Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская барахолка: Попыт на беларускія кнігі расьце


Ці прадаюцца на беларускіх барахолках, аналягах эўрапейскіх гэтак званых блышыных рынкаў, кнігі? Ці шмат сярод іх выданьняў на беларускай мове і якая на іх цана? Ці ёсьць на іх попыт? Беларуская Свабода наведала барахолку ў Магілёве. На мясцовым блышыным рынку беларускія кнігі адшукаць можна. Нават рэдкія.

На магілёўскай барахолцы выстаўляюць на продаж свой някідкі тавар у асноўным пэнсіянэры. Яны прадаюць тое, што для іх стала непатрэбным, Некаторыя прапануюць пакупнікам кнігі рознай тэматыкі, няновыя і недарагія. Гандляры прызнаюцца, што попыт на кніжны тавар ня надта вялікі.

«Ня той у нас асартымэнт», — тлумачыць адна з гандлярак. Цяпер, кажа, запатрабаваныя раманы сучасных расейскіх аўтараў, а ў нас — кнігі старыя.

«Іх, калі хто і купляе, то аматары такога ўзросту, як я, але цяпер рэдка бывае, каб і яны бралі. Моладзь жа нават і не глядзіць на кнігі цяпер, — апавядае пра гандаль кнігамі пэнсіянэрка. — Якія кнігі ў мяне дома, такія і прадаю пакрысе, бо мне яны больш не патрэбныя».

На пытаньне, ці вялікая дома бібліятэка, гандлярка сумна ўсьміхнулася: «Я ўжо амаль усё прадала, бо даўно тут гандлюю».

Карэспандэнт: «Дык значыць, купляюць кнігі ў вас?»

Жанчына: «Дык раней мы кніжкі куплялі за трыццаць, пяцьдзясят рублёў, а цяпер прадаём за пяць тысяч».

Карэспандэнт: «Ці даводзілася прадаваць кнігі на беларускай мове?»

Жанчына: «Так, толькі падручнікі і творы, якія выкладаюць па школьнай праграме, і ўсё».

У яшчэ аднаго гандляра сталага веку на разасланай цыраце выкладзены на продаж вялікі кнігазбор.

Карэспандэнт: «Ці ёсьць кнігі на беларускай мове, і які попыт на іх?»

Гандляр: «Вось Ніл Гілевіч у двух тамах. Дзевяцітомнік Караткевіча ўжо лічыцца бібліяграфічнай рэдкасьцю. Яго не знайсьці. Прычым менавіта на беларускай мове. Цяпер дужа шмат людзей павярнулася да беларускай літаратуры. І попыт рэзка ўзрос на яе. Асабліва на беларускіх аўтараў, якія выдаваліся ў пяцідзясятыя, шасьцідзясятыя гады. Вы ж памятаеце, „Цаліну“ Брэжнева друкавалі мільённымі накладамі, а Рыгору Барадуліну давалі пяць, дзесяць тысяч».

Гандляр прызнаецца, што добра зарабіць на барахолцы продажам кніг нельга.

Карэспандэнт: «А колькі каштуюць беларускія кніжкі?»

Гандляр: «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Ігнатоўскага прадаю за дзесяць тысяч. Двухтомнік Ніла Гілевіча за пятнаццаць! „Чорны замак Альшанскі“ Караткевіча — гэта дужа добрая кніга. У ёй два раманы. Яшчэ „Дзікае паляваньне караля Стаха“. Вось гэтая кніжка каштуе дваццаць тысяч. Бо і на расейскай мове, і «забойныя» творы. А калі б у мяне быў яшчэ „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“ — гэта быў бы ўжо сапраўдны рарытэт.

Дваццаць тысяч рублёў — гэта верхняя цана для кнігі наагул. У нас тут няма кніг па пяцьдзясят, восемдзесят ці сто тысяч рублёў, як у краме. У нас крайняя лічба — гэта дваццаць. Можна купіць і за пяць тысяч, і за дзесяць. Калі мы будзем трымаць высокія цэны, то зь якіх пяцідзесяці кніг прададзім толькі адну. Нам жа трэба прадаць як мага больш. Мы вымушаныя аддаваць танна, каб людзі куплялі».

Усе гандляры кнігамі на барахолцы цьвердзяць, што найбольш хадавы тавар у іх — гэта зборнікі твораў, якія праходзяць па школьнай праграме. Людзі на гэтых зборніках ашчаджаюць немалую капейчыну, бо ў крамах яны намнога даражэйшыя. Па кнігі на барахолку ў пошуках рэдкіх экзэмпляраў прыходзяць і калекцыянэры. Гандляры кнігамі кажуць, што некаторыя зь іх сваё знаходзяць.

XS
SM
MD
LG