Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дом Паўлава» данецкага аэрапорта



Валянтэр Раман Донік пра абарону старога тэрмінала аэрапорта ў Данецку.

«У 05:10 была першая атака з танкамі і стралковай зброяй. Пяхота пайшла пры падтрымцы танкаў, як заўсёды. Другая атака была ў 09:50. Танкі выйшлі на агнявыя пазыцыі і пачалі біць прамой наводкай па тэрміналах», — так кіраўнік прэс-цэнтра АТА Ўладзіслаў Селязьнёў апісаў падзеі раніцы 5 кастрычніка, на працягу якой тэрарысты два разы штурмавалі аэрапорт Данецка і 40 разоў стралялі па сілах АТА.

З усходу Ўкраіны працягваюць штодня паступаць паведамленьні пра баі і абстрэлы, нягледзячы на абвешчаны рэжым спыненьня агню паміж украінскімі сіламі і сэпаратыстамі. Данецкі аэрапорт, які кантралююць ўкраінскія вайскоўцы, — гэта адно з тых месцаў баёў, якія згадваюцца найбольш часта.

Сэпаратысты падчас боя за аэрапорт

Сэпаратысты падчас боя за аэрапорт



Харкаўскі прадпрымальнік Раман Донік, стварыў валянтэрскую групу і зьбірае сродкі на дапамогу ўкраінскім падразьдзяленьням. Ён бываў у аэрапорце і параўноўвае баі за будынак старога тэрмінала з баямі за «Дом Паўлава» пры абароне Сталінграда падчас Другой сусьветнай вайны:


— Гэта былы будынак старога тэрмінала. Кажуць — аэрапорт. Аэрапорт — гэта велізарная тэрыторыя, узьлётная паласа, прылеглыя службы, прылеглыя тэрыторыі, гатэлі. Цяпер украінскія ўлады, у тым ліку «Правы сэктар», кантралююць гатэлі каля гаражоў і стары тэрмінал. Усё астатняе пад кантролем або прастрэльваецца тэрарыстамі.

— Амаль штодня паступаюць паведамленьні пра перастрэлкі ў раёне аэрапорта Данецка. Гэта азначае, што ў вайскоўцаў, якія там знаходзяцца, няма ніякага адчуваньня перамір’я?

— Не адчуваньня няма, а перамір’я няма. У прынцыпе з раніцы да вечара там працуе артылерыя, «Грады» працуюць менавіта пад тэрміналам. Артылерыя спыняе стральбу на той час, калі пачынаюцца атакі пяхоты або бронетэхнікі, калі падыходзіць пяхота. Гэта значыць, што ў прынцыпе абстрэлы практычна пастаянныя, ні пра якое перамір’е гаворкі ня можа ісьці. Гэта значыць, зьмяняюцца толькі варыянты, ці гэта ствольная артылерыя, ці гэта ўстаноўкі рэактыўнага агню, ці проста танкі едуць, самаходная зброя. Але, па вялікім рахунку, не было дня, калі б не стралялі.



— Наколькі гэта блізкі бой?

— Стралковая зброя, пэрыядычна робяцца вылазкі, напады, пяхота, танкі пад’яжджаюць. Нават зафіксаваны быў рукапашны бой, ужо тэрарысты заходзілі на тэрыторыю, былі выбітыя. Будынак сам па сабе амаль зьнішчаны, няма перакрыцьцяў. Раней ад артылерыйскага агню ён ратаваў, гэта былі сьцены, гэта былі столі, гэта былі падвальныя камунікацыі. Усе расказваюць, што гэта цэлыя катакомбы, як пад Адэсай, але гэта крыху перабольшана. Ёсьць калектары, ёсьць нейкія каналізацыйныя камунікацыі, але назваць гэта катакомбамі ў прынцыпе нельга. Цяпер няма даху па сутнасьці, нейкія аркі, нейкія перакрыцьці, нейкія нішы. Зноў жа ў падвале ніхто ня будзе сядзець або ў нейкіх шчылінах. Калі казаць пра абарону, то гэта як «Дом Паўлава» ў Другую сусьветную вайну ў Сталінградзе — нешта падобнае адбываецца з гэтым тэрміналам. Трэба разумець, што аэрадром — гэта ня лапік зямлі, вакол якога акапаліся і ўсё. Ёсьць будынак, які абараняюць.

— Вы там бывалі, ёсьць адчуваньне ў людзей, якія там знаходзяцца, нейкай асаблівай значнасьці абароны гэтага будынка?

— Трэба разумець, што данецкі аэрапорт на працягу амаль 6 месяцаў кантралюецца ўзброенымі сіламі Ўкраіны. Калі яшчэ не было вайны, калі толькі былі захопы будынкаў, установаў, ён ужо кантраляваўся. І з тых часоў бесьперапынку былі намеры яго захапіць. Безумоўна, тыя людзі, якія там былі, якія паўгода там прасядзелі, — для іх гэта культ. Па сутнасьці, для ўсёй Украіны гэта ня проста будынак, які стаіць на лётным полі, гэта крыху, можа быць, палітычнае, можа быць, культавае штосьці. То бок, гэта прыклад гераізму, мужнасьці, таму што ў прынцыпе ўся Ўкраіна сочыць за гэтым будынкам. Некаторыя людзі кажуць пра тое, што яго трэба пакінуць. Але тыя людзі, якія там, — я дакладна ведаю настроі людзей, спэцназу, які выходзіў на ратацыю, — яны настроены на тое, што яны вернуцца туды. У вайскоўцаў няма паняцьця такога — трэба, ня трэба, прыгожа, непрыгожа, каму гэта трэба, навошта гэта трэба. Ёсьць загад — яны яго выконваюць. Мы спадзяемся, што тыя людзі, якія аддаюць гэты загад, ведаюць больш за нас. За гэты час вельмі шмат людзей паранена, вельмі шмат загінулых, спадзяемся, што ўсе гэтыя ахвяры ня марныя. Я ўпэўнены, што абарона аэрапорта ўвойдзе ў любыя найноўшыя падручнікі. Сапраўды гэта гераізм і гэта кожны дзень.

— Цяжка туды дастаўляць штосьці?

— Мы валянтэры, нельга сказаць, што мы займаемся забесьпячэньнем. Забесьпячэньнем займаюцца падразьдзяленьні вайскоўцаў, рэгулярныя часткі. Проста мы, калі зьяўляецца магчымасьць, стараемся туды заехаць, падбадзёрыць хлопцаў, перадаць штосьці. Гэта ня поўнае акружэньне, калі глядзець, як літара «П», праход туды ёсьць, але адрэзак дарогі прастрэльваецца. Выбіраюцца моманты, калі не абстрэльвае артылерыя, калі не абстрэльваюць мінамёты.

XS
SM
MD
LG