні закону — аб стварэньні Антыкарупцыйнга бюро — новае ведамства павінна займацца расьсьледаваньнем карупцыйных злачынстваў, учыненых высокапастаўленымі асобамі: міністрамі, дэпутатамі, дзяржслужбоўцамі 1-2 катэгорыі, судзьдзямі, работнікамі Генпракуратуры, вайскоўцамі вышэйшага афіцэрскага складу, кіраўнікамі дзяржпрадпрыемстваў.

Прыняцьце гэтага законапраекта да канца кастрычніка зьяўляецца адным з ключавых патрабаваньняў МВФ для выдзяленьня наступнага траншу Ўкраіне. Пра гэта, выступаючы ў парлямэнце, нагадаў прэм’ер-міністар Арсень Яцанюк.

«Гэта зьяўляецца адным з ключавых элемэнтаў пляна эканамічнага аднаўленьня Ўкраіны. Карумпаваным краінам грошы не даюць і да карумпаваных краінаў інвэстары таксама не ідуць», — адзначыў Яцанюк.

XS
SM
MD
LG