Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канал HBO паказаў фільм пра зьдзекі зь геяў у Расеі


Кадр з фільму «Зацкаваныя. Вайна супраць геяў у Расіі»

Кадр з фільму «Зацкаваныя. Вайна супраць геяў у Расіі»

ПАСТКА Ў КВАТЭРЫ Ў САНКТ-ПЕЦЯРБУРГУ

Жах з прыглушанымі крыкамі адбываецца ў змрочнай кватэры. Людзі, якія схапілі закладніка, пагражаюць згвалціць яго палкай і памачыцца на яго. На працягу некалькіх сэкундаў мускулісты мужчына пускае ў ход кулакі, каб супакоіць палоннага.

Ахвяру завабіла расейская групоўка «Акупай Пэдафіляй» (Оккупай Педофиляй), якая летась прыцягнула да сябе сусьветную ўвагу, распаўсюджваючы ў інтэрнэце відэа такіх жорсткіх нападаў на геяў.

Аднак, у адрозьненьне ад згаданых відэазапісаў, фрагмэнт ў кватэры ў Санкт-Пецярбургу ў мінулым годзе зьняў брытанскі кінарэжысэр Бэн Стыл. Прэм’ера яго дакумэнтальнага фільму аб злачынствах гэтай групоўкі адбылася 6 кастрычніка на амэрыканскім канале HBO.

У фільме пад назвай «Зацкаваныя. Вайна супраць геяў у Расіі» Бэн Стыл дае жудасную закулісную карціну гэтага руху. Рэжысэр лічыць, што яму ўдалося зазірнуць за кулісы групоўкі «Акупай Пэдафіляй» дзякуючы свайму абяцаньню быць аб’ектыўным у падыходзе да тэмы, а таксама дзякуючы гонару, які ўдзельнікі групоўкі адчуваюць ад актаў гвалту супраць гомасэксуалістаў.

«Яны насамрэч вераць, што іх падтрымліваюць расейскія ўлады, і яны лічаць, што да пэўнай ступені адлюстроўваюць адчуваньне большасьці расейцаў» — сказаў Бэн Стыл у інтэрвію Радыё Свабода.

Удзельнікі групоўкі сьцьвярджаюць, што іх відэаролікі накіраваныя на тое, каб пасарамаціць пэдафілаў, незалежна ад іх сэксуальнай арыентацыі. Але рух рэгулярна прыраўноўвае гомасэксуалізм да пэдафіліі. Такой пазыцыі прытрымліваецца і расейскі праваслаўны сьвятар, які выказаўся для фільму.

У дакумэнтальным фільме «Зацкаваныя» ёсьць кадры сэансаў плянаваньня байцоў «Акупай Пэдафіляй». Галоўным прынцыпам працы па вызначэньні ахвяраў гэтай групоўкі зьяўляецца завабліваньне іх на сустрэчы праз сайты сацыяльных сетак з абяцаньнем мець аднаполыя сэксуальныя зносіны.

Пасьля таго, як зьдзекі ў кватэры ў Санкт-Пецярбургу сталі больш жорсткімі, Бэн Стыл быў вымушаны пакінуць пакой і яму сказалі спыніць здымкі. Але ён змог праціснуцца назад з уключанай камэрай. Паводле рэжысёра, гэтая была найлепшая даступная тактыка, каб паспрабаваць спыніць эскаляцыю сытуацыі. Ён дадаў, што яму стала «сапраўды страшна за маладога чалавека, якога завабілі ў кватэру».

«Я адчуваў, што, будучы ў пакоі і ўтрымліваючы камэру, дзейнічаю як тормаз для зьдзяйсьненьня больш жорсткага гвалту» — сказаў рэжысёр.

ЗАКОН АБ ПРАПАГАНДЗЕ ГОМАСЭКСУАЛІЗМУ

Прэм’ера дакумэнтальнага фільму Бэн Стыла прайшла на фоне супярэчлівага закону, падпісанага прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуцінам летась, які ставіць па-за законам «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных зносін» сярод непаўналетніх у Расіі, дзе апытаньні грамадзкай думкі паказваюць шырокую антыпатыю да гомасэксуалістаў.

Расплывіста сфармуляваны закон быў прадстаўлены Пуцінам і іншымі расейскімі афіцыйнымі асобамі як акт, накіраваны на абарону дзяцей і заахвочваньне нараджальнасьці ў Расеі, у той час як урады заходніх краінаў і праваабарончыя арганізацыі асудзілі яго як дыскрымінацыйны ў адносінах да геяў.

Удзельнікі супольнасьці лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгендэраў (ЛГБТ) у Расеі кажуць, што якраз гэты закон паслужыў ўмацаваньню пачуцьця беспакаранасьці сярод такіх груповак, як «Акупай Пэдафіляй».

У фільме «Зацкаваныя» чалавек па імені Дзіма распавядае, як ён і некалькі іншых мужчын-геяў былі зьбітыя нападнікамі, якія разрабавалі кватэру, дзе яны сустракаліся. Падчас нападу прагучалі стрэлы, Дзіму паранілі і ён застаўся сьляпым на адно вока на ўсё жыцьцё.

Ён распавядае здымачнай групе, што заканадаўства супраць геяў у Расіі паставіла ЛГБТ-супольнасьць фактычна ў сытуацыю, калі яны ня ў стане публічна абараняць сябе, ды стварыла вакол іх абалонку варожасьці, якая можа аказацца сьмяротнай.

«Калі чалавеку ўбіваецца, што гэта забойцы, падонкі і вычварэнцы, то я, вядома, разумею гэтых хлопцаў, якія ў мяне стралялі. Калі ўвесь час гэта дзяўбці ў галаву, то рана ці позна ў іх там нешта пераключыцца, яны возьмуць пісталет і пойдуць страляць» — кажа Дзіма.

Бэн Стыл кажа, што ў фільме ён акцэнтаваў увагу на гэтак званых «лінчавальных» групоўках накшталт «Акупай Пэдафіляй» якраз з прычыны грубай сілы і гвалту на тых відэазапісах, якія распаўсюджваюцца праз інтэрнэт.

У той час як расейскі закон аб забароне «гей-прапаганды» выклікаў хвалю пратэстаў і абурэньня ва ўсім сьвеце, жорсткасьць гэтых відэаролікаў адыграла значную ролю ў пабуджэньні да дзеяньня па аказаньні шырокай міжнароднай падтрымкі супольнасьці ЛГБТ Расеі.

«Калі некаторыя заставаліся ў баку або не выказаліся пра закон, то гэтыя відэаролікі ўсіх страсянулі» — сказаў нашаму радыё амэрыканскі аўтар і вядомы гей-актывіст Дэн Сэвэдж.

Фільм Бэн Стыла адзначае пасіўнасьць з боку расейскіх уладаў у расьсьледаваньнях правапарушэньняў, якія робяцца змагарамі супраць геяў. Урад Расеі, аднак, адкідвае абвінавачаньні ў тым, што гвалт супраць геяў маўкліва падтрымліваецца дзяржавай.

«ЦЫНІЧНАЯ ПРАПАГАНДА»

У Брытаніі прэм’ера фільму «Зацкаваныя» прайшла за некалькі дзён да пачатку Алімпіяды ў Сочы ў лютым. У той час пасольства Расеі ў Лёндане выступіла з заявай, што фільм быў «спэцыяльна прымеркаваны» да Алімпійскіх гульняў у Сочы і ёсьць часткай «добра сплянаванай паклёпніцкай кампаніі».

Амбасада таксама паведаміла, што Максім Марцінкевіч, заснавальнік «незаконнай групоўкі Акупай Пэдафіляй» арыштаваны і што яму выстаўленыя абвінавачаньні ў экстрэмізьме.

Дыпляматы тады заўважылі, што назва групы сьведчыць аб тым, што яе актывісты адлоўліваюць толькі пэдафілаў, як гетэрасэксуальных, так і гомасэксуальных. Такой пазыцыі прытрымліваюцца і байцы групоўкі ў фільме Бэна Стыла.

Бэн Стыл кажа, што здымкі ў пастцы для ахвяры «Акупай Пэдафіляй» у кватэры ў Санкт-Пецярбургу была самай напружанай часткай працы ў стварэньні фільму.

«Я не слабак, але я і не Арнольд Шварцэнэгер, і ў тым пакоі было 13 мужчын, якія прагнулі бойкі. Я быў адзіным чалавекам у гэтым пакоі, які ня быў лінчавальнікам. Я думаю, калі б я паспрабаваў умяшацца, гэта было б контрпрадуктыўным» — сказаў рэжысэр.

У фільме паказваюць, як падчас інцыдэнту адна зь лідэраў групоўкі — жанчына па імені Каця — адзначае, што прысутнасьць камэры зьмякчае гвалт. Яна кажа закладніку, што яму пашанцавала, бо ў пакоі прысутнічаюць журналісты, і што калі б іх не было, то гэта дрэнна паўплывала б на яго фізычны стан.

У выніку ахвяра згаджаецца на фізычную і слоўную абразу. Закладнік прызнаецца, што ён гей. Потым яго прымушаюць танцаваць, а тыя, хто захапіў яго ў палон, здымаюць яго на камэру.

У фільме гледачоў інфармуюць, што Бэн Стыл і яго здымачная група вывелі закладніка з будынка і прапанавалі яму дапамогу.

Ён папрасіў іх не зьвяртацца ў паліцыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG