Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для зьезду БНФ нарэшце знайшлі памяшканьне


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

На старшыню партыі БНФ вылучаецца пакуль што толькі Аляксей Янукевіч.

Партыя БНФ знайшла памяшканьне для свайго XVI справаздачна-выбарчага зьезду.

Сёньня з раніцы пасьля шматтыднёвых пошукаў прадстаўнікі Партыі БНФ заключылі дамову арэнды памяшканьня па адрасе: вуліца Матусевіча, 20.

Партыя БНФ мусіла перанесьці зьезд, які плянаваўся на 13 верасьня, бо ўладальнікі памяшканьняў адмаўляліся даць пад яго залю.

На зьезд Партыі БНФ вылучана каля 200 дэлегатаў з усёй краіны. Сярод іншага дэлегаты зьезду маюць вызначыць, каго Партыя БНФ будзе падтрымліваць на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што памяшканьне знайшлося толькі пасьля таго, як кіраўніцтва партыі сустрэлася з прадстаўніком Менгарвыканкаму і настойліва папрасіла спрыяньня:

«Паўплывала тое, што мы зьвярнуліся ў Менгарвыканкам. Я і старшыня Аляксей Янукевіч былі на прыёме ў аднаго з чыноўнікаў і перамаўляліся па праблеме адсутнасьці памяшканьня для зьезду. У мінулым месяцы некалькі дзясяткаў устаноў нам адмовілі. Але пасьля настойлівай размовы з прадстаўніком Менгарвыканкаму, пасьля яго асабістага распараджэньня канцэртная заля, вядомая як былы дом культуры „Сукно“, пайшла насустрач. Але загнулі такі кошт, які вымагае ад нас моцна напружыцца, каб аплаціць арэнду гэтага памяшканьня на адзін дзень».

Як кажа Рыгор Кастусёў, інтрыгі што да выбараў новага кіраўніцтва ня будзе — вылучаецца толькі Аляксей Янукевіч. Але невядома, якім будзе рашэньне Партыі пра фармат удзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году:

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«Будзе справаздача за апошнія тры гады. Пра вылучэньне на пасаду старшыні партыі заявіў толькі дзейны старшыня Аляксей Янукевіч, але любы дэлегат мае права вылучыцца на старшыню. Таму тут інтрыгі пакуль няма. Але яна, верагодна, будзе, калі дэлегаты будуць вызначаць стратэгію Партыі БНФ на будучыя прэзыдэнцкія выбары».

XS
SM
MD
LG