Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў зьмены ў фэдэральны закон, якія забараняюць праводзіць мітынгі, дэманстрацыі і пікеты ў начны час.

Зьмены ўнесены ў 9-ты артыкул расейскага закону «Аб сходах, мітынгах, дэманстрацыях, шэсьцях і пікетаваньнях».

Цяпер публічнае мерапрыемства ня можа пачынацца раней за 7 гадзін і заканчвацца пазьней за 22 гадзіны.

Аднак гэта ня тычыцца публічных мерапрыемстваў, «прысьвечаных памятным датам Расеі», і акцый «культурніцкага зьместу».

Раней мітынгі можна было праводзіць да 23 гадзін.

Лідэр руху «За правы чалавека» Леў Панамароў лічыць, што неабходнасьці ў гэтых зьменах няма, бо «ніякі начны мітынг ніхто ніколі ня ўзгодніць».

Панамароў адзначыў Інтэрфаксу, што гэтыя зьмены — «дадатковая перастрахоўка на ўсялякі выпадак, каб было законнае права кагосьці разагнаць, калі раптам нехта застаўся на ноч», каб не дапусьціць «майдану» і «аранжавай рэвалюцыі».

Улетку Пуцін падпісаў закон, які робіць больш жорсткім пакараньне за парушэньне парадку арганізацыі мітынгаў, дэманстрацый, шэсьцяў і пікетаў. Згодна зь ім неаднаразовае парушэньне парадку арганізацыі мітынгу караецца пазбаўленьнем волі да пяці гадоў, штрафам да 1 мільёна рублёў або абавязковымі працамі, паведамляе «РИА Новости».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG