Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ рана «плакаць», што беларуская мова памірае, — Лукашанец


аўтар Слава Рахова

аўтар Слава Рахова

Аляксандар Лукашанец, дырэктар філіяла «Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы» Цэнтра дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ў інтэрвію інтэрнэт-газэце «Ежедневник» выказаў стрыманы аптымізм пра лёс беларускай мовы.

«Калі гаварыць пра пэрспэктывы беларускай мовы ў ХХІ стагодзьдзі, то я стаўлюся да іх са стрыманым аптымізмам. Зразумела, што ў бліжэйшай пэрспэктыве беларуская мова застанецца толькі кампанэнтам двухмоўнай сытуацыі ў краіне. Аднак, нягледзячы на істотныя праблемы з выкарыстаньнем беларускай мовы ў важнейшых сфэрах афіцыйнага ўжытку, можна гаварыць пра тое, што істотна зьмяняюцца сацыяльная лякалізацыя беларускай мовы і адносіны да яе. Зараз становіцца прэстыжным размаўляць на беларускай мове ў асяродзьдзі гарадзкой высокаінтэлектуальнай эліты. А гэта самым непасрэдным чынам працуе і на павышэньне яе грамадзкага прэстыжу. Нягледзячы на існуючыя праблемы, наша мова захоўвае сваю жыцьцёвасьць і выжывальнасьць. Вельмі цікавы факт яе сёньняшняга існаваньня — беларуская мова інтэнсіўна пранікае ў тыя сфэры ўжытку, дзе яе не было яшчэ два-тры дзесяцігодзьдзі назад. Напрыклад,

беларуская мова ўваходзіць у 3% моў сьвету, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў інтэрнэце

канфэсійная сфэра. Дваццаць гадоў назад беларускай мовы не было ні ў касьцёле, ні ў праваслаўнай царкве. Сёньня ж яна рэгулярна выкарыстоўваецца ў практычным набажэнстве, зьяўляецца вялікая колькасьць высакаякасных беларускамоўных рэлігійных тэкстаў, у тым ліку перакладаў Эвангельля і Бібліі. Яшчэ адзін паказальны факт — паводле дасьледаваньняў замежных лінгвістаў сёньня беларуская мова ўваходзіць у 3% моў сьвету, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў інтэрнэце. Пры гэтым беларуская мова ў інтэрнэце выкарыстоўваецца ня толькі ў афіцыйных дакумэнтах, але і на форумах. І гэта вельмі паказальна, таму што выкарыстаньне мовы ў гэтым жанры сучаснай камунікацыі нікім не рэглямэнтуецца. І калі беларуская мова там прысутнічае, значыць, яна рэальна запатрабавана як сродак зносін». На пытаньне, як ставіцца да таго, што беларускую мову часам адносяць да ліку тых, якія паступова зьнікаюць з ужытку, паміраюць, Лукашанец адказаў:

«Я лічу такія выказваньні неабгрунтаванымі, палітычна і ідэалягічна ангажаванымі і нават шкоднымі. Яшчэ рана „плакаць“, што беларуская мова памірае, бо сёньня — гэта адна з буйнейшых моў сьвету, высокаразьвітая літаратурная мова, якая здольна пасьпяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы сучаснага грамадзтва. Яна можа свабодна і бесьперашкодна выкарыстоўвацца ў любых сфэрах зносін сучаснага грамадзтва — ад побытавай да сфэры высокіх навуковых тэхналёгій. Слоўнікавы склад беларускай мовы, яе правапісныя нормы дазваляюць выкарыстоўваць пісьмовую і вусную мову ва ўсіх без выключэньня сфэрах, што і прадугледжвае яе высокі заканадаўчы статус дзяржаўнай мовы нашай краіны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG