Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Рубцоў: «Я і не разьлічваў, што мяне апраўдаюць»


Цэнтральны суд Менску прысудзіў 1,5 года абмежаваньня волі — гэтай званай «хіміі» — жыхару Гомеля Юрыю Рубцову, вядомаму публічным нашэньнем майкі з надпісамі антылукашэнкаўскага зьместу.

Юры Рубцоў прызнаны вінаватым у зьнявазе судзьдзі Савецкага суду Менску Кірыла Палулеха і асуджаны на 2,5 года абмежаваньня волі. Пры гэтым да яго ўжылі амністыю, бо ягонае злачынства прыпадае на тэрмін дзеяньня амністыі, і таму адзін год з пакараньня зьнялі адразу ж у судзе.

«Цалкам чаканы вынік суду, я ня думаў ніколькі, што мяне апраўдаюць. Такая ў нас судовая сыстэма — што вырашыў судзьдзя, тое і будзе. Ня важна, што будуць на працэсе казаць няпраўду. Гэта для нас звычайная зьява, грамадзтва дэградуе і будзе дэградаваць далей».

Карэспандэнт: «Вашай зброяй стала майка з антылукашэнкаўскімі лёзунгамі. Чаму?»

«Так, мая зброя — гэтая майка. Але ня толькі. Гэты працэс — таксама. Бо зразумейце: яны спасылаюцца на мараль, а самі пра гэта забываюць, калі супрацоўнікі міліцыі хлусяць у судовым паседжаньні, даючы паказаньні. І гэта прымаецца за доказ. Але ўсё ж скажу, што і такія судовыя працэсы патрэбныя нашаму грамадзтву. Мы мусім іх высьмейваць, мы мусім паказаць, што суды запэцканыя ў палітычным брудзе».

Пасьля абвяшчэньня прысуду Юры Рубцоў заявіў, што абавязкова абскардзіць яго ў судзе вышэйшай інстанцыі. Гэта ён мусіць зрабіць цягам 10 дзён.

Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч, які прысутнічаў на працэсе, назваў яго фарсам:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Мы бачым, да чаго прыводзіць у нашай краіне практыка адвольных затрыманьняў. Прычым, па злой іроніі лёсу, вось тут ідзе працэс па Рубцову, а ў гэты ж час спрабуюць затрымаць актывістаў, таго ж Францкевіча, перад самітам СНД. Тое самае і з Рубцовым. Яго затрымалі за тое, што быў у майцы з надпісам „Лукашэнка, сыходзь“, даставілі ў суд голага па пояс — у выглядзе, які абражае ягоную годнасьць. Але тады судзьдзю не цікавіла, чаму ён бяз майкі. Бо калі б ён пацікавіўся, то зразумеў бы, што дзеяньні міліцыі незаконныя. А цяпер тыя ж міліцыянты, якія сьведчылі супроць Рубцова тады, сьведчаць супроць яго і ў гэтым працэсе».

Юрыя Рубцова затрымалі ў антылукашэнкаўскай майцы пасьля Чарнобыльскага шляху. У суд яго прывезьлі 28 красавіка ўжо бяз майкі. Працэс над актывістам быў закрыты — судзьдзя Кірыл Палулех не пусьціў туды журналістаў. Юры Рубцоў сьцьвярджае, што не абражаў непасрэдна гэтага судзьдзю, а выказаўся на адрас усёй судовай сыстэмы, што «яна прадажная, а ўсе судзьдзі — падонкі». Кірыл Палулех і сьведкі, якія сьведчылі супроць Рубцова, заявілі, што ён абражаў судзьдзю. Экспэрт Аксана Шчарбакова прызнала, што ў выказваньнях Юрыя Рубцова ёсьць «элемэнты зьнявагі». Яе экспэртыза была пакладзеная ў падмурак абвінавачаньня. Сьведка з боку Рубцова Тацяна Францкевіч паведаміла суду, што працэс над Рубцовым быў закрыты і пачаўся ўжо пасьля заканчэньня працоўнага дня. Судзьдзя Натальля Вайцаховіч, якая судзіла Юрыя Рубцова, не палічыла гэтыя паказаньні больш істотнымі за паказаньні сьведак-міліцыянтаў.

XS
SM
MD
LG