Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакручасты лёс беларускага бэйсболу


Бэйсбол у Беларусі — від спорту, які не назавеш папулярным. Для многіх беларусаў ён наагул малавядомы, а калі і вядомы, дык толькі як нейкая амэрыканская экзотыка.

Між тым ад 2000 году ў Беларусі ёсьць свая нацыянальная бэйсбольная каманда, а беларуская фэдэрацыя бэйсболу ўтварылася ажно ў 1993 годзе. У Беларусі праводзіцца рэгулярны чэмпіянат. У вышэйшай лізе — шэсьць камандаў. Свая каманда ёсьць і ў Магілёве. Адгуляўшы год, магілёўскія «Піраты» выйшлі ў фінал чэмпіянату Беларусі. За першае месца яны мелі пазмагацца зь берасьцейскімі «Зубрамі».

Магілёўскаму бэйсболу паўтара дзясятка гадоў. За гэты час незвычайны для Беларусі від спорту зазнаў пэрыяды папулярнасьці і заняпаду.

Першыя старонкі ў мясцовы бэйсбольны летапіс упісалі гульцы клюбу «Львы». Падзівіцца на іхныя трэніроўкі на стадыён унівэрсытэту імя Куляшова зьбіралася нямала моладзі. Паціху, аднак, заўзятарскі інтарэс аціх, і толькі рэдкія згадкі ў мясцовай пэрыёдыцы сьведчылі, што бэйсбольны агмень яшчэ цепліцца.

Цяпер у першынстве Беларусі бэйсбольны гонар Магілёва бароніць клюб «Піраты».

Вячаслаў Сікора
Вячаслаў Сікора

Уласьнік, галоўны мэнэджэр ды адзін з трэнэраў «Піратаў» рэжысэр Вячаслаў Сікора адзначае, што магілёўская бэйсбольная каманда — адзіная ў Беларусі, якая гуляе за свае сродкі. Знайсьці спонсараў, прызнаецца трэнэр магілёўскіх бэйсбалістаў, дужа цяжка.

«Наагул цяпер знайсьці хоць нейкія сродкі на любы від спорту дужа цяжка, а пагатоў калі кажаш пра бэйсбол. Калі зьвяртаесься, то заяўляюць: „Мы ня можам знайсьці нешта для сваіх відаў спорту, а тут яшчэ нейкі бэйсбол“. У нас наагул нідзе ня любяць тых, хто вымагае. Калі ж нечага дасягнуў, то трэба й прасіць. Мы перад сабой паставілі задачу — выйграць чэмпіянат альбо стаць прызёрамі. У любым выпадку мы срэбныя прызёры. Ёсьць цяпер як пра сябе заявіць», — кажа пра першыя посьпехі «Піратаў» іхні трэнэр Вячаслаў Сікора.

«Піраты» трэніруюцца на стадыёне «Хімік». У іх ёсьць невялікая грамада заўзятараў, але, адзначае Вячаслаў Сікора, каб, каманда стала сапраўды папулярнай, яна павінна перамагаць.

«Заўзятар любіць перамагаць разам з камандай, — кажа ён. — Таго, хто прайграе, ня любяць нідзе. У наступным годзе мы згуляем у інтэр-лізе. Калі выйграем чэмпіянат Беларусі, то згуляем у эўрапейскім кубку чэмпіёнаў. Гэта ж якая радасьць для заўзятараў будзе! Сюды прыедзе шмат камандаў. Нам яшчэ трэба дамагчыся нейкіх вынікаў, каб дзеці ішлі ў гэты від спорту і каб ён станавіўся папулярным. Дасьць бог, першае месца ў чэмпіянаце возьмем, і гэта будзе наш падарунак гісторыі магілёўскага бэйсболу. І тады будзем разьвівацца далей».

Калі выйграем чэмпіянат Беларусі, то згуляем у эўрапейскім кубку чэмпіёнаў. Гэта ж якая радасьць для заўзятараў будзе!

А ці сумяшчальны бэйсбол зь беларускай мэнтальнасьцю? — пытаюся ў Вячаслава Сікоры. Ён адзначае, што паводле сваёй натуры беларусы зь насьцярожанасьцю ўспрымаюць усё новае і нязвыклае. Спачатку, кажа суразмоўца, трэба прыгледзецца, а потым ужо наважваюцца на знаёмства:

«Боязь новага і людзкая лянота не дазваляе як сьлед разьвіваць гэты від спорту, — працягвае думку Вячаслаў. — Людзі найчасьцей кажуць: „Гэта ж трэба добра разабрацца ў правілах, каб гуляць“. Я ж адказваю: „Ня трэба адразу разьбірацца. Прыйдзіце, паглядзіце, як гуляюць, і ўсё стане зразумелым, і атрымаеце задавальненьне, заўзеючы за сваю каманду“. А што такое спорт? Гэта шоў. Людзі прыходзяць на яго па эмоцыі, як на канцэрт, як у тэатар — гэтак і на стадыён. Таму пакуль пытаньне застаецца — „А што, ёсьць у нас бэйсбол?“»

У тым, што бэйсбол пакуль не папулярны ў Беларусі від спорту, Вячаслаў Сікора вінаваціць ранейшы склад кіраўніцтва нацыянальнай фэдэрацыі, якая, на ягоную думку, не прыкладала дзеля гэтага належных высілкаў. Тым ня менш Вячаслаў адзначае, што пры ўсіх хібах і праблемах Беларусь — не апошняя краіна па ўзроўні разьвіцьця бэйсболу. Сёлета, даводзіць трэнэр, бэйсбольны клюб зь Берасьця стаў пераможцам у турніры эўрапейскага кубку чэмпіёнаў. Што да будучыні гэтага віду спорту ў Беларусі, то суразмоўца перакананы, што яна ёсьць.

«У некаторых краінах, — кажа Вячаслаў Сікора, — бэйсбол — гэта лад мысьленьня. Каб зразумець лад жыцьця і мысьленьня амэрыканцаў, трэба пачынаць з бэйсболу. Калі б мы ня верылі ў будучыню бэйсболу, то ім бы не займаліся. Усё залежыць ад нас».

Калі інтэрвію зь Вячаславам Сікорам было ўжо зроблена, ён паведаміў, што фінальнага матчу, які меўся прайсьці 11, 12 кастрычніка ў Магілёве, ня будзе. Вячаславу не ўдалося знайсьці на яго сродкі. Магілёўскія «Піраты» без гульні сталі срэбнымі прызёрамі чэмпіянату Беларусі, а «Зубры» зь Берасьця — чэмпіёнамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG