Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аршанскай каўбасе знайшлі геном афрыканскай чумы сьвіней


У Расеі ўвялі забарону на беларускую каўбасу — пакуль што толькі вытворчасьці Аршанскага мясакансэрвавага заводу.

Фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) увяла забарону на пастаўкі ў Расею мясной прадукцыі зь Беларусі. Як паведамляе маскоўскае выданьне «Российская газета», забарона пакуль што тычыцца толькі каўбасы ААТ «Аршанскі мясакансервавы камбінат».

У каўбасе гэтага прадпрыемства раней быў знойдзены геном АЧС (афрыканскай чумы сьвіней), гаворыцца ў паведамленьні ведамства:

«У выпадку выяўленьня новых партыяў прадукцыі з генэтычным матэрыялам віруса афрыканскай чумы сьвіней магчымае пашырэньне фармату ахоўных захадаў».

Рэгіянальная ўправа Рассельгаснагляду выявіла партыю варанай каўбасы, заражаную АЧС, на аптовым складзе «Гандлёвы дом Белпрадукт» у Бранскай вобласьці ў рамках плянавага маніторынгу бясьпекі імпартных прадуктаў. Заражаная партыя захоўваецца цяпер у ведамстве, а тым часам інспэктары вэтэрынарнай службы высьвятляюць, якім чынам геном віруса трапіў туды.

У выпадку распаўсюджваньня забароны на ўсю мясную прадукцыю Беларусі расейскі рынак зазнае «даволі адчувальныя наступствы», можа ўзьнікнуць пэўны дэфіцыт прадукцыі, прызнае расейскае выданьне.

Газэта лічыць, што нічога экстраардынарнага ў выяўленьні АЧС на тэрыторыі Беларусі няма. У самой Расеі вірус «гуляе» з 2007 году, АЧС распаўсюджаная ня толькі ў Беларусі, але і ў Літве і Польшчы.

Афрыканская чума сьвіней не ўяўляе пагрозы для чалавека, але вельмі небясьпечная для дзікіх і хатніх сьвіней. Хвароба імкліва распаўсюджваецца сярод жывёл і наносіць сур’ёзную шкоду як сельскай гаспадарцы, так і эканоміцы ў цэлым.

Камэнтар Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі і Аршанскага мясакансэрвавага камбінату чытайце пазьней на нашым сайце.

XS
SM
MD
LG