Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дамова аб стварэньні Эўразійскага саюзу 7 кастрычніка ў Менску разглядацца ня будзе


Палата прадстаўнікоў

Палата прадстаўнікоў

Пленарнае паседжаньне Палаты Прадстаўнікоў, якое папярэдне плянавалася на 7 кастрычніка, у аўторак не адбудзецца. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў прэсавай службе ніжняй палаты Нацыянальнага Сходу Беларусі:

«Зьвярніце ўвагу, у прыкладным графіку працы Палаты Прадстаўнікоў паседжаньне 7 кастрычніка запісанае з пэўнай умовай (пры неабходнасьці). Пакуль такой неабходнасьці няма».

Палата Прадстаўнікоў дагэтуль не ратыфікавала Пагадненьне аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу. Гэты дакумэнт ужо прайшоў усе стадыі ў Расеі (абедзьве палаты плюс падпісаньне прэзыдэнтам), яго таксама ратыфікавала ніжняя палата парлямэнту Казахстану. А Беларусь яшчэ не пачынала гэты працэс.

Мікалай Самасейка

Мікалай Самасейка

У Менску з ратыфікацыяй не сьпяшаюцца. Старшыня міжнароднай камісіі Палаты Мікалай Самасейка кажа, што дамова — гэта аб’ёмісты дакумэнт з чатырох асноўных частак. Адна зь іх тычыцца непасрэдна стварэньня ЭАЭС, другая — Мытнага саюзу, трэцяя — Адзінай эканамічнай прасторы, у чацьвёртай гаворыцца пра пераходнае становішча. Старшыня камісіі падкрэсьлівае: пры фармаваньні прававой базы Эўразійскага эканамічнага саюзу беларускія дэпутаты будуць найперш зыходзіць з інтарэсаў сваёй краіны. На гэта іх нацэліў кіраўнік дзяржавы.

29 верасьня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь сябрамі рады Палаты прадстаўнікоў заявіў:

«Калі вы будзеце бачыць, што дзесьці зроблена памылка пры падрыхтоўцы гэтага дакумэнту, а ён вельмі важны, вы, калі ласка, інфармуйце і мяне ў тым ліку і не спыняйцеся ні перад чым, абараняючы інтарэсы беларускага народу».

У траўні Лукашэнка падпісаў дакумэнты аб Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, бо тады Расея зрабіла для Беларусі паслабленьні з нафтавым мытам. Але цяпер сытуацыя мяняецца — адзначае дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

«Тут жа ўзьнікла пытаньне з-за зьмены падатковай сытуацыі на нафтапрадукты Расеяй. Гэта прыводзіць да падаражэньня нафты, якую атрымлівае Беларусь. А менавіта таньнейшая нафта была адной з асноўных прэфэрэнцыяў, якія хацела атрымаць наша краіна пры ўваходзе ў Эўразійскі эканамічны саюз. І сытуацыя з ратыфікацыяй дамовы ў Беларусі выкарыстоўваецца дзеля таго, каб яшчэ раз патаргавацца за больш выгадныя для сябе ўмовы. Зацягваньне ратыфікацыі — адзін з інструмэнтаў, каб вытаргаваць больш спрыяльныя ўмовы атрыманьня расейскай нафты».

Беларусь спадзяецца нівэляваць наступствы для Беларусі так званага «вялікага падатковага манэўру», ініцыяванага Міністэрствам фінансаў Расеі. Сутнасьць навацыі ў тым, каб, зьнізіўшы экспартнае мыта на нафту да ўзроўню іншых дзяржаў Мытнага саюзу, зрабіць нявыгадным продаж нафты бяз сплаты падаткаў. Гэта аўтаматычна ўдарыць па беларускай нафтаперапрацоўцы: памер экспартнага мыта на вуглевадароды зьнізіцца ў разы, і, адпаведна, фінансавая выгада, на якую разьлічвае беларускі бюджэт ад мыта, зьменшыцца.

2 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча, абурыўся, што страты Беларусі ад падатковага манэўру Масквы могуць перавысіць 1 мільярд даляраў:

Не пасьпелі ўвесьці ў дзеяньне дамоўленасьці, як іх адмяняем фактычна другой рукой, і ў выніку Беларусь можа страціць вялізную суму сродкаў

«Летась мы дамовіліся, што́ Беларусь атрымае ў выніку саступак у эканамічным саюзе. Але цяпер у Расеі ажыцьцяўляецца нейкі падатковы манэўр, у выніку якога мы можам страціць усё, пра што дамаўляліся ў мінулым годзе з Расеяй. Гэта тычыцца пералічэньня ў бюджэт Расеі мыта ад спагнаньня на мяжы па нафтапрадуктах. Гэта ненармальна: не пасьпелі ўвесьці ў дзеяньне дамоўленасьці, як іх адмяняем фактычна другой рукой, і ў выніку Беларусь можа страціць вялізную суму сродкаў. Наколькі ведаю, ідуць перамовы, каб гэтую тэму ўрэгуляваць, і яна павінна быць урэгуляваная».

Расейскі Мінфін прапанаваў падатковыя карэляцыі: зьніжэньне мыта на экспарт нафты да ўзроўню Казахстану (80 даляраў за 1 тону зь цяперашніх 385 даляраў) і адначасна істотнае падвышэньне падатку на здабычу карысных выкапняў. Рост стаўкі на нафту ў 2015 годзе прадугледжваецца ад цяперашніх 530 да 775 расейскіх рублёў за 1 тону, у 2016-м — 856 рублёў, у 2017-м — 918 рублёў. Па словах Мясьніковіча, ён асабіста зьвяртаўся зь пісьмовымі прапановамі аб урэгуляваньні сытуацыі на імя свайго расейскага калегі Дзьмітрыя Мядзьведзева, аднак ніякага адказу пакуль не атрымана.

Паводле Мясьніковіча, з-за зьніжэньня мыта вырасьце ўнутраны кошт нафты, што ўдарыць па маржы нафтаперапрацоўкі ў Расеі і ў Беларусі. Цяпер Беларусь набывае нафту ў Расеі бяз мыта па ўнутраным кошце, а ў якасьці кампэнсацыі аддае мыта ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты. Зь пераходам на новую формулу бюджэтныя страты ўжо ў 2015-м могуць скласьці 250 мільёнаў даляраў, а ў наступныя гады — ад 300 да 400 мільёнаў штогод.

Тым часам Свабодзе стала вядома, што беларускія дэпутаты ўсё ж разгледзяць ратыфікацыю Дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу. І гэта можа адбыцца 9 кастрычніка. Дарэчы, на гэты ж дзень заплянаваная ратыфікацыя дакумэнту верхняй палатай парлямэнту Казахстану.

XS
SM
MD
LG