Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гібелі Салея вінаваты экіпаж самалёта, – сьледзтва


Рэшткі самалёта Як-42

Рэшткі самалёта Як-42

Непадрыхтаваны экіпаж ЯК-42 вінаваты ў гібелі яраслаўскіх хакеістаў разам зь беларусам Русланам Салеем.

Сьледчы камітэт Расеі завяршыў расьсьледаваньне авіякатастрофы ў Яраслаўскай вобласьці ў 2011 годзе, ахвярамі якой сталі 44 чалавекі, у тым ліку 37 хакеістаў клюбу «Лякаматыў». Сярод іх быў і знаны беларускі хакеіст Руслан Салей.

Як паведамляецца на сайце ведамства, прычынай крушэньня самалёта стала памылка экіпажу, дапушчанага да палёту без адпаведнай праверкі авіякампаніяй «ЯК Сэрвіс».

У парушэньні правілаў бясьпекі абвінавачваецца былы намесьнік дырэктара ў лётнай працы кампаніі Вадзім Цімафееў. Сьледчыя лічаць, што менавіта ён адказваў за рэйс з хакеістамі «Лякаматыву» і незаконна дапусьціў да палёту непадрыхтаваны экіпаж.

«У прыватнасьці, допуск камандзіра судна аформлены Цімафеевым на падставе сфальшаваных дакумэнтаў, другі пілёт на той момант ня скончыў перанавучаньне на тып судна Як-42 і ня меў права выкананьня палётаў» – заяўляе ведамства.

Сам самалёт, паводле дадзеных сьледзтва, быў спраўным. У цяперашні час крымінальная справа накіраваная на разгляд у суд.

Самалёт ЯК-42 авіякампаніі «ЯК-Сэрвіс» з хакеістамі яраслаўскага «Лякаматыву» на борце разьбіўся 7 верасьня 2011 году пры ўзьлёце з аэрадрому Тунашна ў Яраслаўскай вобласьці. Каманда ляцела на гульню ў Менск.

Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт назваў прычынай катастрофы памылку пілётаў. Расьсьледаваньне паказала, што самалёт быў цалкам спраўным, запраўлены якасным палівам, памеры і якасьць узьлётнай паласы былі нармальнымі, абмежаваньняў на вылет пілёты не атрымлівалі, мэтэаўмовы былі «простыя».

XS
SM
MD
LG