Маскоўскі гарадзкі суд 6 кастрычніка адхіліў апэляцыю на арышт аднаго з фігурантаў справы аб перафарбоўцы зоркі на маскоўскім шматпавярховіку ў колеры ўкраінскага сьцяга.
19-гадовага жыхара Санкт-Пецярбургу Ўладзіміра Падрэзава абвінавачваюць у хуліганстве і вандалізьме. 28 жніўня паводле рашэньня Таганскага суду яго адправілі ў сьледчы ізалятар.
Суд палічыў гэта абгрунтаваным, бо Падрэзаў ня мае ў Маскве пастаяннага месца жыхарства і стабільнага даходу. Уладзімір Падрэзаў прызнае, што быў 20 жніўня ў будынку на Кацельніцкай набярэжнай, аднак кажа, што зорку ня фарбаваў.
Адвакат абвінавачанага мяркуе, што разгляд апэляцыйнай скаргі будзе насіць фармальны характар, і зьвяртае ўвагу на тое, што сьледзтва пакуль ніяк не даказала сувязь яго падабароннага з чатырма парашутыстамі, якія былі затрыманыя адразу ж пасьля інцыдэнту. Яны знаходзяцца пад хатнім арыштам і таксама адмаўляюць сваё дачыненьне да перафарбоўваньня зоркі. Адказнасьць за акцыю ўзяў на сябе ўкраінскі руфэр (чалавек, які пранікае на цяжкадаступныя месцы на дахах будынкаў) Павел Ушавец, вядомы ў інтэрнэце пад псэўданімам Грыгоры Мустанг.
Крымінальную справу паводле артыкулаў «Вандалізм» і «Хуліганства» пачалі пасьля таго, як 20 жніўня зорку на шпілі шматпавярховага дому на Кацельніцкай набярэжнай у Маскве размалявалі ў колеры ўкраінскага сьцяга, а на самай высокай кропцы будынку ўзьнялі сьцяг Украіны.
У гэты ж дзень былі затрыманыя чацьвёра бэйсджампэраў (людзей, якія скачуць з парашутамі зь нерухомых аб’ектаў, у тым ліку з будынкаў) — Аляксандар Склеп, Алёна Ляпёшкіна, Яўгенія Караткова і Аляксей Шыракожухаў. Суд адправіў іх пад хатні арышт. Парашутысты адмаўлялі дачыненьне да перафарбоўваньня зоркі, па іх словах, яны апынуліся на месцы злачынства выпадкова: яны кажуць што рабілі скачкі з даху, які знаходзіцца на некалькі дзесяткаў мэтраў ніжэй за шпіль з зоркай.
Празь некалькі дзён у Санкт-Пецярбургу быў затрыманы і дастаўлены ў Маскву 19-гадовы руфэр Уладзімір Падрэзаў, яго суд адправіў ў сьледчы ізалятар.
Адвакат Падрэзава, Вадзім Лісіцын, кажа, што ад пачатку не разьлічваў на посьпех апэляцыі: «Не адзін выпадак быў, калі людзі паміралі ў СІЗА ад сардэчнага прыступу. Адвакаты да гэтага б’юцца ў судах: вызваліце, хворы ж чалавек, хай будзе хатні арышт, ня трэба так жорстка. А ў выніку — труп. Гэта ж усё запар і побач, з-за недасканаласьці нашага крымінальна-працэсуальнага закону. Мы яго мяняем агульна, пасьпешліва, не ўтвараецца практыка прымяненьня адных норм закона, як ужо выходзяць іншыя. Ніхто нічога не разумее, атрымліваецца прававы хаос. Няма аднастайнасьці прымяненьня, а калі няма аднастайнасьці прымяненьня закону, значыць, для закону нехта будзе лепшы, а нехта — горшы. Ніхто з грамадзян Расейскай Фэдэрацыі не разумее: людзі, якія скралі мільёны, знаходзяцца пад хатнім арыштам і ядуць чорную ікру, а тыя людзі, якія нават не далезьлі да даху, каб пафарбаваць гэтую зорку, сядзяць у турме».
Паводле вэрсіі сьледзтва, Уладзімір Падрэзаў дапамагаў ўкраінскаму руфэру, вядомаму ў інтэрнэце пад імем Грыгоры Мустанг, які раней узяў на сябе адказнасьць за перафарбоўваньне зоркі. Сам Падрэзаў знаёмства з Мустангам не адмаўляе, аднак настойвае: аб плянах Мустанга ён ня ведаў і ў перафарбоўваньні зоркі ня ўдзельнічаў.
У пачатку верасьня выданьне РБК апублікавала паказаньні ключавога сьведкі па гэтай справе — маскоўскага руфэра Кірыла Ішуціна, які таксама знаходзіцца ў СІЗА, але паводле абвінавачваньня ў захоўваньні наркотыкаў. Паводле дадзеных РБК, Ішуцін паведаміў сьледчым, што ў акцыі па перафарбоўваньні зоркі ўдзельнічалі трое: Мустанг, Уладзімір Падрэзаў і яшчэ адна дзяўчына. Адвакат Вадзім Лісіцын запэўнівае: Ішуцін ня сьведчыў супраць Уладзіміра Падрэзава, а падчас вочнай стаўкі, якую правялі яшчэ ў канцы жніўня, сьведка нічога не казаў аб плянах Падрэзава залезьці на гмах і пафарбаваць зорку.
Лісіцын кажа, што пакуль незразумела, як сьледзтва будзе ўвязваць дзеяньні Уладзіміра Падрэзава з дзеяньнямі чатырох парашутыстаў, затрыманых па гэтай справе раней. У інтэрвію Радыё Свабода адвакат расказаў: «Майго падабароннага прывезьлі на месца зьдзяйсьненьня злачынства, ён паказваў, дзе і калі сустракаўся з Мустангам, якім чынам яны праходзілі ў будынак, дзе знаходзіўся мой падабаронны ў момант, калі Мустанг фарбаваў зорку. Мой падабаронны таксама растлумачыў, што ня ведаў пра задумы Грыгорыя Мустанга, таму не чакаў быць прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці. Ён лічыў і лічыць, што закону не парушаў. Мы цяпер у зьдзіўленьні ад таго, як вядзецца сьледзтва, якім чынам яны зьбіраюцца даказваць віну Падрэзава, які не залазіў на шпіль і не фарбаваў зорку. Як зьбіраюцца даказваць віну ў вандалізьме гэтых няшчасных парашутыстаў, якія проста скокнулі з парашутам, але не лазілі і ня фарбавалі зорку. Як саўдзел? Мы не ўяўляем. Сьледчыя дзеяньні не праводзяцца».
Актывіст руху «Салідарнасьць» Павел Шалкоў у інтэрвію Радыё Свабода разважае пра тое, як зьмянялася стаўленьне грамадзянскай супольнасьці да гэтай справы і пра тое, як яна можа разьвівацца далей:
«Першапачаткова, калі хлопцаў затрымалі, ва ўсіх было меркаваньне, што гэтыя людзі — героі, грамадзкія актывісты, якія з рызыкай для сябе пафарбавалі зорку, сымбалічна выказалі пратэст у падтрымку Украіны. Лічылі, што іх пазыцыя непрызнаньня віны — гэта пазыцыя абароны ад крымінальнага перасьледу. Я таксама, шчыра кажучы, спачатку палічыў, што гэта менавіта так. У дзень, калі іх затрымалі, я паехаў на месца зразумець сытуацыю. Купіў ім прадукты, што трэба ў турме. Я змог пагутарыць з дзяўчынай аднаго з хлопцаў, там жа была мама аднаго з затрыманых. Размаўляючы з імі, я зразумеў, што людзі былі зусім ня ў гэтай тэме, абсалютна апалітычныя. Яны фанатыкі вось гэтага руху — скачкоў з парашутам. Увесь свой час, усе свае грошы трацяць толькі на гэта. Ніякая палітыка іх у прынцыпе не цікавіць. Таму прыпісваньне ім палітычнай акцыі абсалютна няправільна, абсалютна бессэнсоўнае, ім гэта абсалютна было ня трэба».