Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Рыжкоў: Дадатковая гадзіна на мову — як мёртваму прыпарка


Віталь Рыжкоў

Віталь Рыжкоў

Ва ўкраінскім выдавецтве «Крок» нядаўна выйшлі кнігі адразу трох беларускіх аўтараў — Віталя Рыжкова, Міхася Баярына і Макса Шчура.

Выйшлі па-беларуску. А як нашы творцы могуць падтрымаць Украіну? І ці ўратуе беларускую мову дадатковая гадзіна ў школьных праграмах?

Госьцем перадачы — паэт і перакладчык Віталь Рыжкоў.

— Віталь, неўзабаве вы прэзэнтуеуе сваю «ўкраінскую» кнігу ў Віцебску. Наколькі вам патрэбныя публічныя выступы? Ці гэтага вымагаюць ад вас выдаўцы — дзеля распаўсюду кнігі?

— Выступы — гэта абавязак, які мае свае плюсы, але ў сваёй сутнасьці мне ня дужа прыемны. Усе адзначаюць, што на выступах я замкнёны, як мая кніга («Дзьверы, замкнёныя на ключы» — Рэд.), што ў мяне рукі ў кішэнях, што я ўвесь час перад публікай закрываюся. Калі кніжка прадаецца — гэта добра, але гэты факт яшчэ ня робіць цябе паэтам. Паэтам робяць — жыцьцё, лёс, шлях. Паэт — гэта міт, легенда, існаваньне гэтай легенды, самастойнае жыцьцё тэксту.

— «Замкнёны, рукі ў кішэнях» — гэта неяк ня вяжацца з тым, што вы неаднаразовы пераможца слэмаў. Што павінна адбыцца, каб беларускі паэт прыехаў, скажам, у Ужгарад, на слэм-фэстываль «Березневі коти» і заняў там першае месца? Запіхнуўшы рукі ў кішэні не пераможаш.

— Пераможаш, і я гэта даказаў. «Березневі коти» — не зусім звычайны слэм. Там трэба было за сем хвілінаў з выпадковых словаў скласьці штосьці максымальна падобнае на паэзію. І ў мяне гэта атрымалася. Паверце, дзеля таго, каб перамагчы на слэме, неабавязкова скакаць, размахваць рукамі і быць таленавітым акторам. Мае тэксты вельмі часта нагадваюць імправізацыі. Нават калі яны закончаныя, тры-чатыры разы перапісаныя. Я заўжды стараюся, каб быў момант няправільнасьці, тэматычны пераскок, рытмічны саскок. Магчыма, якраз гэта і спадабалася журы. Увогуле, кожнаму беларусу ва Ўкраіне дапамагае наша ўзаемная любоў, дапамагае пэўная падобнасьць моваў, падобнасьць у паэтыках галоўных паэтаў. І такі яшчэ момант ня трэба забываць — сьвежы твар. Сваіх паэтаў украінцы бачаць часьцей.

— Украінцы ў складаны для іх час знаходзяць магчымасьць выдаваць беларускую паэзію. А чым беларускія творцы могуць дапамагчы сваім паўднёвым суседзям? Калі вы перакладаеце, прыкладам, харкаўскага паэта Сяргея Жадана, у вас ёсьць адчуваньне, што вы дапамагаеце Ўкраіне?

— Паэзія — гэта паэзія, а вайна — гэта вайна. Я перакладаў з украінскай ня толькі Жадана, яшчэ і Андрэя Лазуткіна, і Паўла Карабчука. Для мяне асноўны матыў перакладу — белая зайздрасьць да тэкстаў на іншай

Самае меншае, што мы можам зрабіць, — прымаць уцекачоў з Украіны

мове. Якія, можа, і не патрабуюць перакладаў на беларускую — дзеля разуменьня, але вельмі ўжо хочацца, каб гэта прагучала і на тваёй мове. Але трэба супастаўныя таленты шукаць, каго ты зможаш адолець, каго зможаш зрабіць паэтам нават большым за сябе. А што тычыцца Ўкраіны, то ёй патрэбная наша салідарнасьць — усеабдымная, усеаб’ёмная. Самае меншае, што мы можам зрабіць, — прымаць уцекачоў з Украіны. Літаратура, на жаль, нічым дапамагчы ня можа, хіба толькі яшчэ раз нагадаць, але функцыя нагадваньня не для літаратуры.

— Добра, вы прынялі кагосьці з Данеччыны. А яны вам — пра «фашысцкую хунту» ў Кіеве... Вы ўсё роўна будзеце прымаць такіх уцекачоў?

— Дапамога патрэбная людзям незалежна ад палітычных перакананьняў. Незалежна ад таго, ахвярамі чыёй прапаганды яны зрабіліся, бо перакосы ёсьць і там, і там. Прымаць людзей усё адно трэба — калі яны просяць пра дапамогу.

— Каго вы можаце назваць сваімі настаўнікамі ў літаратуры?

— Ад кожнага пачаткоўца, мне здаецца, патрабуюцца дзьве простыя рэчы, як ад першаклясьніка, — шмат чытаць і шмат пісаць. Я назаву толькі адно імя. Дзякуючы творчасьці гэтага чалавека я ўвогуле ўсур’ёз заняўся пісаньнем па-беларуску. Для мяне, пятнаццацігадовага, сустрэча зь яго паэзіяй была проста выбухам атамнай бомбы. Я маю на ўвазе Алеся Сьцяпанавіча Разанава.

— Украінскае выдавецтва «Крок» выдае беларускую паэзію. Выдае па-беларуску. Навошта гэта яму?

— На гэтае пытаньне лепей адказаў бы сам выдавец Юры Завадзкі. Тут я разам з вамі зьдзіўляюся, але яшчэ і цешуся, што ўсё ж беларускія паэты спатрэбіліся, што ўзьнікла такая ініцыятыва. Гэта проста цудоўна. Я ведаю, што выдаўцу дапамагаў ажыцьцявіць гэты праект беларускі паэт Сяргей Прылуцкі, які жыве ва Ўкраіне і дбае пра тое, каб беларускія кнігі траплялі да ўкраінскага чытача, а ўкраінскія — да чытача беларускага.

— Нядаўна госьцем «Вольнай студыі» быў Ніл Гілевіч. Гаворачы пра сваю перакладчыцкую дзейнасьць, ён пашкадаваў, што перакладаў прозу — баўгарскія раманы і аповесьці. А вам не давядзецца шкадаваць, што пераклалі з расейскай на беларускую раман «Сфагнум» Віктара Марціновіча?

— Думаю, не давядзецца. Па-першае, для мяне гэта быў яшчэ адзін спосаб падцягнуць мову, каб не размаўляць калькамі з расейскай. Ніколі няма мяжы дасканаласьці. Гэта быў цікавы досьвед. Па-другое, «Сфагнум» — ня самая горшая кніга, а Марціновіч — ня самы горшы пісьменьнік. Наадварот, адзін з найпапулярнейшых на сёньня, і ягоны новы раман — «Мова» — ужо напісаны па-беларуску, добра цяпер прадаецца. Па-трэцяе, я перакладаў ня толькі Віктара Марціновіча, але і Эдгара По. Ня думаю, што мне давядзецца шкадаваць пра гэта.

— Па маіх назіраньнях, беларускія школьнікі пачынаюць успрымаць родную мову як замежную. Якое ваша стаўленьне да нядаўняй заявы Лукашэнкі пра дадатковую гадзіну мовы ў школьных праграмах?

— Нэгатыву гэтая заява ў мяне ня выклікала. Але і асаблівай радасьці — таксама. Адна дадатковая гадзіна на мову — як мёртваму прыпарка.

Беларуская мова як замежная — гэта ганьба

Прашу прабачэньня, што ўжыў поруч словы «мова» і «мёртвая». Стан з мовай кепскі, але невядома, як зрэагуюць на месцах на гэтую заяву, ці дасьць гэта плён. Можа быць, з нашымі вечнымі перагінамі гэтым разам атрымаецца і штосьці добрае. Шанцы ёсьць. Самае важнае ў гэтай заяве тое, што агучаная праблема. Я не міністар адукацыі, я не дасьледаваў гэтую праблему, але яна існуе. Калі ў нас заканадаўча вызначанае дзьвюхмоўе, то хацелася б раўнапраўя ня толькі на паперы. Беларуская мова як замежная — гэта ганьба.

— У вас тэхнічная адукацыя. Калі б вам, як Тарасу Шаўчэнку, катэгарычна забаранілі пісаць вершы, што б вы хацелі стварыць як тэхнік-інжынэр?

— Думаю, краіне пашанцавала, што я не працую па атрыманай спэцыяльнасьці. Няма ў мяне ўпэўненасьці, што я добры спэцыяліст. Што да тэхнікі... Вось трактар «Беларус» з 1974 году быў мадэрнізаваны толькі аднойчы. Вядома, гэта яго недахоп. Мы ведаем, што нашыя трактары стаяць на заводзкіх пляцоўках, і іх вельмі цяжка прадаваць ня ў постсавецкія краіны. І беларускія амбасадары абавязаныя прадаць хоць па адным трактары ў тых краінах, дзе яны працуюць, а яны ўвесь час «саскокваюць» з гэтага пачэснага абавязку. Нашым трактарабудаўнікам трэба глядзець, у якім кірунку пакрочыла прамысловасьць, і рабіць нешта адпаведнае па якасьці.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG