Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць аб беларускай мове дэпутаты, якія адказваюць за яе разьвіцьцё?


У беларусім парлямэнце існуе 14 пастаянных камісій, якія працуюць па розных кірунках законатворчай дзейнасьці. Калі праца сапраўды вядзецца, такі падзел здаецца лягічным і прадукцыйным. Адной з такіх камісій зьяўляецца Пастаянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы.

Яна складаецца зь 10 дэпутатаў, і ў яе кампэтэнцыю ўваходзіць заканадаўства аб адукацыі, дзяржаўных мовах, культуры і мастацтве, творчых саюзах, архіўнай справе і іншыя кірункі. Карацей, у ёй знаходзяцца людзі, якія адказваюць за сёньняшні стан беларускай адукацыі і мовы. А стан самі ведаеце які. Што думаюць аб разьвіцьці мовы дэпутаты, якія і павінны распрацоўвацць акты, якія дазволілі б стварыць у Беларусі сапраўднае раўнапраўе дзьвюх дзяржаўных моваў і каб статус беларускай мовы адпавядаў яе нацыяўтваральнаму месцу ў беларускай гісторыі?

Я зьвярнуўся да ўсіх дзесяці дэпутатаў камісіі, але ня проста зьвярнуўся, але і даслаў ім распрацаваныя прапановы ў закон «Аб мовах». Карацей, зрабіў за дэпутатаў іх працу — засталося толькі на разгляд парлямэнту ўнесьці, і справа зроблена. Што ж адказалі дэпутаты?

Адказалі ня ўсе. Відаць, сказаць не было чаго, ці доўга думаюць над адказам. А тыя, што адказалі, адказамі не парадавалі.

Старшыня

Як кажуць вайскоўцы, асноўны вагонь узяў на сябе дацэнт Генадзь Пальчык, дэпутат ад Ясенінскай выбарчай акругі № 100, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы — ён адказаў ад свайго імя і яшчэ тры разы ад імя Пастаяннай камісіі.

Генадзь Пальчык. Фота Kraj.by

Генадзь Пальчык. Фота Kraj.by

Як кажуць у народзе, за сябе і за таго хлопца, а ў нашым выпадку, відаць, за тых дэпутатаў камісіі, якія мой зварот праігнаравалі. У сваіх адказах ён паведамляў наступнае:

«Па даручэньні Старшыні Палаты прадстаўнікоў у Пастаяннай камісіі разгледжаны Ваш ліст, у якім выказана прапанова аб унясеньні зьмяненьняў у дзейны Закон „Аб мовах“.Дзейнае заканадаўства не абмяжоўвае права грамадзян карыстацца той ці іншай дзяржаўнай мовай. Выкладзеныя ў Вашым лісце прапановы прывядуць да значнага павелічэньня аб’ёму дакумэнтаабароту і ўскладненьня парадку выкарыстаньня дзяржаўных моў, што, на наш погляд, зьяўляецца немэтазгодным».

Дзесьці я ўжо чуў такі адказ? Ну сапраўды! Гэта ж зноў узьдзеянне калектыўнага розуму парлямэнту, ад уплыву якога не абаронены нават старшыня камісіі, доктар пэдагагічных навук і кандыдат фізіка-матэматычных. У розных Фінляндыях, Швайцарыях і Канадах прапанаваныя мной зьмены не выклікаюць «ускладненьня парадку выкарыстаньня дзяржаўных моваў», а вось Беларусь такая выключная краіна — усё тут і ускладняецца, і павялічваецца і яшчэ няведама што. Так можна дайсьці да выказваньняў, што і існаванне Беларусі як незалежнай дзяржавы зьяўляецца немэтазгодным. Ці гэта на «пальчыках» трэба тлумачыць?

Намесьнікі

Але, магчыма, намесьнікі старшыні падтрымаюць беларускую мову? Іх, дарэчы, цэлых чатыры, пры тым, што склад камісіі — 10 чалавек. Адным словам, 5 зь 10 — кіраўнікі. Дэбюракратызацыя ў дзеяньні.

Марат Жылінскі

Марат Жылінскі

Дэпутат ад Каліноўскай акругі № 108 дацэнт і гісторык Марат Жылінскі і дэпутат ад Ваўкавыскай акругі № 48, настаўнік беларускай мовы Аляксандар Сягоднік выказалі поўную салідарнасьць са сваім старшынём Пальчыкам і адзінагалосна паведамілі, што прапановы на падвышэньні статусу беларускай мовы зьяўляюцца немэтазгоднымі.

Аляксандар Сягоднік

Аляксандар Сягоднік

Тое ж паведаміла яшчэ адна намесьніца камісіі, таксама дэпутат і гісторык Таіса Данілевіч.

Сябры камісіі

Можа быць, хоць звычайныя сябры Камісіі больш патрыятычныя за яе кіраўнікоў?

Натальля Кучынская

Натальля Кучынская

Дэпутат ад Іўеўскай акругі № 53, настаўніца Натальля Кучынская даслала аж два адказы на мае прапановы, але абодва былі не суцяшальнымі: «прапановы прывядуць да значнага павелічэньня аб’ёму дакумэнтаабароту і ўскладненьня парадку выкарыстаньня дзяржаўных моваў». Адзінае, што хоць хапіла сораму не пісаць, што падтрымка беларускай мовы зьяўляецца «немэтазгоднай». І на гэтым дзякуй.

Аналягічны адказ прыйшоў і ад дэпутата Алы Сопікавай, настаўніцы матэматыкі, што нарадзілася на станцыі Салянска Навымаўскага раёна Астраханскай вобласьці.

Астатнія сябры Камісіі пакуль не адказалі, ці за іх Пальчык трымаў адказ. Але, здаецца іх адказы ня будуць адрозьнівацца ад вышэй пералічаных — ня будуць жа яны моцны кулачок пазыцыі камісіі разьбіваць.

Зінаіда Мандроўская

Зінаіда Мандроўская

Цікава, што каб пазбегнуць прамога адказу на пытаньне ўнясеньня зьмен у закон «Аб мовах» некаторыя дэпутаты апэлявалі да Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Дэпутат ад Пінскай акругі № 14 Зінаіда Мандроўская пісала: «Для вырашэньня Вашай прапановы пры разглядзе ліста, я зьвярталася ў Пастаянную камісію па адукацыі, культуры і навуцы».

І дадае: «Лічу ўнясеньне зьменаў у закон „Аб мовах“ немэтазгодным». Ня дзіўна: даведаўшыся пазыцыі сябраў Пастаяннай камісіі, зразумела, што яны Мандроўскай параілі.

Людміла Дабрыніна

Людміла Дабрыніна

Дэпутат ад Аршанскай акругі № 26, што паходзіць з пасёлку Леніна, Людміла Дабрыніна таксама зьвярнулася ў Пастаянную камісію, прычым паведаміла гэта мне ад трэцяй асобы: «Ваш зварот да дэпутата Дабрынінай Л. А. накінараны...» і подпіс «Л. А. Дабрыніна».

Што гэта значыць, ня ведаю, відаць зноў нейкія праявы калектыўнага розуму. І тут ужо афіцыйна за Дабрыніну адкаў Пальчык. Зразумела як.

А дэпутат ад Гарадзенскай-занёманскай акругі № 49 журналіст Алена Берасьнева была наагул ляканічнай: «На ваш зварот накіраваны аргумэнтаваны адказ камісіяй па адкукацыі, культуры і навуцы».

Алена Берасьнева

Алена Берасьнева

Толькі і Мандроўская, і Дабрыніна, і Берасьнева забываюць, ці, магчыма, неяведаюць, што ў адрозьненьне ад сябраў Савету Рэспублікі, якія могуць уносіць законапраекты толькі калектыўна, кожны дэпутат Палаты прадстаўнікоў можа ўносіць законапраекты асабіста, і пры гэтым ён не зьвязаны ў сваім выбары працай у нейкай спэцыфічнай Камісіі. У такім выпадку такія адказы — наўпроставае ўхіленьне па сумнеўнай прычыне ад сваіх абавязкаў перад выбарцамі. Падсумоўваючы, можна казаць аб тым, што чакаць ад Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы законапраектаў, якія накіраваны на падвышэньне статусу беларускай мовы і культуры, не даводзіцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG