Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ян Карскі. Чалавек свабоды» дайшоў да Беларусі


Ян Карскі ў 1943 годзе

Ян Карскі ў 1943 годзе

У Беларусі адзначаецца 100 гадоў з дня народзінаў Яна Карскага — вялікага паляка, ганаровага грамадзяніна ЗША і Ізраіля, чалавека, які спрабаваў спыніць Галакост. У Музэі гісторыі Менску адкрылася выстава, прысьвечаная Яну Карскаму, а амбасада Польшчы ў Беларусі сумесна з Інстытутам Польскім у Менску і Музэем гісторыі Польшчы правяла навуковую канфэрэнцыю і прэзэнтацыю праекту «Ян Карскі. Чалавек свабоды».

Амэрыканскі часопіс «Newsweek» назваў Яна Карскага адной з найбольш выбітных асобаў ХХ стагодзьдзя. У яго шмат ганаровых навуковых званьняў. Карскі — «Праведнік народаў сьвету», таксама ён узнагароджаны вышэйшым польскім ордэнам Белага Арла, які ўручыў яму Лех Валэнса ў 1995 годзе, а ў 2012 годзе прэзыдэнт ЗША Барак Абама ўзнагародзіў яго пасьмяротна мэдалём Свабоды.

Дырэктар Музэю гісторыі Польшчы Робэрт Костра на прэзэнтацыі праекту «Ян Карскі. Чалавек cвабоды» ў рэдакцыі газэты «Народная Воля» адзначыў:

«На жаль, палякі мала ведаюць гісторыю Беларусі, а беларусы — гісторыю Польшчы. Таму мэта такіх імпрэзаў — пазнаёміць адзін аднаго з выбітнымі асобамі бліжэйшых, суседніх краінаў».

Робэрт Костра

Робэрт Костра

Дырэктар Музэю гісторыі Польшчы Робэрт Костра назваў Яна Карскага выбітным прадстаўніком польскага падпольля. Паводле ягоных словаў, Ян Карскі быў эмісарам уладаў польскай падпольнай дзяржавы і сьведкам Галакосту — ён двойчы пабываў у Варшаўскім гета і ў лягеры сьмерці Ізьбіцы-Любэльскай, каб перадаць дакладныя зьвесткі пра зьнішчэньне габрэяў на тэрыторыі Польшчы.

Біяграфія Карскага — выдатны матэрыял для вострасюжэтнага дэтэктыву. Немцы яго называлі «бальшавіцкім агентам, які прыслужвае габрэям». Ягоную справаздачу пра зьнішчэньне габрэяў слухалі міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Энтані Ідэн, ваенны міністар ЗША Генры Стымсан і прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэльт. У 1944 годзе ў ЗША выйшла кніга Карскага «Тайная дзяржава» («Story of Secret State») і адразу стала бэстсэлерам — наклад дайшоў да 400 тысяч асобнікаў. Пасьля вайны Карскі эміграваў у ЗША, працаваў у аддзеле дыпляматычнай службы, чытаў лекцыі.

Эльжбэта Шчапаньска-Дамброўска, дарадца па навуцы і культуры Амбасады Рэспублікі Польшча, на адкрыцьці выставы

Эльжбэта Шчапаньска-Дамброўска, дарадца па навуцы і культуры Амбасады Рэспублікі Польшча, на адкрыцьці выставы

І толькі на пачатку 1980-х, праз 40 гадоў пасьля місіі, пачатай у Варшаўскім гета, Ян Карскі пасадзіў дрэва на Алеі Праведнікаў сьвету ў мэмарыяле Яд ва-Шэм у Ерусаліме. Ён атрымаў мноства ганаровых званьняў і ўзнагародаў. Дарэчы, да 2012 году «Тайная дзяржава» выдавалася 17 разоў.

І вось толькі цяпер, калі Яну Карскаму споўнілася б 100 гадоў, амбасада Польшчы ў Беларусі прэзэнтуе гэты гістарычны праект.

Намесьніца галоўнага рэдактара «Народнай Волі» Марыя Эйсмант распавяла:

«Гэта была прапанова польскай амбасады. Тэма нас адразу зацікавіла. Наагул, гістарычныя тэмы ўвесь час, пэрманэнтна прысутнічаюць на старонках нашай газэты. У нас ёсьць сталыя рубрыкі „Далёкае — блізкае“, „Старонкі гісторыі“, дзе мы імкнёмся друкаваць погляд на тую ці іншую падзею ня толькі так, як гэта было прадстаўлена калісьці яшчэ за савецкім часам, але і тое, што мы ведаем цяпер, у час нашай незалежнасьці. То бок здабыткі гісторыкаў, які цяпер становяцца нам даступныя. Яшчэ да гэтай канфэрэнцыі мы друкавалі тэксты пра Яна Карскага, інтэрвію з дырэктарам Музэю гісторыі Польшчы Рабэртам Кострам».

На пытаньне Радыё Свабода, ці займаліся беларускія гісторыкі-дасьледчыкі, якія вывучаюць тэму Галакосту, дасьледаваньнем дзейнасьці Яна Карскага, дырэктар Музэю гісторыі Польшчы Робэрт Костра адказаў, што, на жаль, не.

XS
SM
MD
LG