Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня — першы дзень працы Чацьвёртага міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі.

Адкрыла кангрэс ад імя аргкамітэту доктар тэалёгіі Ірына Дубянецкая. У камэнтары для Радыё Свабода яна сказала:

«Кангрэс за гэтыя гады стаўся асноўнай акадэмічнай падзеяй у беларускай інтэлектуальна-культурніцкай супольнасьці. Калі пачыўнася ён з гістарычна-сацыялягічна-паліталягічных дысцыплінаў, то паступова да яго далучылася практычна ўся беларуская гуманітарыстыка. І ня толькі традыцыйныя дысцыпліны, якія вывучаюцца ва ўнівэрсытэтах, але і ўсё самае сучаснае, што знаходзіцца на вастрыні цяперашняга мысьленьня».

Ірына Дубянецкая адзначае, што колькасьць удзельнікаў кангрэсу з кожным годам павялічваецца, далучаюцца ўдзельнікі зь іншых краінаў. Паводле слоў Дубянецкай, кангрэс набывае міжнародны аўтарытэт:

«Цягам апошніх гадоў можна ўжо ў розных куточках сьвету, дзе сустракаюцца беларусы ці беларусісты, пачуць: „Сустрэнемся ў Коўне на кангрэсе!“. Коўна ўжо стала пунктам прыцягненьня беларускай думкі».

Дасьледчыца кажа, што на кангрэсе адбываецца «выбудоўваньне сучаснай структуры беларускага мысьленьня»:

Ірына Дубянецкая, архіўнае фота

Ірына Дубянецкая, архіўнае фота

«Адна з галоўных праблемаў у Беларусі — гэта тое, што не выбудоўваецца супольнасьць. Ёсьць шмат розных кірункаў, у якіх працуюць асобныя геніі. І яны зьяўляюцца цэнтрамі свайго невялікага сьвету. Тут усе гэтыя цэнтры раптам аказваюцца множнымі. Мы можам пабачыць цэльную карціну. Мы можам пабачыць, куды мы прыйшлі, дзе мы знаходзімся ў гэтым інтэлектуальным сьвеце. Замест таго, каб проста прыйсьці і распавесьці вынікі сваіх дасьледаваньняў, мы можам выбудоўваць краіну. І гэта абсалютна фантастычная і ўнікальная магчымасьць, якую дае кангрэс, і якая не параўнальная з тым, што ў нас дагэтуль было».

Першыя пленарныя даклады на кангрэсе прачыталі беларускі філёзаф Ігар Бабкоў і ўкраінскі культуроляг Мікола Рабчук.

Чацьвёрты міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі праходзіць 3-5 кастрычніка традыцыйна у Коўне. У ім бяруць удзел адмыслоўцы зь Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы, Чэхіі, Расеі, Нямеччыны, Швэцыі, Вугоршчыны, Вялікабрытаніі, Італіі, Аўстрыі, Кітаю, ЗША, Ізраілю і Казахстану.

Сярод удзельнікаў кангрэсу — мноства вядомых беларускіх экспэртаў у галінах эканомікі, мэдыяў, літаратуры, рэлігіязнаўстава, а таксама літаратараў і журналістаў. Гэта Сяргей Чалы, Аляксандар Чубрык, Аляксей Крывалап, Дзьмітры Карэнка, Валер Карбалевіч, Яўген Прэйгерман, Андрэй Лаўрухін, Андрэй Ягораў, Тацяна Чуліцкая, Валянцін Голубеў, Уладзімер Фёдараў, Захар Шыбека, Алег Латышонак, Мікола Пачкаеў, Ганна Кісьліцына, Ірына Дубянецкая, Аляксандар Надсан, Сяргей Шупа, Зьміцер Саўка, Аксана Бязьлепкіна, Алесь Аркуш, Зьміцер Вішнёў, Віктар Жыбуль, Серж Мінскевіч, Натальля Васілевіч, Валянцін Акудовіч, Максім Жбанкоў, Андрэй Расінскі, Дзьмітры Плакс, Міхал Анемпадыстаў і шэраг іншых.

У рамках кангрэсу пройдзе прэзэнтацыя кнігі аналітыка Радыё Свабода Юрыя Дракахруста «Сем худых гадоў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG