Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Маскве запрашаюць на выставу «12 подзьвігаў Пуціна»


Гэтай выставай прыхільнікі Уладзіміра Пуціна вырашылі павіншаваць расейскага прэзыдэнта з днём народзінаў.

Пра выставу паведаміла расейская Газета.ru. У паведамленьні гаворыцца, што ў межах праекту дызайнэры і ілюстратары ў сваіх творах прадставяць найбольш значныя дасягненьні расейскага прэзыдэнта, якія, на думку аўтараў, не саступаюць подзьвігам Геракла.

У экспазыцыі ёсьць такія працы: «Забойства Лернэйскай гідры — адказ на санкцыі», «Выкраданьне залатых яблык з саду Гесперыд — падтрыманьне „менскага замірэньня“ ва Ўкраіне», «Утаймаваньне ахоўніка Аіда — пса Цэрбэра — змаганьне з ЗША», «Утаймаванне крыцкага быка — Крым».

Расейскі навінавы партал mk.ru зьвесткі пра выставу абвяргае. Паводле выданьня, у экспэрыментальнай студыі «Melspase» ў «Чырвоным Кастрычніку» (былая кандытарская фабрыка, у якой месьціцца арт-студыя), дзе мела адбыцца выстава, пра яе чуюць упершыню.

Між тым, навіну пра выставу, прысвечаную дасягненьням Уладзіміра Пуціна, падхапілі асноўныя расейскія інтэрнэт-выданьні. Гэтаксама на сваёй афцыйнай старонцы ў фэйсбуку арганізатары мерапрыемства ўсьцяж запрашаюць наведаць мерапрыемства.

Ганна Любакова

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG