Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Беластоцкага ўнівэрсытэту звольнілі вядомую беларусістку


Алена Глагоўская

Алена Глагоўская

Пасьля больш як паўтара дзясятка гадоў працы на катэдры беларускай культуры філялягічнага факультэту Беластоцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту звольненая знаная руплівіца беларушчыны, доктар паліталёгіі Алена Глагоўская. Кіраўніцтва ВНУ матывуе скасаваньне кантракту адсутнасьцю фінансавых магчымасьцяў надалей утрымліваць штатную адзінку. Калегі зьбіраюць подпісы за аднаўленьне Глагоўскай на працы.

Алена Глагоўская апавяла Свабодзе, што ад 1 кастрычніка ня мае доступу ў адміністрацыйныя памяшканьні ўнівэрсытэту, але, як сама выказалася, яшчэ піша «дурныя і бессэнсоўныя» лісты, спрабуючы пачуць уцямнае тлумачэньне, чаму яна больш не працуе на сваёй любімай катэдры:

«16 з паловай гадоў я адпрацавала на катэдры беларускай культуры, і так вось усё скончылася. Не працягваючы са мной кантракт, яны нікога на гэтае месца не ўзялі, проста зьліквідавалі адзінку. То бок пэрсанальна не падоўжылі дамову, даўшы зразумець, што я ім непатрэбная. Зрэшты, ёсьць і афіцыйная фармулёўка — фінансавая сытуацыя ўнівэрсытэту. Пры гэтым рэктар прызнаў, што вельмі цэніць мае дасягненьні, што насамрэч гэта фэномэн. Калі гаварыць пра колькасьць навуковых публікацыяў, то я маю трэцяе месца на факультэце, а там больш за 100 асобаў. І тое, што я ім больш не патрэбная, выглядае страшэнна і сьмешна адначасна. Дарэчы, незалежна ад маёй прыватнай справы наша прафсаюзы выступілі на адрас рэктара па агульнай сытуацыі ва ўнівэрсытэце. Лічаць, што ён няроўна дзеліць пры падаўжэньні тэрміну працы, што грошы, прызначаныя на канкрэтных навукоўцаў, ідуць на нейкія інвэстыцыі і г.д. Ня ведаю, чым урэшце ўсё скончыцца».

Свабода затэлефанавала ў Беласток, каб дазнацца ў кіраўніцтва ўнівэрсытэту, чым насамрэч выкліканае спыненьне кантракту з аўтарытэтнай дасьледчыцай беларускай культуры і гісторыі. У прыёмнай рэктара, прафэсара Леанарда Этэля, сказалі, што цяпер той у ад’езьдзе. Пры гэтым пацьвердзілі, што пэрсанальнымі справамі кантрактнікаў займаецца асабіста рэктар, і паабяцалі арганізаваць тэлефонную размову заўтра ці пасьлязаўтра. Тым часам калегі Глагоўскай пачалі зьбіраць подпісы за вяртаньне незаслужана, на іх думку, звольненай дасьледчыцы і прапагандысткі беларушчыны. Сама спадарыня Глагоўская лічыць, што матывацыя тут простая: калі такім чынам абыходзяцца з аўтарытэтамі, то для іншых «недахоп фінансаваньня» знайсьці яшчэ прасьцей:

Людзі падпісваліся актыўна, але, як мне сказалі сябры, пачаўся прэсінг, каб не падпісваліся ці прыбралі свае подпісы, бо ў такім выпадку іх чакае тое ж самае

«Цяпер Рада факультэту зьбірае подпісы да рэктара ў гэтай справе, каб мяне вярнулі назад. Хоць і сумняюся, што ім чагосьці ўдасца дабіцца, але людзей такое стаўленьне папросту абурыла. Спачатку яны напісалі ліст да дэкана. Той іх высьмеяў, сказаў, што такія прэтэнзіі трэба выказваць не на ягоны адрас, а рэктару. Вось зараз яны і зьвярнуліся да рэктара. Заўтра, па маёй інфармацыі, плянуюць перадаць той ліст рэктару. Людзі падпісваліся актыўна, але, як мне сказалі сябры, пачаўся прэсінг, каб не падпісваліся ці прыбралі свае подпісы, бо ў такім выпадку іх чакае тое ж самае. Іншымі словамі, людзі адчулі, што фактычна кожнага, нават калі той нешта рэальна робіць, можна выкінуць з уласнай ініцыятывы кіраўніцтва. Дарэчы, я сама была вельмі зьдзіўленая, што на дзьвюх папярэдніх Радах факультэту, калі пачалі ўзьнікаць такія размовы, мяне падтрымлівалі людзі, якіх я ня ведала асабіста настолькі, каб сказаць, што гэта мае сябры. Проста людзі зразумелі магчымыя наступствы».

За гады працы на катэдры беларускай культуры Алена Глагоўская напісала сотні навукова-папулярных артыкулаў, адрэдагавала тры дзясяткі кніжак, за ўласныя сродкі арганізавала дзясяткі экспэдыцыяў у рэгіёны Беларусі. Дзякуючы намаганьням доктара Глагоўскай існуе Таварыства беларускай культуры ў Гданьску, там жа ўсталяваны помнік Янку Купалу, а адна з вуліц у Гдыні названая ў гонар Янкі Брыля. Яна аўтар шматлікіх дасьледаваньняў пра выбітных дзеячаў беларускай і польскай культур.

Калі стала зразумела, што лёс спадарыні Глагоўскай фактычна прадвызначаны, Рада беларускай інтэлігенцыі накіравала калектыўны зварот да рэктара Леанарда Этэля з просьбай не рабіць пасьпешлівых крокаў: «Мы заўсёды з удзячнасьцю глядзелі на Польшчу як на краіну, дзе шануюць і падтрымліваюць беларускую культуру і беларускую тоеснасьць, — напісана ў лісьце. — Яшчэ ў савецкія часы, калі ў Беларусі адбываўся працэс вынішчэньня беларускай мовы, гістарычнай памяці, нацыянальна-культурных традыцыяў, у Польшчы працавала Беларускае грамадзка-культурнае таварыства, выдавалася літаратура на беларускай мове, працавалі беларускія школы і ліцэі, катэдры беларусістыкі ў Варшаўскім і Беластоцкім унівэрсытэтах, ладзіліся шматлікія культурныя мерапрыемствы з удзелам беларусаў. Неабходнасьць такой падтрымкі ў сёньняшніх умовах ня меншая, а, бадай, яшчэ большая, чым гэта было ў савецкія часы».

Пад лістом падпісаліся больш за паўсотні дзеячаў культуры, навукі, мастацтва. Аднак, як кажа старшыня рады Ўладзімер Колас, ніякага адказу яны так і не дачакаліся:

Уладзімер Колас

Уладзімер Колас

«Ліст падпісалі больш за 50 чалавек, сярод іх Лявон Баршчэўскі, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў, Алена Макоўская, Леанід Лыч, Радзім Гарэцкі, Валянцін Акудовіч, Уладзімер Арлоў, Юры Хашчавацкі, Алесь Марачкін і многія іншыя, практычна ўся наша творчая інтэлектуальная эліта. На жаль, ні нашы хадайніцтвы, ні яе просьбы не адыгралі ніякай ролі. І гэта вельмі сумна, таму што Алена Глагоўская страчвае працу, а Беластоцкі ўнівэрсытэт, на які мы глядзелі са спадзяваньнем, — такога выкладчыка, такога дасьледчыка, апантанага беларускай справай, які якраз працуе ў галіне кантакту, дыялёгу польскай і беларускай культураў. Справа ў тым, што ўсе мы глядзелі ўвогуле на Беласток як на цэнтар, дзе захоўваецца беларуская культура, не кранутая саветызацыяй, і дзе польская дзяржава спрыяла разьвіцьцю беларушчыны — беларускіх навучальных установаў і цэнтраў культуры. Таму ўсё гэта вельмі і вельмі сумна і не да канца зразумела».

Ускосны наступ на катэдру беларускай культуры пачаўся яшчэ на пачатку году. Шэраг прадметаў, якія былі замацаваныя за спадарыняй Глагоўскай, — «Культура Беларусі», «Журналісцкія тэхнікі», «Антрапалёгія культуры» — на загад кіраўніцтва філялягічнага факультэту былі перададзеныя іншым выкладчыкам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG