Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы не гатовыя адмовіцца ад Данбасу – сацыёлягі


Толькі 7% украінцаў пагаджаюцца з тым, каб Данбас стаў «незалежнай дзяржавай», і толькі 5% – каб ён стаў часткай Расеі.

Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы імя Ілька Кучэрава», праведзенага сумесна з Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі. Затое амаль 47% украінцаў выступаюць за ўнітарную палітычную сыстэму Ўкраіны з правядзеньнем дэцэнтралізацыі ўлады і пашырэньнем паўнамоцтваў мясцовага самакіраваньня.

«Большасьць украінцаў, а гэта 45,5%, сыходзяцца на тым, каб Данбас заставаўся часткай Украіны на тых жа ўмовах, што і раней, аднак значная частка (32,5%) лічаць, што Данбас павінен застацца ў складзе Ўкраіны, але можа атрымаць ад Кіева больш самастойнасьці. Бачым, што ні пра якую Наваросію няма гаворкі і ўсе гэтыя байкі, што нібыта ўкраінцы гатовыя адмовіцца ад Данбасу, ня маюць пад сабой падставаў. Толькі 12% украінцаў так ці інакш гатовыя адмовіцца ад гэтага рэгіёну» – кажа дырэктар фонду«Дэмакратычныя ініцыятывы імя Ілька Кучэрава» Ірына Бакешкіна.

На пытаньне «Ці хацелі б вы, каб ваша вобласьць выйшла са складу Ўкраіны і стварыла сваю незалежную дзяржаву?», 84,2% апытаных адказалі «не», 7,3% адказалі «так», 8,5% не змаглі вызначыцца з адказам.

Таксама на пытаньне «Ці хацелі б вы, каб ваша вобласьць выйшла са складу Ўкраіны і далучылася да іншай краіны?» 85,8% адказалі «не», 5,8% адказалі «так», 8,4% не змаглі вызначыцца з адказам.

Дасьледаваньне праводзілася з 12 па 21 верасьня ў 110 населеных пунктах ва ўсіх абласьцях Украіны, акрамя Крыму і Луганскай вобласьці, дзе вяліся актыўныя баявыя дзеяньні. За кошт Луганскай вобласці была адпаведна павялічаная квота Данецкай вобласьці, якая па многіх парамэтрах мала адрозьніваецца ад насельніцтва Луганскай вобласьці. За пэрыяд апытаньня было сабрана 2035 анкетаў. Хібнасьць апытаньня не перавышае 2,2%.

З ініцыятывы прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі Вярхоўная Рада ў верасьні прыняла закон аб «асаблівым статусе» некаторых раёнаў Данбасу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG