Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бадай, самы прыгожы палац у ваколіцах Горадні, былы палац Валовічаў у вёсцы Сьвяцк, дагэтуль не рэстаўруецца і працягвае разбурацца.

Бадай, самы прыгожы палац у ваколіцах Горадні, былы палац Валовічаў у вёсцы Сьвяцк, дагэтуль не рэстаўруецца і працягвае разбурацца.

З канца 2009 году былы палац Валовічаў, збудаваны ў XVIII стагодзьдзі італійскім архітэктарам Джузэпэ Сака, належыць санаторыю «Азёрны». Паводле плянаў праекту рэстаўрацыі тут павінен зьявіцца шматфункцыянальны аздараўленчы комплекс. Пляны нібыта, як раней паведамлялася ў СМІ, павінны зьдзейсьніцца да 2017 году, але цяпер іх ніхто не агучвае.

Паводле дырэктара санаторыя «Азёрны» Аляксандра Купрашэвіча, ужо шмат зроблена — маўляў, ачысьцілі сажалкі, аднавілі водную сыстэму. Насамрэч ужо летась было прыемна гуляць па новапракладзеных сьцяжынках, але вялікі парк з старымі дрэвамі дагэтуль занядбаны. І за рэстаўрацыю самога будынку палаца ніхто дагэтуль не бярэцца — не гатовы рэстаўрацыйны праект.

Купрашэвіч: «Да канца году мы павінны атрымаць цалкам праектна-рэстаўрацыйную дакумэнтацыю, і наш наступны крок — якраз рэстаўрацыя непасрэдна самога палаца. Праўда, праект вельмі складаны, бо давядзецца мяняць усе сеткі, падводку вады і газу, усталёўваць каналізацыю. І пакуль для нас галоўнае — забраць рэстаўрацыйны праект і прайсьці яго экспэртызу».

Адмыслоўцы адносяць палацава-паркавы ансамбль Валовічаў да эпохі росквіту барока. У некаторых элемэнтах аздабленьня ўжо адчуваецца ўплыў клясыцызму, што дадае своеасаблівага шарму. Але той шарм цьмянее проста на вачах.

Яшчэ некалькі гадоў таму сюды вельмі любілі наведвацца турысты, нават маладажоны з Горадні прыяжджалі ў Сьвяцк, каб зрабіць прыгожыя здымкі на фоне палаца, парку і азёраў. Цяпер ахвотных менш.

У савецкія часы і да пачатку двухтысячных гадоў у палацы Валовічаў месьціўся санаторый для хворых на сухоты. За станам архітэктурнага помніка, які ахоўваецца дзяржавай, належнага догляду так і не было. А ў двухтысячныя гады палац папросту ператварыўся ў сірату. Праўда, збоку ад уваходных дзьвярэй на сьцяне палаца, як і некалі, вісіць шыльда, якая сьведчыць, што гэта помнік архітэктуры і ахоўваецца дзяржавай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG