Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Коўне ў рамках 4-га Кангрэсу дасьледнікаў Беларусі адбылася прэзэнтацыя новай кнігі «Бібліятэкі Свабоды» — зборніку блогаў Юрыя Дракахруста «Сем худых гадоў».

«Сем худых гадоў» — 48-я кніга, якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе». Яе прэзэнтацыя адбылася вечарам перадапошняга дня працы Кангрэсу. Сам аўтар на Кангрэс прыехаць ня змог, і кнігу ад яго імя прадстаўлялі калегі палітычны аналітык Валер Карбалевіч і стыльрэдактар і карэктар кнігі Сяргей Шупа.

У кнігу ўвайшлі 63 блогі, якія публікаваліся на сайце svaboda.org ад 2008 да 2014 году. Гэта і хроніка бягучых падзеяў, на якія аўтар апэратыўна адгукаўся, але адначасна і спроба разгадаць загадкі беларускай будзённасьці, вызначыць сэнсы таго, што адбываецца, прадбачыць трэнды пераменаў.

Глядзіце таксама:

Без варажбы*. Прадмова Аляксандра Лукашука да кнігі «Сем худых гадоў»

Адметнасьцю гэтага зборніка аналітычных тэкстаў ёсьць тое, што ў кнізе робіцца спроба вэрыфікацыі прагнозаў і прадказаньняў, зробленых аўтарам. Да большасьці тэкстаў далучаныя камэнтары наведнікаў сайту — пераважна крытычныя. Кожны тэкст завяршаецца кароткім падсумаваньнем-постскрыптумам самога Юрыя Дракахруста, дзе ён з вышыні досьведу сёньняшняга дня аглядае далейшае разьвіцьцё падзеяў, апісаных у блогах, і ацэньвае свае «прарочыя» здольнасьці — прызнае свае памылкі і рацыю сваіх апанэнтаў, або пацьвярджае сваю рацыю. Як падлічыў у прадмове да кнігі дырэктар «Радыё Свабода» Аляксандар Лукашук, аўтар меў рацыю 21 раз, 8 разоў — ягоныя апанэнты, а 34 выпадках вынік яшчэ не вядомы або невядома, што лічыць вынікам.

Сваімі думкамі пра блогі Юрыя Дракахруста, якія ўвайшлі ў новую кнігу, дзеляцца ўдзельнікі Кангрэсу.

Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч: “Мне тым цікавей гэтую кніжку гартаць і чытаць таму, што мы зь Юрыем часта на тыя самыя рэчы глядзім вельмі па-рознаму і нават счапляемся ў спрэчках. Маючы пэўную еднасьць у поглядах, пэрспэктывах, мы вельмі па-рознаму ацэньваем нейкія канкрэтныя падзеі, крокі ўладаў або апазыцыі. І заўсёды погляд Юрыя Дракахруста мне вельмі цікавы - ён чапляе, Юра ўмее вельмі глыбока закранаць праблемы, часта нават нечакана нават для тых, хто ўжо сам глыбока капае ў аналітыцы. Таму я думаю, што кніжка, хоць яна і складзеная з тэкстаў, якія ўжо публікаваліся на сайце “Радыё Свабода” - тым ня менш пазнаёміцца зь ёю, пагартаць, паспрачацца з аўтарам - нават завочна - будзе вельмі карысна”.

Філёзаф Ігар Бабкоў: “Ужываючы рызыкоўную мэтафару, можна было б сказаць, што ягоныя тэксты заўсёды на мяжы матэматыкі і паэзіі. З аднаго боку - абсалютная выверанасьць і лёгіка, з другога - ён нудзіцца “залатой сярэдзінай”, сацыяльнымі і палітычнымі банальнасьцямі і спрабуе правесьці самога сябе і сваіх чытачоў у прадоньне самастойнай думкі”.

Філёзаф Валянцін Акудовіч: ”Для мяне Юры Дракахруст - адзін з самых яркіх сучасных беларускіх інтэлектуалаў. Я ў сваім жыцьці ніводнага ягонага тэксту не прапускаю - любы Юраў тэкст, які мне трапляецца на вочы, я адразу прачытваю. Гэта - найвышэйшая мера ацэнкі таленту. Мне столькі даводзіцца чытаць, што я ўжо даўно шмат чаго, што можна не чытаць - не чытаю. А Дракахруста я чытаю заўсёды”.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Сяргей Шупа

Сяргей Шупа

На прэзэнтацыі: Яўген Мірановіч, Алег Латышонак

На прэзэнтацыі: Яўген Мірановіч, Алег Латышонак

На прэзэнтацыі: Натальля Васілевіч, а. Аляксандар Шрамко

На прэзэнтацыі: Натальля Васілевіч, а. Аляксандар Шрамко

На прэзэнтацыі

На прэзэнтацыі

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG