Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ва Ўкраіне спынілася больш за палову шахтаў


Шахта Прывільнянская ў Луганскай вобласьці.

Шахта Прывільнянская ў Луганскай вобласьці.

На Данбасе не працуе больш за 80 вугальных шахт. Зь іх сем ужо затопленыя і яшчэ дзесяць затапляюць.

Паводле дадзеных Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Украіны, на падкантрольных сэпаратыстам тэрыторыях здабыты вугаль назапашваюць, але не могуць транспартаваць нават на цеплаэлектрастанцыі, разьмешчаныя непадалёк.

У Данецкай і Луганскай абласьцях у выніку баявых дзеяньняў зьнішчана больш за 40 працэнтаў прамысловага патэнцыялу, заявіў падчас паездкі ў Львоўскую вобласьць прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. У цяжкае становішча патрапіла, у прыватнасьці, вугальная галіна. Капальні затапляюць з-за небясьпекі выбухаў, выкліканай абясточваньнем.

За верасень Украіна здабыла ўдвая менш вугалю, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году, паведамляе УНІАН са спасылкай на прафсаюз работнікаў вугальнай прамысловасьці.

З 136 ўкраінскіх вугальных шахт на сёньня дзейнічае каля паўсотні, зь іх 10 — у Днепрапятроўскай вобласьці і 10 у Львоўска-Валынскім басэйне, аднак асноўнае паліва для цеплаэлектрастанцый, якія працуюць на вугалі — антрацыт — здабываюць на Данбасе, адзначае старшыня Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Міхаіл Валынец.

53 шахты разьмешчаны на тэрыторыях, падкантрольных сэпаратыстам. Пра гэта заявіў першы намесьнік міністра энэргетыкі Ўкраіны Юрый Зюкаў, паведамляе прэс-служба ведамства. Паводле яго слоў, амаль дзевяноста тысяч гарнякоў могуць застацца без працы, таму што Украіна гатовая аплачваць толькі той вугаль, які адгружаецца і выкарыстоўваецца на патрэбы ўкраінскай энэргетыкі.

Яшчэ да баявых дзеяньняў прыкладна траціна вугальных шахт рэгіёну былі стратнымі. На гэты год украінская дзяржава плянавала для іх частковую кампэнсацыю прыкладна на мільярд даляраў, кажа дырэктар аналітычнага дэпартамэнту адной з інвэстыцыйных кампаній Concorde Capital Аляксандр Парашчы. Паводле яго, у такіх шахтах працуе да 180 тысяч шахцёраў.

Крызыс на Усходзе — гэта шанец скараціць вугальную прамысловасьць, у якой зьмяншаецца патрэба ў XXI стагодзьдзі, і «падняць шахцёраў з зямлі», даўшы ім іншую працу, напрыклад, задзейнічаць іх і аднаўленьні рэгіёну, кажа старшыня Камітэту эканамістаў Украіны Андрэй Новак. Украіне ж, на яго думку, трэба распрацоўваць доўгатэрміновую стратэгію.

«Калі казаць пра найбольш хуткую альтэрнатыву, напрыклад, з наступнага году, то гэта атамная энэргетыку, няма ў нас іншай альтэрнатывы пакуль. Ну, і значна больш павольна, але гэтак жа эфэктыўна, гэта — аднаўляльныя крыніцы энэргіі, але гэта, зноў жа, пытаньне стратэгіі », - кажа эканаміст.

Раней ва ўрадзе казалі пра намер нарошчваць здабычу ў шахтах на Львоўшчыне і Валыні і частковы пераход ЦЭЦ з газу на мазут і імпартны вугаль.

XS
SM
MD
LG