Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У верасьні ўпершыню ў гісторыі нафтавай прамысловасьці Беларусі на Рэчыцкім радовішчы пачалася прамысловая здабыча нафты са сланцавых парод.

Новую сьвідравіну пачалі сьвідраваць 28 лютага 2014 году ў петрыкаўска-ялецкім пакладзе Рэчыцкага радовішча. У выніку асваеньня сьвідравіны Рэчыцкае радовішча атрымала прамысловы прыток нетрадыцыйнай нафты са шчыльных парод, якія характарызуюцца вельмі нізкай пранікальнасьцю.

Да апошняга часу паклады нетрадыцыйнай нафты былі недасяжныя для беларускіх нафтавікоў. Але дзякуючы новым тэхналёгіям цяпер праз новую сьвідравіну здабываюць 20 тон нафты ў суткі.

Паводле афіцыйнага паведамленьня на сайце «Беларусьнафта», запасы нафты тут могуць скласьці да 700 тысяч тон. Гэта адпавядае 3 працэнтам таго аб’ёму нафты, які Беларусь штогод імпартуе з Расеі.

Экспэрт у нафтагазавай галіне Тацяна Манёнак адзначае, што імкненьне да дывэрсыфікацыі крыніцаў энэрганосьбітаў асабліва актуальнае для Беларусі, якая сёньня татальна залежыць ад Расеі ў пастаўках нафты і газу.

Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

«Першы досьвед атрыманьня сланцавай нафты — пакуль што проста сыгнал, што беларускія спэцыялісты — прафэсійныя нафтавікі, якія маюць багаты досьвед здабычы. І хоць здабыча сланцавай нафты — справа нятанная, я лічу, што такое памкненьне пахвальнае», — кажа Тацяна Манёнак.

Але казаць, што новая крыніца нафты істотна і сур’ёзна падвысіць энэргабясьпеку Беларусі, пакуль вельмі рана. Як адзначыла экспэрт, сёньня Беларусь імпартуе з Расеі каля 22 мільёнаў тон нафты, і ў параўнаньні з гэтым аб’ёмы здабычы сланцавай нафты па новых тэхналёгіях — мізэрныя.

«Здабыча сланцавай нафты адбываецца ў вельмі мізэрным аб’ёме ў параўнаньні з тымі аб’ёмамі, якія патрабуюцца Беларусі, якая агулам здабывае ўсяго 1,6 мільёна тон нафты і нафтаперапрацоўчыя заводы якой патрабуюць 22–23 мільёны».

Беларускія нафтавікі разьлічваюць у хуткім часе пачаць здабычу сланцавай нафты яшчэ з адной сьвідравіны, што сьведчыць пра пошук крыніцаў нерасейскай нафты. Аднак экспэрт у энэргетычнай галіне, аўтар ідэі Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара Станіслаў Гусак лічыць, што ў Беларусі пакуль яшчэ для гэтага зроблена мала.

«У нас прызвычаіліся, што Расея дае пэўную колькасьць — і гэтага дастаткова для функцыянаваньня нафтаперапрацоўчых заводаў, якія кормяць Беларусь. Але цяпер на прыкладзе Ўкраіны мы бачым,

Атрымаўшы аднойчы свабоду, трэба будзе думаць, як забясьпечыць краіну энэрганосьбітамі

як вырашаецца пытаньне з газам. Я думаю, што такім жа чынам будзе вырашацца пытаньне і з нафтай, у выніку чаго Расея стане запраўкай Кітая. Беларусі трэба быць гатовай да таго, што мы апынёмся ў сытуацыі, падобнай да ўкраінскай. Атрымаўшы аднойчы свабоду, трэба будзе думаць, як забясьпечыць краіну энэрганосьбітамі. А ў нас вельмі мала зроблена ў гэтай галіне. Асабліва калі ўлічыць, што ў Беларусі ёсьць і вугаль, і газ, і нафта. Прычым у нашмат большай колькасьці, чым тая, якая цяпер вядомая і якая здабываецца», — лічыць Станіслаў Гусак.

Калі ж знайсьці сваю нафту не ўдаецца, то яе можна завозіць з арабскіх краін ці замяніць вугалем, як гэта робіцца ў Кітаі, кажа экспэрт.

«Нафта ёсьць у арабскіх краінах, можна яе везьці адтуль. Але ня так шмат зроблена для таго, каб грунтоўны пошук зрабіць тут, у Беларусі. Трэба разгортваць гэты пошук. Яшчэ трэба памятаць, што падчас вайны немцы ўсе нафтапрадукты рабілі з вугалю, і гэтая тэхналёгія таксама можа быць выкарыстаная. Напрыклад, 80 працэнтаў нафтапрадуктаў Кітая вырабляюцца з вугалю. Тым больш што вугаль, напрыклад, з Паўднёвай Афрыкі амаль нічога не каштуе, трэба плаціць толькі за дастаўку. Але ў Беларусі пакуль сур’ёзна за тэму энэргабясьпекі нават ня браліся».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG