Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве судзяць журналіста-фрылансэра Аляксандра Буракова


Аляксандар Буракоў

Аляксандар Буракоў

7 кастрычніка Ленінскі суд Магілёва пачаў разглядаць адміністрацыйную справу супраць незалежнага журналіста Аляксандра Буракова. Яго вінавацяць у незаконным вырабе прадукцыі для замежнага сродку масавай інфармацыі. Фрылансэру пагражае штраф да пяцідзесяці базавых велічыняў. Вінаватым сябе журналіст не прызнае і спадзяецца, што знойдзе аргумэнты, каб пераканаць у гэтым судзьдзю Алену Волкаву.

Аляксандар Буракоў перад працэсам не гатовы быў казаць, як ён разам з адвакатам будзе бараніцца ў судзе. На пытаньне, з чым зьвязвае перасьлед, адказвае, што для яго матывы да канца не зразумелыя.

«Калі мы з калегамі пачалі абмяркоўваць ход падзеяў, мы ўспомнілі, што некалькі гадоў таму адбылося нешта падобнае зь цяпер ужо нябожчыкам Генадзем Суднікам, шматгадовым старшынём магілёўскай суполкі БАЖ. Суднік тады ўсіх папярэдзіў, што такое можа адбыцца з кожным журналістам. Вось цяпер гэта адбылося са мной. Я, шчыра кажучы, быў гатовы да такога разьвіцьця падзеяў. Вінаватым сябе не лічу», — кажа Аляксандар Буракоў.

Да суду міліцыянты правялі агляд жытла і ў журналіста, і ў ягоных бацькоў — забралі чатыры кампутары. Тры зь іх вярнулі. Чацьвёрты застаецца ў міліцыі. У ім нібыта выявілі доказы таго, што Буракоў займаўся незаконнай дзейнасьцю. Міліцыя наведалася да Буракова, калі ў Менску з афіцыйным візытам была прадстаўніца АБСЭ па СМІ Дуня Міятавіч.

«Афіцыйны Менск запрасіў Дуню Міятавіч. Усё было файна, але раптам такі выбрык у Магілёве. Дуня Міятавіч кажа, што трэба скасаваць акрэдытацыю, і ў той жа час па гэтым артыкуле такія брутальныя дзеяньні ў Магілёве. Хутчэй за ўсё, гэта нейкія „менскія войны“», — мяркуе Аляксандар Буракоў.

Хутчэй за ўсё, гэта нейкія „менскія войны“

Паводле журналіста, ягоная адміністрацыйная справа мае сто дваццаць старонак. Яна ахоплівае апошнія чатыры гады ягонай дзейнасьці як журналіста. Сярод дакумэнтаў — і пратаколы апытаньняў тых, хто фігураваў у ягоных артыкулах. Тым ня менш, заўважае Буракоў, пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні складзены толькі за артыкул «Сьцяжынай кантрабандыста: ці працуюць расейскія санкцыі на памежжы», які быў апублікаваны пад ягоным імем на афіцыйным сайце нямецкага СМІ «Deutsche Welle».

На думку Аляксандра Буракова, міліцыя выконвае тое, што раней рабілі супрацоўнікі КДБ.

«Зразумела, што праверкі гэтыя робяць супрацоўнікі КДБ. Знойдзенае складаецца ў нейкую папку, і ў пэўны момант яны даюць ход нейкай справе», — лічыць Аляксандар Буракоў.

Раней участковы міліцыянт азнаёміў Аляксандра Буракова з матэрыяламі праверкі, якую праводзілі супрацоўнікі КДБ. Тады справа тычылася нібыта супрацоўніцтва журналіста з тэлеканалам «Белсат». Аляксандар Буракоў зазначае, што за ініцыятывай яго перасьледу, як у выпадку зь «Белсатам», так і зь «Нямецкай хваляй», стаіць менавіта Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, а міліцыя толькі выконвае распараджэньні гэтага ведамства.

Беларуская асацыяцыя журналістаў заяўляе пра неправамернасьць перасьледу рэпартэраў, чые імёны і матэрыялы зьяўляюцца ў замежных СМІ, і патрабуе спыніць такую практыку.

Ціск на журналістаў мае адкрыты характар запалохваньня і шантажу і супярэчыць нормам нацыянальнага заканадаўства і міжнародным абавязаньням Рэспублікі Беларусь у галіне забесьпячэньня свабоды распаўсюду інфармацыі, — гаворыцца ў заяве Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая днямі была накіраваная генэральнаму пракурору, міністру ўнутраных спраў, старшыні Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў, а таксама старшыні Вярхоўнага Суду.

XS
SM
MD
LG