Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст Буракоў віны не прызнаў, суд працягнецца 8 кастрычніка


Аляксандар Буракоў

Аляксандар Буракоў

Разгляд адміністрацыйнай справы супраць незалежнага журналіста з Магілёва Аляксандра Буракова працягнецца 8 кастрычніка. Фрылансэра вінавацяць у незаконным вырабе прадукцыі для замежнага сродку масавай інфармацыі. У журналіста, паводле матэрыялаў справы, адсутнічае акрэдытацыя.

На сёньняшнім пасяджэньні суд заслухаў самога Буракова, двух міліцыянтаў, якія сьведчылі супраць журналіста. Таксама судзьдзя Алена Волкава пачала праглядаць матэрыялы справы.

Суду Аляксандар Буракоў заявіў, што не прызнае сябе вінаватым. Ён настойваў, што беларуская канстытуцыя і ратыфікаваны Беларусьсю Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуюць яму права на выраб і распаўсюд інфармацыі. Таксама журналіст заявіў, што ў ягоных дзеяньнях наагул няма складу правапарушэньня:

«Артыкул, які ёсьць на сайце „Deutsche Welle“ канчаткова быў сфармаваны рэдактарам, які знаходзіцца ў Боне. Таму тэксты, якія я рыхтаваў, не зьяўляюцца фінальным артыкулам, і сёньня судзьдзя насамрэч убачыла, што гэта так. Відавочна было, што судзьдзя хацела скончыць працэс сёньня, але рэальна доказаў маёй віны яна не знаходзіла», — заяўляе Аляксандар Буракоў.

Відавочна было, што судзьдзя хацела скончыць працэс сёньня, але рэальна доказаў маёй віны яна не знаходзіла

Паводле журналіста, артыкул адміністрацыйнага кодэксу, які яму інкрымінуюць, ня тычыцца наўпроставай дзейнасьці журналіста, а выключна юрыдычнай асобы, якім ёсьць сродак масавай інфармацыі. Пра гэта таксама Буракоў сказаў у судзе.

Адміністрацыйная справа супраць Аляксандара Буракова мае сто дваццаць старонак. Яна ахоплівае апошнія чатыры гады ягонай журналісцкай дзейнасьці. Сярод дакумэнтаў — і пратаколы апытаньняў тых, хто фігураваў у ягоных артыкулах. Аднак пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні складзены толькі за артыкул «Сьцяжынай кантрабандыста: ці працуюць расейскія санкцыі на памежжы», які быў апублікаваны пад ягоным імем на афіцыйным сайце нямецкага СМІ «Deutsche Welle».

Сьведкі-міліцыянты ў судзе заявілі, што бачылі ў інтэрнэце публікацыі, падпісаныя імем Аляксандар Буракоў. Яны аднак не змаглі давесьці суду, што бачылі як ён гэтыя публікацыі рыхтаваў.

Судовае пасяджэньне праходзіла ў кабінэце судзьдзі. Падтрымаць Буракова прыйшло больш за пятнаццаць чалавек.

XS
SM
MD
LG