Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магерыні: ЭЗ варта перагледзець адносіны з Расеяй і дапамагчы Ўкраіне


Эўрапейскі зьвяз павінен прадстаўляць розныя формы падтрымкі Ўкраіне і глыбока пераасэнсаваць сваю стратэгію адносін з Расеяй, заявіла 6 кастрычніка на слуханьнях у Эўрапейскім парлямэнце кандыдат на пасаду каардынатара эўрапейскай дыпляматыі Фэдэрыка Маґерыні.

Падтрымка Ўкраіне павінна ўключаць розныя формы, «пачынаючы з паўнавартаснай падтрымкі ў сэнсе бясьпекі, інстытуцыйнай рэформы, палітычных працэсаў, эканамічных і энэргетычных выклікаў», — сказала прэтэндэнт на пасаду вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі.

У сэнсе бясьпекі Фэдэрыка Маґерыні лічыць неабходным паглыбленьне супрацоўніцтва эўрапейскай дыпляматыі і Эўракамісіі з НАТА.

Паводле Магерыні, Эўразьвязу варта падтрымліваць іншых суседзяў Расеі, такіх як Малдова і Грузія. Варта таксама больш шчыльна супрацоўнічаць з Армэніяй, Азэрбайджанам і Беларусьсю, заявіла яна.

Адначасова адносіны з Расеяй «у бліжэйшай пэрспэктыве павінны будавацца на намаганьнях для поўнага ўкараненьня Менскай дамовы, усіх яе палажэньняў, на падтрымцы намаганьняў прэзыдэнта Пятра Парашэнкі па ўсталяваньні міру на ўсходзе Украіны», — заявіла прадстаўніца Італіі.

Пры гэтым Фэдэрыка Маґерыні заяўляе, што «Расея пакуль ня можа быць стратэгічным партнэрам ЭЗ, але яна зьяўляецца стратэгічнай сусьветнай краінай, а таксама суседкай, у першую чаргу, Украіны».

«Мы павінны супрацоўнічаць з Расеяй дзеля нашай уласнай бясьпекі», — сказала яна.

Фэдэрыка Маґерыні, 41-гадовая міністар замежных справаў Італіі, у камітэце па замежных справах Эўрапейскага парлямэнту, адказваючы на пытаньне пра зьнешнюю палітыку ЭЗ, спрабуе пераканаць эўрадэпутатаў у тым, што дасьць рады абавязкам вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі і віцэ-прэзыдэнта Эўрапейскай камісіі.

На гэтай пасадзе яна павінна зьмяніць прадстаўніцу Вялікабрытаніі Кэтрын Эштан, кадэнцыя якой завяршаецца 1 лістапада.

XS
SM
MD
LG